Перайсьці да зьместу

Гамбрынус (кароль)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Кароль Гамбрынус

Гамбрынус (па-лацінску: Gambrinus) — легендарны кароль, які лічыцца вынаходнікам піваварства. Аб Гамбрынусу, у першапачатковым варыянце Гамбрывіюс, упершыню паведамляе ў 1519 годзе нямецкі гісторык Ёган Авэнтын у сваіх «Баварскіх аналах» (лац. Annales Bajorum). Авэнтын піша, што Гамбрывіюс быў сынам аднаго з германскіх племянных каралёў, Марсуса. Гамбрывіюс, паводле «аналаў», узяў у жонкі эгіпецкую багіню мацярынства й урадлівасьці Ізіду, якая й навучыла яго піваварнаму мастацтву. Паводле іншых зьвестак, першым такую ​​вэрсію аб паходжаньні Гамбрынуса выклаў нямецкі паэт Буркарт Валдыс у 1543 годзе.

Уласна імя Гамбрынус зьявілася ў 1574 годзе ў Антвэрпэне ў выніку памылкі друку, якая ператварыла Гамбрывіюса ў Гамбрынуса. Імя ж Гамбрывіюса сустракаецца яшчэ ў Тацыта, у яго «Германіі » (рзд. 2). Там жа распавядаецца і пра германскі народ марсіяў.

Імя Гамбрынус у наш час носяць шматлікія эўрапейскія і амэрыканскія вытворцы піва. Сярод самых вядомых варта назваць бровар «Гамбрынус» у чэскім горадзе Пльзень, кампанію «Гамбрынус» у Сан-Антоніё й фірму «Гамбрынус» з францускага Мюлюзу.