Перайсьці да зьместу

Грамадзкае аб’яднаньне беларусаў Кыргыстану Сьвітанак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Грамадзкае аб’яднаньне беларусаў Кыргыстану «Сьвітанак»
Дата ўтварэньня 20 студзеня 1993 (31 год таму)
Юрыдычны статус Грамадзкае аб’яднаньне
Дзейнічае ў рэгіёнах Кыргыстан
Прэзыдэнт Аляксандар Шут
Старшыня Ніна Міронава
Кіроўны орган Рада
Матчына кампанія Асамблея народу Кыргыстану

Грама́дзкае аб’ядна́ньне белару́саў «Сьвіта́нак» — аб’яднаньне прадстаўнікоў беларускае дыяспары ў Кыргыстане.

Сёньня ў Кыргыстане пражывае 2620 асобаў беларускае нацыянальнасьці, у тым ліку 1125 чалавек у Бішкеку, у Чуйскай вобласьці — 1140 чалавек, у Оскай вобласьці — 89 чалавек, у Нарынскай вобласьці — 3 чалавекі, у Джалал-Абадзкай вобласьці — 91 чалавек, у Ісык-Кульскай вобласьці — 134 чалавекі, у Баткенскай вобласьці — 38 чалавек.

ГА «Сьвітанак» было заснаванае 20 студзеня 1993 году. Ад студзеня 1994 «Сьвітанак» уваходзіць у склад Асамблеі народу Кыргыстану. Падтрымлівае стасункі з таварыствам па сувязях з суайчыньнікамі за мяжой «Радзіма» й іншымі. У 1994 і 1997 дэлегаты «Сьвітанку» бралі ўдзел у зьездах Беларусаў Сьвету. У 1999 А. Шут быў узнагароджаны мэдалём «Данк» за актыўны ўдзел у працы па міжнацыянальнай згодзе й умацаваньні сяброўства й эканамічных сувязяў паміж Кыргыстанам і Рэспублікай Беларусь. У 2000, дзякуючы хадайніцтву аб’яднаньня, пісьменьніку, драматургу й паэту — сябру аб’яднаньня Мікалаю Імшанецкаму было нададзенае ганаровае званьне «Заслужаны дзеяч культуры Кыргыскае Рэспублікі». У 2001 у складзе дэлэгацыі Кыргыскае Рэспублікі А. Шут браў удзел у назіраньні за выбарамі ў Беларусі. Аб’яднаньнем былі выдадзеныя кнігі Аляксандра Яркова — «Из истории взаимоотношений Беларуси и Кыргызстана» (1995), «Беларусь и Кыргызстан: от контактов к диалогу» (1998), «Беларусы в Кыргызстане: путь духовного возрождения» (2001). Пры Аб’яднаньні працуе калектыў мастацкае самадзейнасьці.