Група беларускіх міратворцаў у Лібане
Група беларускіх міратворцаў у Лібане | |
Гады існаваньня | 17 лістапада 2010 — 8 лютага 2023 |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Падпарадкаваньне | ЮНІФІЛ |
Уваходзіць у | Італьянская зона |
Тып | міратворчыя сілы |
Уключае ў сябе |
Міратворчая рота Беларусі 432-гі Галоўны вайсковы клінічны мэдыцынскі цэнтар |
Колькасьць | 7 чалавек |
Дысьлякацыя | Эн-Накура, Лібан |
Гру́па белару́скіх міратво́рцаў у Ліба́не — вайсковы кантынгент Узброеных Сілаў Рэспублікі Беларусі, які браў удзел у міратворчай апэрацыі ў Лібане. Афіцэрскі кампанэнт групы склалі байцы міратворчай роты, а мэдыцынскі — прадстаўнікі мэдыцынскага аддзелу спэцыяльнага прызначэньня (МАСП) 432-га вайсковага шпіталю.
Досьвед удзелу ў лібанскай місіі значна дапамог беларускім вайскоўцам пры правядзеньні гуманітарнай апэрацыі ў Сырыі ў 2023 року[1].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]2 жніўня 2010 року прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка падпісаў загад №400 «Аб накіраваньні вайскоўцаў Узброеных Сілаў Рэспублікі Беларусі для ўдзелу ў дзейнасьці па падтрымцы міжнароднага міру і бясьпекі ў Лібанскай Рэспубліцы»[2].
У Лібан беларусы прыбылі 17 лістапада таго ж року.
Адпраўка міратворцаў за мяжу ажыцьцяўлялася ў рамках закону ад 29 лістапада 2003 року «Аб парадку накіраваньня вайсковаслужбоўцаў, асоб начальніцкага і шараговага складу органаў унутраных справаў, Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусі, органаў фінансавых рассьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусі, органаў і падразьдзяленьняў па надзвычайных сытуацыях, пракурорскіх работнікаў, а таксама цывільнага пэрсаналу за межы Рэспублікі Беларусі для ўдзелу ў дзейнасьці па падтрымцы міжнароднага міру і бясьпекі». Паводле артыкулу 5 гэтага акту, «адпраўка вайсковаслужбоўцаў, асобаў начальніцкага і шараговага складу, пракурорскіх работнікаў, а таксама цывільнага пэрсаналу за межы Рэспублікі Беларусі для ўдзелу ў дзейнасьці па падтрымцы міжнароднага міру і бясьпекі ажыцьцяўляецца зь іх асабістай пісьмовай згоды па рашэньні прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі».
Станам на верасень 2021 року ў місіі ўзялі ўдзел больш за 50 вайскоўцаў[3].
У лютым 2023 року Беларусь завяршыла сваю місію ў краіне, і нацыянальны кантынгент вярнуўся на радзіму. Як заяўлена афіцыйнымі ваеннымі рэсурсамі, прафэсіяналізм і ўнёсак беларускіх міратворцаў быў высока ацэнены з боку ААН[4][5].
Кантынгент
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Плянавалася, што ў краіну накіруецца група ў дзесяць чалавек, але пазьней яна была скарочаная[5]. Станам на 2011[6]—2013 рокі ў міратворчай апэрацыі ўдзельнічалі трое: штабны афіцэр і мэдыкі пры шпіталі Ўзброеных сілаў Індыі[7].
16 кастрычніка 2019 року было афіцыйна сьцьверджана, што беларускі кантынгент у Лібане будзе павялічаны. Адпаведны дакумэнт быў падпісаны падчас сустрэчы памочніка міністра абароны па пытаньнях міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Алега Воінава і дэлегацыі амбасады Італіі ў Менску. Павелічэньне беларускага кантынгенту прадугледжана двухбаковым пагадненьнем Менску і Рыму[8]. На той момант там служылі 5 чалавек[5].
2 жніўня 2020 року ў Лібан накіравалі траіх вайскоўцаў: двое зь іх праходзілі службу ў штабе сэктару «Захад» на пасадах спэцыялістаў штабу ў складзе італьянскага кантынгенту місіі, а трэці накіраваны ў рамках плянавай замены беларускага лекара ў складзе вайсковага шпіталя місіі[9]. Такім чынам, кантынгент пашыраны да сямі міратворцаў: адзін афіцэр штаба, два спэцыялісты штаба сэктару «Захад» і чатыры мэдыцынскія спэцыялісты вайсковага шпіталя[5]. Апошнія працавалі ў складзе хірургічнай брыгады — два лекары і дзьве мэдыцынскія сястры[1].
