Дзень Зямлі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Дзень Зямлі (па-ангельску: Earth Day) — назва, якая выкарыстоўваецца ў дачыненьні да разнастайных мерапрыемстваў, якія ладзяцца ўвесну з мэтаю заклікаць людзей быць больш уважлівымі да далікатнага і ўразьлівага навакольля плянэты Зямля.

Існуюць два асноўныя пэрыяды правядзеньня Дзён Зямлі — у сакавіку (бліжэй да веснавога раўнадзенства) і 22 красавіка. Акрамя таго, у цяперашні час шматлікія актывісты й ініцыятыўныя групы плянуюць і праводзяць захады па зладжаньні Дню Зямлі бліжэй да моманту летняга сонцастаяньня, каб максымальна скарыстаць цёплае надвор’е і вольны час людзей.

У дзень раўнадзенства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзень Зямлі сьвяткуецца ў шматлікіх краінах у дзень веснавога раўнадзенства, каб адзначыць момант, калі пачынаецца вясна (у Паўночным паўшар’і) або восень (у Паўднёвым). Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў сьвяткуе Дзень Зямлі зазвычай 20—21 сакавіка.

26 лютага 1971 року Генэральны сакратар ААН У Тан падпісаў адмысловую дэклярацыю, прысьвечаную гэтай падзеі. Штороку 20—21 сакавіка ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку звоніць звон міру.

22 красавіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першая «аднаразовая» акцыя гэтага дню прайшла ў 1970 року ў ЗША. Яе посьпех акрыліў арганізатараў, і з таго часу сьвяткаваньне стала рэгулярным. Вядомы амэрыканскі палітык і актывіст сэнатар Гайлард Нэльсан стварыў групу са студэнтаў пад кіраўніцтвам Дэніса Хаеса (студэнта Гарварду). Паколькі гэта быў час актыўных студэнцкіх рухаў, ініцыятыва прыцягнула шмат увагі.

Нягледзячы на тое, што сэнатар і ягоны «штаб» ня мелі ні часу, ні рэсурсаў для арганізацыі сапраўды масавых мерапрыемстваў, яны адбываліся (як, напрыклад, 20-мільённая дэманстрацыя і далучэньне да праекту сотняў школаў). Як казаў Г. Нэльсан, «Дзень Зямлі арганізаваў сябе сам».

У 1971 року, дзякуючы посьпеху першага Дню, сэнатар Нэльсан абвясьціў «Тыдзень Зямлі» (3-і тыдзень красавіка) як штогадовую падзею, якая стала вельмі папулярнай між насельніцтва ЗША.

На хвалі грамадзкай і палітычнай актыўнасьці, абуджанай Днём Зямлі, у ЗША было прынята шмат законаў і актаў, якія датычаць аховы навакольнага асяродзьдзя (напрыклад, Акт пра чыстае паветра).

У большасьці краінаў палітыкі ігнаруюць Дзень Зямлі.

Сымболіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьцяг Зямлі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьцяг Зямлі не зьяўляецца афіцыйным сымбалем чаго-небудзь (бо афіцыйна не існуе агульнаплянэтнага ўраду). Ён уяўляе сабою фатаздымак плянэты з космасу (цяпер выкарыстоўваюць здымак, зроблены астранаўтамі Апалону-17 па дарозе да Месяца) на цёмна-сінім тле. Традыцыйна сьцяг зьвязаны з Днём Зямлі і іншымі прыродаахоўнымі, міратворчымі і грамадзянскімі міжнароднымі мерапрыемствамі.

Сымбаль Дня Зямлі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Θ

Сымбалем Дня зьяўляецца зяленая грэцкая літара Θ (тэта) на белым тле.

Звон міру ў Дзень Зямлі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Дзень Зямлі ў розных краінах традыцыйна звоніць Звон міру, заклікаючы людзей Зямлі адчуць усеплянэтную супольнасьць і прыкласьці намаганьні дзеля абароны міру на плянэце і захаваньня прыгажосьці нашага супольнага дому. Звон Міру — сымбаль спакою, мірнага жыцьця і дружбы, вечнага братэрства і салідарнасьці народаў. І адначасна гэта заклик да дзеяньняў у імя зьберажэньня міру і жыцьця на Зямлі, зьберажэньня Чалавека і Культуры.

Першы Звон міру быў усталяваны ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку ў 1954 року. Ён быў адліты з манэтаў — дзіцячых ахвяраваньняў з усіх кантынэнтаў — і ёсьць сымбалем глябальнай салідарнасьці людзей Зямлі. У яго таксама ўплаўленыя ордэны і мэдалі, іншыя пачэсныя знакі людзей шматлікіх краінаў. Надпіс на Звоне абвяшчае: «Хай жыве агульны мір ва ўсім сьвеце». У 1996 року такі самы звон быў усталяваны ў штаб-кватэры ААН у Вене.

Звон міру ўсталяваны таксама ў розных местах Японіі, Нямеччыны (1989), Польшчы, Турэччыны (1989), Мэксыкі (1990), Аўстраліі (1992), Манголіі (1993), Філіпінаў (1994), Канады (1996), Бразыліі (1997), Аргентыны (1998), Эквадору (1999), Узбэкістану (2003) ды іншых краінаў.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Дзень Зямлісховішча мультымэдыйных матэрыялаў