Перайсьці да зьместу

Адам Шульга

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Адам Шульга — дудар з трупы Ігната Буйніцкага. Гады дзейнасьці (1907—1913).

Вядома, што ў клясычны склад капэлы трупы Ігната Буйніцкага ўваходзілі тры музыкі: дудар (Адам Шульга), скрыпач (Франак Голер) і цымбаліст (Ян Голер).

Трупа Буйніцкага пасьля выступленьня ў Спортынг-Палацы ў 1912 годзе. Адам Шульга першы зьлева ў першым радзе.

«Музыкаў нас траіх было — Адам Шульга, дудар, мой брат Франак на скрыпцы іграў і я на цымбалах. Ну і яшчэ восем танцораў — Буйніцкі са сваімі трыма дочкамі і гімназісты з Дзісны — хлопец і тры дзеўкі… Мы са сваімі выкрэнтамі паўсвету аб’ездзілі — два разы ў Пецярбургу былі, у Варшаве, у Вільні». З гэтай гутаркі вынікае, якім быў асноўны рэпертуар трупы: «У Буйніцкага танцавалі найбольш скочныя танцы — „Лявоніху“, „Качана“, „Мяцеліцу“, „Ваўчка“. Яны танцавалі і падпявалі самі сабе, а мы, музыкі, таксама памагалі пець»[1].

Адам Шульга выступаў з тэатрам Ігната Буйніцкага ў Вільні, Варшаве і Пецярбургу. Захаваліся фотаздымкі на якіх прысутнічае дудар.

Але перад выступамі ў Пецярбургу трупа Буйніцкага у 1911 годзе пасьпела захапіць таксама і мінскую публіку. Язэп Дыла пісаў:

« І вось трэці сігнал! У відоўні цёмна, заслона ўзнеслася, і на сцэне пад гукі цымбалаў, скрыпак і дуды Буйніцкі са сваімі дочкамі і іншымі малайцамі-танцорамі пачаў весці „Лявоніху“… Было на што паглядзець! Такой „Лявоніхі“ і ў такім бліскучым выкананні я яшчэ ніколі і нідзе не бачыў!.. А „Мельнік“, а „Юрка“, а „Мяцеліца“!!! Ды гэта ж была сапраўдная нястрымная мяцеліца!.. Далей пайшлі „Верабей“, „Гневаш“, „Антошка“! А „Чабор“! І скуль толькі ў іх бралася гэтулькі энергіі і нязморанасці пры выкананні танцаў?! Здавалася, што нават вопратка, у якую яны былі апрануты, жыла на іх!.. Ніводзін самы таленавіты балетмайстар не мог бы не пазайздросціць Ігнату Буйніцкаму ў такой пастаноўцы нацыянальных беларускіх танцаў!.. Творча-арганізатарскі талент Буйніцкага прыдаў народным беларускім танцам столькі захаплення, столькі мастацкай прыгажосці »

Адам Шульга быў родам з аднаго з найбольш дударскіх рэгіёнаў Паазер’я. Па ўспамінах аднавяскоўцаў, мясцовыя музыкі (з цымбаламі, скрыпкай і дудой) заўжды віншавалі Буйніцкага на Вялікдзень[2]. Дуда была знакавым інструмэнтам Глыбоцкага краю, а адным з моцных цэнтраў яе бытаваньня былі Палівачы. У асобе Адама Шульгі, Ігнат Буйніцкі ўпершыню ў гісторыі вывеў беларускую дуду на тэатральную сцэну і зрабіў яе візітоўкай свайго тэатру. Пра скокі пад дуду пісалі на плакатах-анонсах трупы. У рэпертуары групы налічвалася больш за дзясятак танцаў («Лявоніха», «Юрка», «Верабей», «Мяцеліца», «Гняваш», «Мельнік», «Антошка», «Чобат», «Качан», «Чабор», «Полька» і інш.). Дудар Адам Шульга прымаў актыўны ўдзел у гастролях тэатра. Тады дуду ўпершыню пабачылі многія прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі. Для Буйніцкага дуда не была проста адным з трох інструмэнтаў у традыцыйнай капэлі, але сымбалям беларускай культуры ў цэлым, сынонімам беларускай даўніны і народнасьці. У публікацыі «Нашай Нівы» з 1910 году (3 сьнежня, № 49) чытаем, што пасьля заканчэньня сымфанічнага канцэрта кампазытара і дырыгента Людаміра Міхала Рагоўскага ў Вільні (12 лістапада) у знак падзякі «яму былі дадзены на ўспамін…. ад арганізатараў беларускага тэатру — беларуская дуда». Па словах дасьледчыцы Ірыны Шумскай, калі ў 1911 годзе Міхал Рагоўскі пераяжджаў зь Вільні ў Парыж, то пакінуў падораныя інструмэнты беларускаму музэю. Ігнат Буйніцкі і Адам Шульга зрабілі важкі ўнёсак у захаваньне і разьвіцьцё традыцыі беларускай дуды. Гэты ўнёсак заўважалі і ягоныя сучасьнікі. Янка Купала ў вершы прысьвечаным Ігнату Буйніцкаму напісаў: «Важна рэй Ігнат Буйніцкі/Ў танцах нашых водзіць… Пад дуду і пад цымбалы/Топне, прысьпявае…/Сьцеражыцеся, ўсе людзі:/Беларус гуляе!»

Ад дудара Адама Шульгі была запісаная мелодыя «Чы-чы, чы-чы, верабей…». Запіс быў апублікаваны ў «Дзіцячым сьпеўніку» Антона Грыневіча ў 1925 годзе ў Вільні. Гэтая мелодыя лічыцца неафіцыйным гімнам фэсту Дударскі рэй.

Даты і месцы нараджэньня і сьмерці Адама Шульгі невядомыя. Памяць пра музыку захоўваецца ў зборах Глыбоцкай цэнтральнай бібліятэкі і Глыбоцкага гісторыка-краязнаўчага музэя. Памяць пра дудара ўшанавалі ўдзельнікі першага міжнароднага фэсту дударскіх рэгіёнаў Дударскі рэй у 2017 годзе[3].