Герб Гарадзенскай вобласьці

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

14 чэрвеня 2007 году ўказам прэзыдэнта Беларусі №279 «Аб зацьвярджэньні афіцыйных геральдычных знакаў адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак Гарадзенскай вобласьці» гербу і сьцягу Гарадзенскай вобласьці нададзены афіцыйны статус.

Распрацоўка галоўных знакаў вобласьці вялася камісіяй, якую ўзначальвала намесьнік старшыні аблвыканкама М. М. Бірукова. Пасьля разгляду некалькіх праектаў аўтарам гербу і сьцяга Гарадзенскай вобласьці стала рэгіянальны прадстаўнік грамадзкага аб’яднаньня «Беларускі саюз дызайнэраў» І. У. Процка. Прапанаваны ёй праект быў ухвалены чальцамі камісіі, прайшоў абавязковую геральдычную экспэртызу і быў рэкамендаваны да зацьвярджэньня.

Герб Гарадзенскай вобласьці ўяўляе сабою францускі шчыт, у чырвоным полі якога намаляваны залаты зубар. Герб вянчае вялікая залатая гарадзкая карона. Шчыт апраўлены залатымі дубовымі галінкамі, якія перавівае Андрэеўская стужка блакітнага колеру. У аснову герба быў пакладзены гістарычны герб Гарадзенскай губэрні, атрыманы ў 1878 г. згодна з указам расейскага імпэратара Аляксандра II.


Вобласьці Беларусі: Гербы
Берасьцейская · Віцебская · Гарадзенская · Гомельская · Магілёўская · Менская