Гном (Міжзем’е)
Расы Міжзем’я |
---|
Айнур |
Іншыя |
Гно́мы — чалавекападобная раса ў легендарыюме Толкіна, якая насяляе землі Арды. Упершыню зьяўляюцца ў рамане «Хобіт», пасьля ва «Ўладары Пярсьцёнкаў», «Сыльмарыльёне», «Няскончаных казаньнях» і «Гісторыі Міжзем’я».
Апісаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У «Сыльмарыльёне» гномы паказаныя меншымі і каржакавацейшымі за эльфаў і людзей, звыклыя як да сьпёкі, так і да марозу. Яны не бесьсмяротныя, аднак жывуць даўжэй за людзей — у сярэднім 250 гадоў[1]. Іхнія жанчыны настолькі падобныя да мужчынаў, што іншыя расы зь цяжкасьцю могуць адрозьніваць стаць гномаў.
Гномы — выдатныя мэталаапрацоўнікі, кавалі і каменеломы. Жывуць пад зямлёй, у капальнях пад горамі, якія самі ж і выдзёўбваюць. Паколькі ў такіх умовах яны ня могуць займацца гаспадаркай, ежу гномы купляюць у людзей у абмен на выкапні і зброю альбо будуюць наўзамен дарогі і пабудовы. У войнах гномы часьцей за ўсё карыстаюцца сякерамі, аднак могуць таксама ужываць лукі, мечы, шчыты ды кіркі, а вось молаты, як гэта прынята ў іншых фэнтэзійных творах, у Толкіна не сустракаюцца.
У Першую і Другую эпоху Міжзем’я гномы падтрымліваюць прыязныя адносіны зь людзьмі і эльфамі. У Трэцяй эпосе, у прыватнасьці пасьля зачыненьня Морыі, іхні давер да эльфаў зьнікае, аднак пазьней усталёўваюцца сяброўскія сувязі з эльфамі Ліхалесься і людзьмі Дэйлу.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У адрозьненьне ад эльфаў і людзей, створаных Эру Ілуватарам, гномы былі абуджаныя да стварэньня Сонца і Месяца, аднак пасьля эльфаў. Стварыў іх вала Аўлэ ў таямніцы ад іншых валар з мэтаю навучыць усім сваім рамёствам. Тым ня меней, Ілуватар ведаў пра іхняе стварэньне, і прыйшоўшы перад ягонае аблічча, Аўлэ раскаяўся і занёс свой молат, каб зьнішчыць створаных ім істотаў. Ілуватар спыніў Аўлэву руку і дазволіў гномам існаваць, аднак абуджанымі яны мелі быць не раней за эльфаў («Першародных»). Сем прабацькоў гномаў былі зьмешчаныя ў каменныя пячоры аддаленых рэгіёнаў Міжзем’я, чакаючы на сваё абуджэньне.
Першая эпоха
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Праз пэўны час пасьля абуджэньня ў Куйвенэне эльфаў сем прабацькоў былі вызваленыя са сваіх каменных пячораў. Найстарэйшы зь іх на імя Дурын заснаваў у пячорах паміж трыма горнымі вяршынямі — Карадрасам, Келебдылем і Фануйдалам — места Казад-дум, якое расло і квітнела цягам ягонага жыцьця, такога працяглага, што яго празвалі Дурынам Неўміручым. Казад-дум быў адзіным стварэньнем гномаў, што перажыло Першую эпоху.
Далёка на захадзе ад Казад-Думу, у Эрэд Луіне, яшчэ да прыходу эльфаў у Бэлерыянд, паўсталі гномскія месты Бэлегост і Ноград. Гномы Бэлегосту першымі навучыліся каваць кальчугі са сплеценых колцаў, яны гандлявалі з сындар і выразалі для эльфійскага караля Тынгаля Тысячы пячораў Мэнэгроту. У Ноградзе каваль Тэльчар выкаваў Нарсіль і Ангрыст — два самыя ракавыя мечы ў гісторыі Арды — а таксама славуты Шалом Дор-Ломіну.
Гномы Бэлерыянду змагаліся супраць войскаў Мэлькора, і былі адзінымі з народаў Першай эпохі, хто мог вытрымаць цмокавы агонь у Бітве незьлічоных сьлёзаў. Іхні кароль Азагал пратыкнуў першага цмока Гляўрунга ды сам загінуў у бітве.
Гномы Нограду таксама ваявалі з Мэлькорам, аднак паддаўшыся хцівасьці, здрадзілі Тынгалю і скралі сыльмарылы, якія на ягоную просьбу самі ж укавалі ў каралі пад назваю Наўгламір. Пасьля гэтага іхняе войска было разьбітае аб’яднанымі сіламі Зялёных эльфаў(en) і энтаў. У рэшце рэшт пасьля Вайны гневу абодва каралеўствы гномаў і амаль увесь Бэлерыянд былі зьнішчаныя, рэшта гномаў перасялілася ў Казад-дум.
