Перайсьці да зьместу

Дзень H (Швэцыя)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Лягатып Дня H

Дзень H альбо Dagen H (ад па-швэдзку: Högertrafik — «правабаковы рух») — дата пераходу Швэцыі зь левабаковага на правабаковы аўтамабільны рух 3 верасьня 1967 году.

Да таго часу Швэцыя заставалася апошняй краінай у кантынэнтальнай Эўропе, якая выкарыстоўвала левабаковы рух. Усе суседнія скандынаўскія краіны (Данія, Фінляндыя, Нарвэгія) карысталіся правабаковым рухам, што стварала шмат нязручнасьцяў пры перамяшчэньні празь мяжу, асабліва на працяглай і не заўжды абазначанай у вясковай мясцовасьці мяжы з Нарвэгіяй. Апроч гэтага, большая частка швэдзкіх аўтамабіляў была абсталяваная левым рулём.

Прыхільнікі пераходу да правабаковага руху, якія былі падтрыманыя шэрагам экспэртаў, лічылі, што гэта прывядзе да зьніжэньня аварыйнасьці на дарогах. У прыватнасьці, выкарыстаньне левага руля дае кіроўцу лепшы агляд сустрэчнай паласы руху і мусіць садзейнічаць памяншэньню лабавых сутыкненьняў.

Аднак на рэфэрэндуме 1955 году адносна пытаньня зьмяненьня боку руху 85% удзельнікаў выказаліся супраць.

Тым ня менш, у 1963 годзе швэдзкі парлямэнт утварыў дзяржаўную камісію па пераходзе да правабаковага руху (швэдз. Statens Högertrafikkomission), якая мусіла распрацаваць і ўвесьці ў жыцьцё комплекс захадаў для забесьпячэньня такога пераходу.

Была зробленая значная праца: неабходна было ўсталяваць новыя дарожныя знакі і сьвятлафоры на іншым баку дарогі, правесьці пераканфігураваньне шматлікіх скрыжаваньняў, на вуліцах з аднабаковым рухам — перанесьці на іншы бок аўтобусныя прыпынкі; усе аўтамабілі мусілі правесьці адпаведную наладку фараў. Адначасова была падрыхтаваная новая дарожная разьметка белага колеру замест жоўтай, якая выкарыстоўвалася раней.

Асобную праблему складаў грамадзкі транспарт: швэдзкія аўтобусы мелі правы руль і дзьверы зь левага боку. Падчас падрыхтоўкі да зьмяненьня боку руху швэдзкія аўтамабільныя кампаніі выпусьцілі 8000 «пераходных» мадэляў аўтобусаў, якія мелі дзьверы з абодвух бакоў.

Вялікая ўвага надавалася і інфармацыі для насельніцтва. Быў выпушчаны адмысловы 30-старонкавы інфармацыйны буклет, быў распрацаваны і шырока распаўсюджаны (уключна з выявамі на жаночай бялізьне) адмысловы лягатып. Па радыё трансьлявалася інфармацыйная песьня «Трымай управа, Свэнсан» (швэдз. «Håll dig till höger, Svensson»).

Цэнтар Стакгольму ў дзень пераходу на правабаковы рух

Дзень H быў прызначаны на 5:00 у нядзелю, 3 верасьня 1967 году. У гэты дзень з 1 гадзіны ночы да 6 раніцы быў забаронены (за выняткам экстраных выпадкаў) рух прыватнага транспарту. У Стакгольме забарона доўжылася з 10 раніцы суботы да 15 гадзінаў нядзелі. У Дзень H у 4:50 раніцы ўсе транспартныя сродкі мусілі спыніцца і зьмяніць бок дарогі; працягнуць рух дазвалялася ў 5:00. На першы час пасьля пераходу быў уведзены адмысловы рэжым абмежаваньня хуткасьці.

У цэлым пераход на правабаковы рух прайшоў спакойна. Ня быў зарэгістраваны ніводны выпадак дарожна-транспартнага здарэньня, якое было б непасрэдна зьвязанае зь пераходам. У першыя месяцы пасьля Дня H назіралася значнае зьніжэньне ўзроўню аварыйнасьці. Аднак ацаніць уплыў пераходу на колькасьць здарэньняў на дарозе складана: калі кіроўцы засвоілі новыя правілы руху, яны сталі менш уважлівымі, і колькасьць здарэньняў зноў пачала павялічвацца.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзень H (Швэцыя)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў