Жылінская меская кніга
Жы́лінская ме́ская кні́га (па-славацку: Žilinská mestská kniha) альбо проста Жылінская кніга (славац. Kniha žilinská) — летапіс, пісаны ў 1378—1561 роках у месьце Жыліна па-лацінску, нямецку і на гэтак званай «славацызаванай чэскай мове». Складаецца з 149 старонак, лічыцца найстарэйшым помнікам славацкага пісьменства.
Летапіс складаецца з трох частак. Першая зьмяшчае нямецкамоўны запіс пра наданьне Жыліне Магдэбурскага права ў 1378 року, другая — ягоны пераклад ад 1473 року на г. зв. «славацызаваную чэскую» (чэскую мову са славацкімі граматычнымі і лексічнымі элемэнтамі), якой карысталася тагачаснае славацкае насельніцтва.
Трэцяя частка, найбольшая, складаецца з 117 запісаў на трох мовах, датычных у асноўным гаспадарчых пытаньняў места. Запіс, датаваны 1451 рокам, уважаецца найстарэйшым вядомым славацкамоўным тэкстам.
Хроніка апраўленая ў скуру, мае памеры 22×29 см, захоўваецца ў Дзяржаўным архіве ў Жыліне. У 1988 року была занесеная ў сьпіс нацыянальных культурных помнікаў.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Chaloupecký., Václav Kniha žilinská (славацк.). — Bratislava: Prameny Učené společnosti Šafaříkovy, 1934.
- Jozef Moravčík. Žilinská kniha (славацк.) // Žilinský večerník. — Žilina: 13.01.2004. — В. 3. — С. 17—18. — ISSN 1338-1822.
- Ryšánek, F. Slovník k Žilinskej knize (славацк.). — Bratislava: 1954.