Жанна Бічэўская
Жа́нна Ўладзі́мераўна Бічэ́ўская (па-расейску: Жанна Владимировна Бичевская) — расейская нацыяналістычная сьпявачка, народная артыстка Расеі.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзілася 14 чэрвеня 1944 году ў Маскве. У 1966—1971 вучылася ў дзяржаўнай вучэльні цыркавога і эстраднага мастацтва. Падчас вучобы пачала зьбіраць і запісваць расейскія народныя песьні. Адначасова працавала выкладчыкам па клясе гітары ў Загорскай вячэрняй музычнай школе, затым — салісткай-вакалісткай у эстрадным аркестры. З 1971 па 1973 год — салістка вакальна-інструмэнтальнага ансамбля «Добры молодцы», з 1973 году працавала ў Москанцэрце.
У 1970-я гады ў рэпэртуар сьпявачкі ўвайшлі старажытныя расейскія народныя песьні, якія выконваліся бардаўскім спосабам: працоўныя і абрадавыя песьні вёскі, песьні-жарты, песьні-плачы, гарадзкая песьня, баляда. У 1973 годзе становіцца ляўрэаткай Усерасейскага конкурсу артыстаў эстрады. З гастролямі наведала Фінляндыю, Вугоршчыну, Румынію, Чэхаславаччыну, Югаславію, мноства гарадоў СССР. Пласьцінкі з запісамі народных песень разыходзіліся мільённымі тыражамі у больш за 40 краінах сьвету.
Жанна Бічэўская — адзіная ў сьвеце выканаўца такога кірунку (сама яна яго заве «расейскі кантры-фолк»), якая 8 раз запар з аншлягам зьбірала парыскую залю «Алімпія». На Міжнародным конкурсе артыстаў эстрады ў Познані (Польшча) у 1980 годзе апроч званьня ляўрэата Жанна Бічэўская атрымала званьне «Міс творчая індывідуальнасьць». У 1989 годзе на Міжнародным конкурсе ў Сан-Рэма (Італія) за выбітны ўклад у сусьветнае выканальніцкае мастацтва ёй быў прысвоены тытул «Залатая гітара», якога да яе з жанчын-гітарыстак удастоілася толькі выканаўца ў стыле «кантры», амэрыканка Джоан Баэз.
Рэпэртуар сьпявачкі налічвае некалькі сотняў твораў — песьні духоўнага і грамадзянскага зьместу, расейскія народныя песьні, а таксама песьні на вершы паэтаў «срэбнага веку».
У 1990-я гады на зьмену фальклёру ў творчасьць Жанны Бічэўскай прыйшлі белагвардзейскія (альбомы «Любо, братцы, любо…», «Русская Голгофа»), а затым духоўныя сьпевы — песьні ераманаха Рамана і песьні, напісаныя яе мужам, паэтам і кампазытарам Генадзем Панамаровым («Имени Твоему, Господи», «Песни иеромонаха Романа», «Осень музыканта»). У канцы 1990-х — пачатку 2000-х гадоў выдала некалькі альбомаў песень бардаў (А. Макарэвіча, А. Вярцінскага, Б. Акуджавы і інш.), а таксама шэраг альбомаў патрыятычнай тэматыкі («Мы — русские», «Царь Николай» і інш.).
Жыве і працуе ў Маскве.
Дыскаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Господа офицеры» (па-беларуску: Спадары афіцэры) (1994)
- «Слишком короток век» (па-беларуску: Занадта кароткае стагодзьдзе) (1997)
- «Любо, братцы, любо…» (па-беларуску: Люба, браткі, люба…) (1997)
- «Песни иеромонаха Романа» (па-беларуску: Песьні іераманаха Рамана) (1997)
- «Имени твоему, Господи» (па-беларуску: Імя твайму, Госпадзі) (1998)
- «Осень музыканта» (па-беларуску: Восень музыкі) (1998)
- «Русская голгофа» (па-беларуску: Расейская галгофа) (1998)
- «Старые русские народные, деревенские…» (па-расейску: Старыя расейскія народныя, вясковыя…) (1998)
- «Песни Булата Окуджавы» (па-беларуску: Песьні Булата Акуджавы) (1999)
- «Мы православные»
- «Грозный царь»
- «Царь Николай» (па-беларуску: Цар Мікалай) (1999)
- «Верую» (па-беларуску: Веру) (2000)
- «Мы — русские» (па-беларуску: Мы — расейцы) (2001)
- «Черный ворон» (па-беларуску: Чорны крумкач) (2002)
- «Боже, храни своих» (па-беларуску: Божа, захоўвай сваіх) (2003)
- «К-141» (2004)
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Жанна Бічэўская — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў