Жыта пасяўное

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Жыта пасяўное
Калосьсе жыта
Клясыфікацыя
ЦарстваРасьліны
АддзелПакрытанасенныя
КлясаАднадольныя
ПарадакМетлюжковакветныя
СямействаМетлюжковыя
РодЖыта
ВідЖыта пасяўное
Бінамінальная намэнклятура
Secale cereale
Secale cereale

Жы́та пасяўно́е (па-лацінску: Secale cereale) — аднагадовая ці двухгадовая травяністая расьліна, від роду жыта; злак, які разводзіцца ў шматлікіх краінах. Жыта блізка зьвязана зь ячменем і пшаніцай, шырока вырошчваецца чалавекам для атрыманьня збожжа і як кармавая культура. Зерне пасяўнога жыта выкарыстоўваецца для вырабу пэўных гатункаў хлеба, піва, віскі, гарэлкі і іншых прадуктаў, таксама часам спажываецца ў ежу як суцэльнае збожжа, прыгатаванае ў выглядзе кашы.

Батанічная характарыстыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасяўное жыта зьяўляецца аднагадовай травяністай расьлінай. Як кармавую культуру вырошчваюць таксама шматгадовае жыта, атрыманае Дзяржавіным пры скрыжаваньні дзікага шматгадовага жыта з жытам пасяўным. Пасяўное жыта ў прыродзе мае дыплоідную форму (2n=14). Аднак, у апошнія дзесяцігодзьдзі сэлекцыянэрамі шляхам падваеньня колькасьці храмасомаў было створана тэтраплоіднае жыта (4x=28), гатункі якога маюць буйное зерне (маса жыта ў колькасьці тысячы зярняткаў дасягае 50—55 грамаў) і трывалую, устойлівую да паляганьня саломінку.

Пасяўное жыта мае добра разьвітую каранёвую сыстэму, якая пранікае ў глебу на глыбіню да 1,5—2 мэтраў і дзякуючы высокай фізыялягічнай актыўнасьці лёгка засвойвае з глебы пажыўныя рэчывы з цяжкарашчынных злучэньняў. Вузел кушчэньня ў жыта фармуецца на трохі меншай глыбіні ад паверхні глебы (1,7—2 см), чым у пшаніцы (2—3 см). Сьцябло гадвае парожнюю саломінку. Яно гнуткае, пакрытае васковым налётам, утварае 5 ці 7 міжвузельляў. Вярхушка апошняга міжвузельля ёсьць апушчанай. Вышыня сьцябла ў залежнасьці ад умоваў вырошчваньня і гатунку вагаецца ад 70 да 180—200 см (у сярэднім 80—100 см). Лісьце шурпатае, пакрытае васковым налётам. Даўжыня ліставай пласьцінкі скаладе 15—30 см, шырыня складае 1,5—2,5 см. У аснове пласьцінкі ўтрымліваецца кароткі язычок і кароткія голыя вушкі.

Колас жыта асьцюкаваты, няскончанага тыпу — на верхавіне стрыжня ня мае канчатковага верхавіннага каласку. Стрыжань коласа пляскаты, апушчаны, членікі апушчаныя. Каласкі ў асноўным зьяўляюцца дзьвюхкветкавымі, рэдка трох- ці чатырохкветкавымі. У коласе зьмяшчаецца 30—40 каласкоў. Каласковыя лускі вузкія, шылаватыя. Зьнешняя кветкавая луска мае расьнічасты кіль, які заканчваецца асьцюком даўжынёй 3—4 см. Асьцюкі прыціснутыя да коласа або разыходзяцца ў бакі. Сярэдняя даўжыня коласа складае 7—14 см. Па форме ён у залежнасьці ад гатунку бывае прызматычным і верацёнападобным. Колас у пасяўнога жыта ў залежнасьці ад гатунку мае розную шчыльнасьць. Па колькасьці каласкоў на 10 см даўжыні каласавога стрыжня адрозьніваюць жыта з вельмі шчыльным коласам — пры наяўнасьці больш за 40 каласкоў на 10 см, жыта з коласам вышэй за сярэднюю шчыльнасьць — 36—39 каласкоў, жыта сярэдняй шчыльнасьці каласкоў — 32—35 і жыта зь няшчыльны коласам, то бок менш за 32 каласкоў.

Зерне жыта адрозьніваецца паводле памеру, форме і афарбоўцы. Даўжыня зерня звычайна складае 5—10 мм, шырыня — 1,5—3,5 мм, таўшчыня — 1,5—3 мм. Маса тысячы зярняткаў у дыплоідным жыце складе 20—35 грамаў, тэтраплоідным жыце — 35—50 грамаў. Форма зерняў зьяўляецца падоўжанай або авальнай з заўважнай папярочнай маршчыністасьцю на паверхні. Па афарбоўцы адрозьніваюць зерне белае, зялёнае, шэрае, жоўтае і цёмна-карычневае.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жыта пасяўноесховішча мультымэдыйных матэрыялаў