Дыханьне
Ды́ханьне — асноўная форма дысыміляцыі ў чалавека, жывёлаў, расьлінаў і многіх мікраарганізмаў. Пры дыханьні багатыя хімічнай энэргіяй рэчывы, якія належаць арганізму, акісьляюцца да бедных энэргіяй канчатковых прадуктаў (дыяксіда вугляроду і вады), выкарыстоўваючы для гэтага малекулярны тлен. Аэробныя арганізмы маюць патрэбу ў тлене дзеля вызваленьня энэргіі праз дыханьне, у выглядзе абмену рэчываў багатых на энэргію, як то глюкоза. Дыханьне ёсьць адзіны працэс, які дастаўляе кісларод туды, дзе ён патрэбны ў арганізьме і выводзіць адтуль вуглякіслы газ. Яшчэ адзін важны працэс уключае ў сябе рух крыві па крывяноснай сыстэме. Газаабмен адбываецца ў лёгачных альвэолях шляхам пасіўнай дыфузіі газаў паміж альвэалярных газам і крывёю ў лёгачных капіляраў. Пасьля таго як гэтыя раствораныя газы зьявіліся ў крыві, сэрца іх пераносіць па ўсяму целу. Акрамя выдаленьня вуглякіслага газу, дыханьне прыводзіць да страты вады з арганізму. У выдыханым паветры адносная вільготнасьць складае 100%, паколькі вада дыфузуе празь вільготную паверхню дыхальных шляхоў і альвэоляў.
Дыханьне мае і іншыя важныя функцыі. Гэтак яно забясьпечвае мэханізм маўленьня, сьмеху і падобных выразаў эмоцыяў. Таксама дыханьне ўдзельнічае пры рэфлексах, як то пазяханьне, кашаль і чханьне. Жывёлы, у якіх тэрмарэгуляцыя ажыцьцяўляецца не праз пот, паколькі ў іх няма дастатковай колькасьці потовых залозаў, могуць выдзяляць цяпло пры дыханьні.
Праход паветра
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Верхнія дыхальныя шляхі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Звычайна паветра ўдыхаецца і выдыхаецца праз нос. Насавыя поласьці, які месьцяцца паміж ноздрамі і глоткай, ёсьць досыць вузкімі, па-першае, праз іхны падзел носавай пярэтыкай на дзьве часткі, дзьве асобныя поласьці, па-другое, праз адмежаваньне бакавымі сьценкамі, якія маюць некалькі падоўжных зморшчынаў, званых носавымі чарапашынамі[1], якія закрываюць вялікую плошчу сьлізьневай абалонкі носу пры ўдыханьні і выдыху. Гэта прыводзіць да таго, што ўдыханае паветра зьбірае вільгаць з мокрай сьлізі і цяпло з крывяносных судзінак, якія разьмяшчаюцца ніжэй за шлях праходжаньня паветра, такім чынам што паветра насычаецца вадзянымі парамі і амаль дасягае тэмпэратуры цела да таго часу, як ён дасягне гартані[2]. Частка гэтай вільгаці і цяпла вяртаецца, калі выдыханае паветра выходзіць праз часткова перасохлую, астылую сьлізь у носавых шляхах, падчас выдыху. Глёўкая сьлізь таксама захоплівае вялікую частку ўдыханых часьцінак, перашкаджаючы іхнаму трапленьню ў лёгкія[2][1].
Ніжнія дыхальныя шляхі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Анатомія ніжніж дыхальных шляхоў тыповай дыхальнай сыстэмы сысуноў часта апісваюцца як дыхальнае дрэва. Больш буйныя дыхальныя шляхі маюць галіны, якія крыху больш вузкія, але больш шматлікія за ствалавыя дыхальныя шляхі. Дыхальнае дрэва чалавека можа складацца з у сярэднім 23 такіх разгалінаваньняў на паступова меншыя дыхальныя шляхі, у той час як дыхальнае дрэва мышы мае да 13 такіх разгалінаваньняў. Праксымальныя аддзелы, то бок тыя, якія знаходзяцца бліжэй да верхавіны дыхальнага дрэва, як то дыхніца і дыхнікі, функцыянуюць галоўным чынам дзеля перадачы паветра ў ніжнія дыхальныя шляхі. Ніжэйшыя аддзелы, як то дыхальныя бранхіёлы, альвэалярныя пратокі і альвэолі, спэцыялізуюцца на газаабмене[2][3].
Дыхніца і першыя вучасткі дыхнікаў знаходзяцца па-за лёгкімі. Астатняя частка дыхальнага дрэва, то бок галіны, ёсьць часткамі лёгкіх і ў канчатковым выніку поўнасьцю месьцяцца ў гэтым воргане. Альвэолі ёсьць канчаткамі дыхальнага дрэва, гэта значыць, што любое паветра, якое трапляе ў іх, павінна выходзіць па тым жа маршруце, па якім яно патрапіла ў альвэолі. Такая сыстэма, стварае мёртвую прастору, то бок ёсьць пэўны аб’ём паветра, які пры ўдыху запаўняе дыхальныя шляхі, але не даходзіць да канчаткаў, то бок альвэоляў. Такі аб’ём выдыхаецца ў нязьменным выглядзе пры выдыху, бо не ўдзельнікае ў газаабмене. Аб’ём мёртвай прасторы дарослага чалавека складае каля 150 мл.
У расьлінаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дыханьне ўласьціва ўсім органам, тканкам і вузам расьліны. Інтэнсіўнасьць дыханьня можна вызначыць, вымяраючы колькасьць вуглякіслага газу, які выдаткоўваецца тканкамі, або вымяраючы кісларод, які паглынаецца імі. Больш інтэнсіўна дыхаюць маладыя, хуткарослыя органы і тканкі расьлінаў. Найбольш актыўным зьяўляецца дыханьне рэпрадукцыйных органаў, потым лісьце. Слабей за ўсё дыхаюць сьцеблы і карані. Расьліны, якія здольныя існаваць у ценю, дыхаюць слабей за сьвятлалюбных. Для высакагорных расьлінаў, адаптаваных да паніжанага парцыяльнага ціску O2, характэрная падвышаная інтэнсіўнасьць дыханьня.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Williams, Peter L; Warwick, Roger; Dyson, Mary; Bannister, Lawrence H. (1989). «Gray's Anatomy» (Thirty-seventh ed.). Edinburgh: Churchill Livingstone. — С. 1172—1173, 1278—1282. — ISBN 0-443-041776.
- ^ а б в Tortora, Gerard J.; Anagnostakos, Nicholas P. (1987). «Principles of anatomy and physiology» (Fifth ed.). New York: Harper & Row, Publishers. — С. 556—582. — ISBN 978-0-06-350729-6.
- ^ Gilroy, Anne M.; MacPherson, Brian R.; Ross, Lawrence M. (2008). «Atlas of Anatomy». Stuttgart: Thieme. — С. 108—111. — ISBN 978-1-60406-062-1.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дыханьне — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Малая мэдычная энцыкляпэдыя. (рас.)
- Дыханьне чалавека. BBC. (анг.)
- Дыханьне чалавека. Britannica. (анг.)