Ежы Кукучка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Ежы Кукучка (зьлева) і Анджэй Чок

Ежы Кукучка (па-польску: Jerzy Kukuczka; 24 сакавіка 1948, Катавіцы, Польшча — 24 кастрычніка 1989, Лхоцзэ, Гімалаі) — вядомы польскі альпініст, другім пасьля Райнхольда Мэснэра скарыў усе 14 васьмітысячнікаў плянэты.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ежы Кукучка працаваў шахцёрам і ўпершыню пачаў карыстацца вяроўкай і карабінамі пад зямлёй.

Яго экспэдыцыі сутыкаліся з рознымі цяжкасьцямі: з-за недахопу сродкаў і ахвярадаўцаў. Усё жыцьцё ён быў вымушаны карыстацца пры ўзыходжаньнях на горы, старым і больш таннымі ды не зусім прыдатным рыштункам. Гэта і стала пазьней адной з прычынаў яго сьмерці.

У 1971—1972 і 1977 гадах ён зьдзейсьніў некалькі ўзыходжаньняў у Татрах, у 1972—1973 гадах у Даламітах, у 1973 — у Альпах (пачынаючы з Паўночнай сьцяны Пці Дру і да зімовага пераходу Гран Жорас), у 1974 — на Мак-Кінлі на Алясцы, у 1976 і 1978 гадах — на Гіндукуш.

4 кастрычніка 1979 году ён узьняўся на вяршыню свайго першага васьмітысячніка Лхоцзэ ў Гімалаях.

19 траўня 1980 году Кукучка і Анджэй Чок падняліся на Эвэрэст па новым маршруце па Паўднёвым контрфорсе. Гэта ўзыходжаньне стала адзіным, падчас якога Кукучка карыстаўся кіслародам.

У 1981 годзе Кукучка зьдзейсьніў 2 першапраходжаньні на Макалу: праз Макалу Ла і па Паўночна-Заходняй рабру. У 1982 годзе Кукучка і Куртука падняліся клясычна на Броўд-Пік. У 1983 годзе Кукучка і Куртука зрабілі 2 першапраходжаньні на Гашэрбрум I і Гашэрбрум II у альпійскім стылі.

У 1984 годзе Кукучка і Куртука прайшлі травэрс 3ь вяршыняў горнага масыву Броўд-Пік. 21 студзеня 1985 году Кукучка і Анджэй Чок падняліся на Дхаўлагіры.

15 лютага 1985 году Бэрбэка і Паўлікоўскі зьдзейсьнілі першапраходжаньне на Чо-Айю па Паўднёва-ўсходняй контрфорсе, які стаў першым зімовым першапраходам на васьмітысячнік. Кукучка быў лідэрам экспэдыцыі і сам узьняўся на вяршыню на наступны дзень.

Улетку 1985 году з камандай зьдзейсьніў першапраход па Паўднёва-ўсходнім грэбені Нанга Парбат. 11 студзеня 1986 году Кукучка ў пары з Кшыштафам Веліцкім узьняўся на Канчэнджангу па клясычным маршруце.

У 1986 году Кукучка і Піятроўскі прайшлі маршрут па Паўднёвай сьцяне К2. На спуску зь вяршыні па рабру Абруцкага Піятроўскі сарваўся і загінуў. 10 лістапада 1986 году з напарнікам прайшоў маршрут па Паўночна-ўсходняй сьцяне Манаслу — зноў першапраходжаньне. 3 лютага 1987 году падняўся на вяршыню Анапурны па Паўночнай сьцяне. У верасьні таго ж году Кукучка і Хайцэр зьдзейсьнілі першапраход па Ўсходнім рабры Шышабангмы.

Шышабангма стала чатырнаццатым васьмітысячнікам Ежы Кукучкі. Празь некалькі месяцаў яму і Райнхольду Мэсьнэру ўручылі Срэбраныя Алімпійскія мэдалі за праходжаньне ўсіх васьмітысячнікаў плянэты. У 1988 годзе Кукучка падняўся на Ўсходнюю Анапурну.

Гібель[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1989 годзе Кукучка вяртаецца на Лхоцзэ з ідэяй прайсьці Паўднёвую сьцяну.

24 кастрычніка 1989 году прыкладна а 8.30 раніцы пры ўзыходжаньні на паўднёвую сьцяну Лхоцзэ на вышыні каля 8200 м адбылася катастрофа: 7-мм вяроўка, якую Ежы купіў на кірмашы ў Катманду, абарвалася. Выбітны альпініст загінуў — зьехаўшы долу каля 100 мэтраў, ён сарваўся з вышыні 140 мэтраў. Цела было знойдзенае 26 кастрычніка.

Сябры пахавалі Ежы ў лядніковай расколіне каля базавага лягэру. Гэдак і не пакораная ім Паўднёвая сьцяна васьмітысячніка Лхоцзэ сталася яго магілаю.

Публікацыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Mój pionowy świat (Mac System Maciej Kukuczka, 2008), ISBN 978-83-928083-0-5
  • Mój pionowy świat czyli 14 × 8000 metrów (1995), ISBN 1-899397-09-4
  • Ostatnia ściana (Agencja Reklamowa KOMPLET, Katowice 1999), ISBN 83-912268-0-8.
  • Na szczytach świata (Krajowa Agencja Wydawnicza, Katowice 1990), ISBN 83-03-03166-X.
  • J. Kukuczka, «K2 ścianą południową», («Taternik» № 2/86)