У тым жа годзе прадстаўнікі Мінабароны заявілі, што плянуюць зноў павялічыць колькасьць беларускіх міратворцаў за мяжой[10]. Упершыню пра гэта стала вядома 16 лістапада, калі пра падобныя пляны паведаміў журналістам старшы афіцэр аддзелу міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва і міратворчай дзейнасьці камандаваньня сілаў спэцыяльных апэрацый УС Беларусі Сяргей Тарасевіч[11].
Дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У сфэру дзейнасьці афіцэра штаба ўваходзіла арганізацыя стратэгічнага дыялёгу. Ён прадугледжваў рэгулярны ўсебаковы аналіз сухапутнага і марскога складнікаў баявога патэнцыялу часовых сілаў і лібанскай арміі на поўдні краіны, удасканаленьне пры садзейнічаньні дзяржаваў-донараў баявога патэнцыялу арміі Лібану ў інтарэсах выкананьня задачаў, вызначаных Рэзалюцыяй 1701. Непасрэдна беларускі бок займаўся плянаваньнем, падрыхтоўкай і дакумэнтальным суправаджэньнем мерапрыемстваў у рамках стратэгічнага дыялёгу, у тым ліку арганізацыяй двухбаковых сустрэч кіраўніцтва місіі і лібанскіх узброеных сілаў.
Рабочае месца беларускіх сіл было абсталявана ў офісе. У наяўнасці меўся кампутар, неабходная аргтэхніка, тэлефонны апарат. Акрамя таго, кожнаму вайскоўцу місіі выдаваўся тэлефон стандарту DECT, які працаваў у межах базы. Афіцэры штаба таксама мелі службовыя аўтамабілі падвышанай праходнасьці. Міратворцы разьмяшчаліся ў зборна-шчытавым будынку, падзеленым на адсекі — тыпавыя пакоі. Афіцэры кантынгенту мелі асобныя пакоі, зь некалькімі шафамі для адзеньня, ложкам, двума сталамі, крэсламі і тэлевізарам у кожным зь іх.
Графік работы: з панядзелка па пятніцу з 8 раніцы да 18 гадзіны вечара, а ў суботу — з 8 раніцы да 12 дня. У нядзелю міратворцы мелі выходны дзень.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Лукашик, Ирина (24 сакавіка 2023) Беларусь приходит на помощь странам, которым нужна — в Минске военных медиков наградили за работу в Сирии (рас.). Советская Белоруссія. Праверана 18 кастрычніка 2024 г.
- ^ Белорусские миротворцы в Ливане (рас.). Советская Белоруссія (4 жніўня 2010). Праверана 18 кастрычніка 2024 г.
- ^ Белорусские миротворцы отправятся в сентябре в Ливан (рас.) Обшчество. БелТА (22 верасьня 2021). Праверана 18 кастрычніка 2024 г.
- ^ Белорусские миротворцы из состава Временных сил ООН в Ливане вернулись домой (рас.) Обшчество. БелТА (9 лютага 2023). Праверана 18 кастрычніка 2024 г.
- ^ а б в г Миротворческая деятельность (рас.) Международное военное сотрудничество. Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусі. Праверана 18 кастрычніка 2024 г.
- ^ О подписании Меморандума о взаимопонимании между Организацией Объединённых Наций и Правительством Республики Беларусь, предоставляющим ресурсы для миротворческой миссии ООН в Ливане (рас.) Новости. Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусі (9 жніўня 2011). Праверана 18 кастрычніка 2024 г.
- ^ Беларусь готовит военного офицера для участия в миротворческой миссии в Южном Судане (рас.). Советская Белоруссія (31 студзеня 2012). Праверана 18 кастрычніка 2024 г.
- ^ Беларусь увеличит контингент в миссии ООН в Ливане (рас.). Спутнік Беларусь (16 кастрычніка 2019). Праверана 18 кастрычніка 2024 г.
- ^ Белорусские миротворцы направляются в миссию ООН в Ливане (рас.) Новости. Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусі (31 ліпеня 2020). Праверана 18 кастрычніка 2024 г.
- ^ Беларусь рассматривает возможность увеличения числа своих миротворцев в горячих точках (рас.) Официальны сайт Республики Беларусь Праверана 18 кастрычніка 2024 г.
- ^ Лукашик, Ирина (17 лістапада 2020) Число белорусских миротворцев в Ливане планируют увеличить (рас.). Советская Белоруссія. Праверана 18 кастрычніка 2024 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вераніка Канюта. Як беларускія дзяўчаты частавалі ліванцаў стравамі з бульбы // Звязда : газета. — 20 студзеня 2018.
- Чым займаюцца беларускія міратворцы ў Лібане?, 10 ліпеня 2017 (Навіны ААН)