Дзяцел беласьпінны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Беласьпінны дзяцел
Самка са здабычаю
Клясыфікацыя
ЦарстваЖывёлы
ТыпХордавыя
КлясаПтушкі
АтрадДзятлападобныя
СямействаДзятлавыя
РодDendrocopos
ВідБеласьпінны дзяцел
Бінамінальная намэнклятура
Dendrocopos leucotos (Bechstein, 1802)
Арэал
Самка каля дупла

Беласьпі́нны дзя́цел (па-лацінску: Dendrocopos leucotos) — лясная птушка сямейства дзятлавых, найбольш буйны від з роду Dendrocopos.

Мае зьнешняе падабенства да вялікага дзятла, адрозьніваючыся ад яго белай ніжняй часткай сьпіны і белымі ўнутранымі махавымі. Распаўсюджаны ў лясной зоне Эўразіі. Засяляе сьпелыя ліставыя і зьмешаныя лясы зь вялікай колькасьцю хворых і гнілых дрэваў, асаблівую перавагу аддае старым бярэзьнікам. Скрытная і малапрыкметная птушка, аднак прысутнасьці чалавека не пазьбягае. Жыве асела. Часам восеньню і зімой зьдзяйсьняе вандроўкі на невялікія адлегласьці, аднак вясной звычайна вяртаецца ў той жа раён, што і ў папярэдні год. Тым ня менш, штогод дзяўбе новае дупло для гнязда. Шлюбны пэрыяд раней за іншых дзятлаў, да канца траўня ўжо зьяўляюцца птушаняты.

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Стракаты. Уся сьпіна чорная, надхвосьце белае. Крылы чорныя зь белымі палоскамі. Спод цела белы зь цёмнымі рыскамі і чырвоным падбрушшам. У самца карычнева-чырвоныя вочы і ярка-чырвоная «шапачка», у самкі верх галавы чорны. У маладых чырвоны колер амаль адсутнічае і выразныя цёмныя падоўжныя палоскі на баках цела. Голас: позыў «кік, кікс» (вельмі падобны, як у вялікага дзятла, але не такі прарэзьлівы). У гнездавы пэрыяд выгукі «к’ук, к’іле». Даўжыня цела 24—30 см, размах крылаў 40—48 см.[1]

Біятоп[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асьветленыя старыя лісьцевыя дрэвастоі, у гарах таксама зьмяшаныя лясы (асабліва часта паблізу адкрытых вільготных тэрыторыяў або палян). У цэнтральнай і паўночнай Эўропе галоўным чынам букавыя, грабавыя і дубовыя лясы, на ўсходзе і поўначы — бярозавыя і таполевыя. Прырэчныя лясы, групы дрэў сярод палёў, прыдарожныя алеі і да т.п.

Гняздо[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

у дупле (звычайна гніючага дрэва) на вышыні падросту (як у ствале, так і ў ніжніх галінах дрэва). Подсьціл з парахні. Дыямэтар адтуліны 3—5 см, глыбіня гнездавой камэры 10—20 см.

Яйкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

3—5 (6—8), эліптычныя, крыху падоўжаныя з тупым вузейшым канцом, белыя, бліскучыя. Памеры: 27,5 × 20,0 мм (26,5—30,5 × 19,5—21,5 мм).

Арэал[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ад паўднёвай Скандынавіі, цэнтральнай і паўднёвай Эўропы, Каўказа, Ірана, праз Азію да Сахаліна, Камчаткі, Японіі і ўсходняга Кітаю ўключна. Лякальна ў Апэнінах і Пірэнеях.

Пералёты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аселы.

Месца зімовак[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У межах гнездавога арэала.

На Беларусі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нешматлікі на гнездаваньні аселы від.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ахова птушак Бацькаўшчына(недаступная спасылка)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • S. Cramp, K.E.L. Simmons Vol. IV - Terns to Woodpeckers // The Birds of the Western Palearctic. — Oxford University Press, 1986. — 960 с. — ISBN 0198575076 (анг.)
  • Mullarney, Killian; Lars Svensson; Dan Zetterstrom & Peter J. Grant Птушкі Еўропы = Birds of Europe. — United States: Princeton University Press, 2000. — 400 с. — ISBN 978-0-691-05054-6 (анг.)
  • Winkler, Hans; Christie, David A. 2002. Family Picidae (Woodpeckers) in del Hoyo, J., Elliott, A., & Sargatal, J., eds. Volume 7: Jacamars to Woodpeckers // Даведнік па птушках свету = Handbook of the birds of the world. — Barcelona: Lynx Edicions, 2002. — ISBN 84-87334-37-7

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]