Перайсьці да зьместу

Дарожны знак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Прыклад розных катэгорыяў знакаў эўрапейскага стандарту

Даро́жны знак — тэхнічны сродак арганізацыі дарожнага руху, стандартызаваны графічны малюнак, які ўсталёўваецца каля дарогі для паведамленьня пэўнай інфармацыі ўдзельнікам дарожнага руху. Адзін з сродкаў рэгуляваньня дарожнага руху.

Дарожныя знакі ўсталёўваюцца на аўтамабільных дарогах і вуліцах населеных пунктаў і паведамляюць аб рэжыме, умовах, напрамках і маршрутах руху, месцах адпачынку, аб’ектах сэрвісу і падаюць іншую інфармацыю. Знакі ўсталёўваюць бокам з малюнкамі насустрач руху, пераважна ўздоўж дарогі на адмысловых калёнках, слупах, на кранштэйнах, тросах-расьцяжках і рамах над праезджай часткай.

Дзейная сыстэма дарожных знакаў распрацаваная на аснове Канвэнцыі аб дарожных знаках і сыгналах (Вена, 1968 год), дапоўненай Эўрапейскім пагадненьнем (Жэнэва, 1971 год).

Дарожныя знакі вырабляюцца і ўсталёўваюцца ў адпаведнасьці з дадаткам 2 Правілаў дарожнага руху і патрабаваньнямі тэхнічных рэглямэнтаў Мытнага зьвязу і Эўразійскага эканамічнага зьвязу.

Знакі падзяляюцца на:

  • сталыя і часовыя;
  • папераджальныя, знакі прыярытэту, забараняльныя, прадпісальныя, інфармацыйна-ўказальныя, знакі сэрвісу і знакі дадатковай інфармацыі (таблічкі).

Знакі на жоўтым тле, за выняткам дарожных знакаў «Кантроль усталяванай хуткасьці руху транспартных сродкаў», «Пачатак участку кантролю сярэдняй хуткасьці руху транспартных сродкаў», «Канец участку кантролю сярэдняй хуткасьці руху транспартных сродкаў», «Кантроль выкананьня патрабаваньняў Правілаў дарожнага руху», належаць да часовых і ўжываюцца як асобна, гэтак і ў спалучэньні зь іншымі часовымі тэхнічнымі сродкамі арганізацыі дарожнага руху ў месцах арганізацыі рамонтных і іншых работаў на дарозе, а таксама ў выпадках апэратыўнай зьмены ў арганізацыі дарожнага руху, павязанага з забясьпечаньнем ягонай бясьпекі або стасаваньнем спэцыяльных захадаў.

У выпадках, калі значэньні часовых і сталых знакаў супярэчаць адзін аднаму, удзельнікі дарожнага руху павінныя кіравацца часовымі знакамі.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]