Глыбоцкая дуда

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Перабор глыбоцкай дуды з ражком (рагаўнём)

Найстарэйшая[1] беларуская дуда зь вёскі Верацеі (гміна Празарокі, цяпер Глыбоцкі р-н). Доўгі час лічылася, што найстарэйшай зьяўляецца "Лепельская дуда" зь вёскі Верабкі 1877 году. Аднак дуда зь Верацеяў, якая захоўваецца ў фондзе Нацыянальнага музэя Літвы датуецца музэем 1849 годам, адпаведна зьяўляецца найстарэйшай захаванай беларускай дудой. Год і дакладнае месца паходжаньня дуды пазначаныя непасрэдна на пераборы "ME 1849 P. DZISNA GM. PROZOROKI W. WIERACIEJE (1849 Дзісенскі павет, гміна Празарокі, вёска Верацеі)". Раней дуда захоўвалася ў этнаграфічным музэі Ўнівэрсытэту Стэфана Баторыя ў Вільні і была перададзеная ў цяперашняе месца захаваньня ў 1929 годзе.

Глыбоцкая дуда паходзіць з дударскага арэала (ваколіцы возера Шо ў Глыбоцкім краі), зь якога выводзяцца таксама шматлікія зьвесткі, між іншым, пра Адама Шульгу, дудара з трупы Ігната Буйніцкага, Пятра Бурца — знакамітага дудара зь вёскі Асінаўка, а таксама многія легенды, мастацкія тэксты і іншыя згадкі.

Мех дуды пашыты са скуры барсука, што робіць дуду ўнікальнай таксама з пункту гледжаньня выкарыстанай скуры. Звычайна мяхі шылі са скуры казы, цяляці, або сабакі. Поўсьць глыбоцкай дуды выстае навонкі і таксама ня мае аналягаў сярод іншых беларускіх дуд. Ігравыя трубкі зробленыя зь ясеня, ражкі (рагаўні) выцясаныя ўручную. На абодвух ражках ёсьць літыя ўзоры з волава. Захаваўся адзін чаратовы пішчык гуку (бурдон). Ражок бурдона абабіты цьвічкамі для дэкарацыі. Стокі абматаныя пакульлем. У цэлым дуда, у тым ліку мех, добра захаваныя.

Глыбоцкая дуда на літоўскай марцы 1990 году прадстаўленая як адзін з літоўскіх народных інструмантаў.

Доўгі час савецкія і літоўскія дасьледчыкі прадстаўлялі глыбоцкую дуду пад назвай "labanora duda"[2]. У савецкі час глыбоцкая дуда была прадстаўленая на марцы прысьвечанай "літоўскім народным інструментам". Прытым на аналягічнай марцы "Беларускія народныя інструменты" дуда не прадстаўленая наогул.

Дасьледчык і дудар Зьміцер Сасноўскі заўважае: „З-за таго што Дзісеншчына ў пачатку XX ст. Уваходзіла ў склад Віленскай губерні, а Віленскі край пазьней трапіў у склад Літоўскай рэспублікі, савецкія дасьледчыкі пачалі адносіць дуды гэтага раёна да традыцыі літоўскага народа. На прыклад, дуду з былога Дзісенскага павета Віленскай губерні ”Атлас музыкальных инструментов народов СССР” адносіць да Літоўскай ССР. Аналягічны лёс напаткаў і іншыя інструмэнты, якія зараз захоўваюцца ў літоўскіх музэях.[2]

У “Вялікай Савецкай энцыкляпэдыі” тэрмін “Лабанора дуда” праілюстраваны таксама глыбоцкай дудой. Глыбоцкая дуда таксама пададзеная як літоўская ў 2-ім выданьні "Атласа музыкальных инструментов народов СССР" (1975) пад рэдакцыяй К. Вярткова. Першае выданьне выйшла ў 1964.

У беларускіх выданьнях, прысьвечаных дударскай тэме, год вырабу глыбоцкай дуды не падаваўся наогул, або пазначаўся другой паловай XIX ст.

Копія Глыбоцкай дуды зробленая майстрам Сяргеем Чубрыкам захоўваецца ў Глыбоцкім гісторыка-этнаграфічным музеі. Прэзэнтацыя дуды адбылася падчас другога міжнароднага фэсту дударскіх рэгіёнаў Дударскі рэй 2018 у Глыбокім[3].

Сваю копію[4] глыбоцкай дуды пачаў рабіць глыбоцкі дудар і майстар Дзьмітры Дзёмін. Аднак рэканструкцыя засталася няскончанай праз раптоўную сьмерць майстра.

Копія Глыбоцкай дуды ў экспазіцыі мясцовага музэя.

Глыбоцкай дудзе прысьвечаныя мастацкія працы. Між іншым Мастак Раман Плавінскі намаляваў дудара з глыбоцкай дудой[5].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]