Другая эпоха
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Уцекачы з Бэлегосту і Нограду далучыліся да жыхароў Казад-думу, дзе іхняе супольнае багацьце яшчэ пабольшала пасьля адкрыцьця мітрылю, чароўнага і надзвычай каштоўнага мэталу, які выкопваўся толькі ў іхніх шахтах. Гномы працягвалі гандаль зь людзьмі і эльфамі Эрэгіёну. Сем Пярсьцёнкаў, вырабленых эльфамі-кавалямі і пазьней перададзеных Саўрону, былі ім падораныя правадырам сямі кланаў гномаў (хаця Даўгабароды настойвалі, што Дурынаў пярсьцёнак быў падораны яму Келебрымбарам). Гномы Морыі сьпярша ўдзельнічалі ў вайне Саўрона з эльфамі, аднак у 1697 року дзьверы Казад-думу былі зачыненыя, і ягоныя насельнікі адгэтуль ня ўдзельнічалі ў падзеях на паверхні. З-за гэтага іхняе месца пражываньне стала больш вядомае па эльфійскім назове Морыя, што азначае «цёмная прорва».
Трэцяя эпоха
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Росквіт гномавага каралеўства працягваўся да 1980 року Трэцяй эпохі, калі ў пошуках мітрылю яны спусьціліся настолькі глыбока, што знайшлі пячору з апошнім вядомым у гісторыі Міжзем’я балрагам, празваным Дурынаў праклён. Яны змагаліся з дэманам цягам году, і пасьля сьмерці двух каралёў ацалелыя гномы пакінулі Туманныя горы. Амаль два дзесяцігодзьдзі ня мелі яны сталага жытла, а ў 1999 Траін I заснаваў у Самотнай гары новае каралеўства, дзе быў адкрыты Аркенстон.
У 2210 року Торын I заснаваў каралеўства ў Шэрых гарах на захад ад Ліхалесься. Абодва каралеўствы ў час свайго росквіту былі зьнішчаныя цмокамі: Шэрыя горы ў 2590, Самотная гара — у 2770 цмокам на імя Смог. Частка ўцекачоў з Шэрых гор вярнулася да Самотнае гары, астатнія насялілі Жалезныя халмы, якія ніколі не зазналі болей навалаў і спусташэньняў. Пасьля нападу Смога на Самотную гару гномы сталі бадзячым народам, а тагачасны кароль Трор быў забіты і абязьвечаны оркамі ў 2790 року. Гномы распачалі вайну ў адплату, у якой загінулі амаль усе оркі Туманных гораў, аднак і палова гномаў. Пасьля гэтага ўдару гномы мусілі адраджацца некалькі стагодзьдзяў.
Уцекачы заснавалі часовае каралеўства на поўначы Блакітных гор, аднак Траін II пад уплывам свайго Пярсьцёнку — адзінага, які дагэтуль ня трапіў да Саўрона або цмокаў — вырашыў накіравацца ў невядомыя землі. Неўзабаве Саўрон, які тады хаваўся ў Дол Гулдуры пад імем Нэкраманта, захапіў Траіна, катаваў, адабраў пярсьцёнак і ўрэшце забіў. У 2941 року ягоны сын Торын II, унук Трора, адваяваў у Смога Самотную гару. У наступнай бітве ля гары, дзе аб’яднаныя войскі арлоў, эльфаў Ліхалесься, людзей Дэйлу і гномаў Жалезных халмоў перамаглі навалу гоблінаў, Торын загінуў. Ягоны стрыечны брат Даін II Жалезнаногі, кароль Жалезных халмоў, стаў каралём-пад-гарой, і адгэтуль гномы засталіся пад Самотнай гарой.
Гномы ня бралі значнага ўдзелу ў Вайне пярсьцёнка, хоць пэўны час Самотная гара трапіла ў аблогу, а ў бітве пад Дэйлам быў забіты Даін. Аднак вядомы ўдзел аднаго з гномаў — Гімлі — у паходзе Зьвязу Пярсьцёнка, а таксама ў бітвах пад Горнбургам, на Пэленорскіх палёх і пад Маранонам.
Чацьвертая эпоха
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На пачатку Чацьвертай эпохі Гімлі ўзначаліў групу каляністаў з-пад Самотнай гары да Бліскучых пячораў, што пад Горнбургам у Рохане, і заснаваў тут новае каралеўства гномаў, стаўшыся ягоным каралём. Па сьмерці Арагорна ў 120 року ён сплыў разам зь Ляголасам у Бессьмяротныя землі.
Далейшы лёс гномаў напэўна невядомы; меркавана яны пачалі выміраць з-за дыспрапорцыяў асобаў жаночае стаці ды з-за таго, што мноства мужчынаў не жадалі заводзіць сем’і.
Мова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ад стварэньня гномы размаўлялі на кхуздуле, які стварыў для іх Аўлэ. Гэта была штучная мова, не падобная ні да якой эльфійскай, як большасьць чалавечых моваў, і тым ня меней жывая. На працягу ўсяе гісторыі Арды кхуздул быў вельмі ахоўванай мовай (адзін зь нямногіх ня-гномаў, хто ёю валодаў, быў Эол), і гномы ніколі не раскрывалі сваіх кхуздулскіх імёнаў іншаземцам, нават да таго, што выганялі іх з магілаў сваёй расы. Пісьменнасьцю карысталіся кірцкай — рунічным альфабэтам, створаным эльфамі. Корпусу кхуздульскае мовы не захавалася, за выняткам баявога поклічу: «Барук Казад! Казад ай-мэну!» («Гномскія сякеры! Гномы з вамі!») — і надпісу на Балінавым надмагільлі, які паведамляў: БАЛІН ФУНДЫНУЛ УЗБАД КАЗАД-ДУМУ (Балін, сын Фундына, уладар Морыі).
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ A Guide to Tolkien, David Day, Chancellor Press, 2002
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гном (Міжзем’е) — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Энцыкляпэдыя Арды (анг.)
- Tolkien gateway (анг.)