Перайсьці да зьместу

Гаўрыіл Сает

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гаўрыла Сает
Імя пры нараджэньні Зэльман-Хаім Сает
Дата нараджэньня 1872
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 26 сьнежня 1919(1919-12-26)
Месца сьмерці
Прычына сьмерці тыф[d]
Месца вучобы
Занятак лекар
Узнагароды
ордэн Сьвятой Ганны 2 ступені Георгіеўскі крыж Георгіеўскі крыж Георгіеўскі крыж

Гаўрыі́л Яфі́мавіч Сае́т, сапраўднае імя Зэльман-Хаім Сает[1] (1872, Вільня — 26 сьнежня 1919, Мазыр) — беларускі лекар, арганізатар сыстэмы аховы здароўя ў Мазыры і Мазырскім павеце.

Скончыў Віленскую 2-ю гімназію (1891)[2][3], мэдычны факультэт Дэрпцкага ўнівэрсытэту (1898), пасьля працаваў у Вільні.

За ўдзел у рэвалюцыйных гурткох высланы ў вёску Юравічы Рэчыцкага павету. У 1903 року пераехаў у Мазыр, працаваў у павятовай больніцы, таксама займаўся практыкай і дома. Абставіны, у якіх працаваў, зрабілі яго ўнівэрсалам: даводзілася быць і тэрапэўтам, і аталярынголягам, і гінэколягам, і санітарным лекарам. У 1904 прызваны на японскі фронт малодшым палкавым лекарам; удзельнічаў у бітвах пад Ляоянам і Мукдэнам. У 1905 вярнуўся ў Мазыр. У 1907—1908 роках вывучаў афтальмалёгію ў Кёнігсбэрскім унівэрсытэце.

З пачаткам Першай сусьветнай вайны зноў прызваны ў войска, служыў лекарам 3-га Смаленскага ўланскага палку.

Пасьля бальшавіцкага перавароту ўзначаліў санітарную службу Мазырскага павету, увайшоў у склад калегіі павятовага аддзелу аховы здароўя. З 1918 року — на фронце Грамадзянскай вайны. У лістападзе 1919 адкліканы на ўтаймаваньне эпідэміі высыпнога тыфу ў Мазырскім павеце, дзе заразіўшыся, памёр.

Валодаў ангельскай, нямецкай, францускай мовамі, ідышам.

Прэміі і ўзнагароды

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

За ўдзел у Расейска-японскай вайне ўзнагароджаны двума Георгіеўскімі крыжамі. За ўдзел у Першай сусьветнай вайне — Георгіеўскім крыжам і двума баявымі ордэнамі. За выслугу гадоў — ордэнам Ганны II ступені[4]. За ўдзел у Грамадзянскай вайне ўзнагароджаны імянной шабляй[5].

Родны брат Сямён — тэрапэўт; сястра Аляксандра — правізарка ў аптэцы.

З будучай жонкай Марыяй Сямёнаўнай, выпускніца Варшаўскай кансэрваторыі, пазнаёміліся ў Вільні на ейным канцэрце. У Мазыры яна вывучалася на стаматоляга. З дачкой Жэняй загінула ў Менску ў часу Нямецка-савецкай вайны. Сын Аляксандар — лекар, працаваў у 3-й клінічнай больніцы Менску, выкладаў у мэдінстытуце. Другі сын, Міхаіл — інжынэр-аўтадарожнік.

Ушанаваньне памяці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1923 року[6] вуліца Рамашоў Роў у Мазыры перайменаваная імем Гаўрыіла Саета[5], а сям’і Саета прызначаная пэрсальная пэнсія. Пасьмяротна залічаны ганаровым лекарам Мазырскай мескай больніцы.

  1. ^ Каплиев, А. А. САЕТ Хельман-Хаим (Гавриил Ефимович) // Становление службы скорой медицинской помощи на территории Беларуси (1919—1939 гг.) / Алексей Каплиев; Национальная академия наук Беларуси, Институт истории. — Мн.: Беларуская навука, 2019. — С. 233. — ISBN 978-985-08-2490-5
  2. ^ Фамилия Сает (рас.) Центр генеалогических исследований Праверана 3 лістапада 2021 г.
  3. ^ Выпускники Виленской 2-й гимназии (1876—1902) (рас.) Петербургский генеалогический портал Праверана 3 лістапада 2021 г.
  4. ^ 2001 Иоффик, В..
  5. ^ а б Нікіціна, Тацяна (26 жніўня 2017) Імем рэвалюцыі. Жыццё Палесся. Праверана 3 лістапада 2021 г.
  6. ^ М. П. Капліева, А. А. Капліеў. Эпідэмічная сітуацыя на тэрыторыі Беларусі падчас Польска-савецкай вайны (1919—1920) // Здравоохранение. — 2019. — № 7. — С. 75.
  • Сает Гавриил Ефимович // Их именами названы…: Энцикл. справочник. — Мн.: БелСЭ, 1987. — 30 000 ас.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мазыра і Мазырскага р-на. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1997. — 574 с. ISBN 985-02-0388-9.
  • Виктор Иоффик. Улица Саета  (рас.) // Мишпоха : журнал. — 2001. — № 10 (2).
  • Любоў Лобан. Доктор для бедных  (рас.) // Гомельская праўда. — 2014. — № 178—179. — С. 8.