Перайсьці да зьместу

Вінцантова (геалягічнае агаленьне)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік прыроды
Агаленьне «Вінцанто́ва»
Краіна Беларусь
Вёска Казлы (Вялейскі раён)
Адрас Вялейскі раён
Каардынаты 54°21′54″ пн. ш. 27°15′17″ у. д. / 54.365° пн. ш. 27.25472° у. д. / 54.365; 27.25472Каардынаты: 54°21′54″ пн. ш. 27°15′17″ у. д. / 54.365° пн. ш. 27.25472° у. д. / 54.365; 27.25472
Стан дзейны
Агаленьне «Вінцанто́ва» на мапе Беларусі
Агаленьне «Вінцанто́ва»
Агаленьне «Вінцанто́ва»
Агаленьне «Вінцанто́ва»
Агаленьне «Вінцанто́ва» на Вікісховішчы

Агаленьне «Вінцанто́ва»геалягічны помнік прыроды рэспубліканскага значэньня. Разьмешчана ў вялікім рэкультываваным кар'еры за 1,5 км на захад ад цэнтру в.Казлы Вялейскага раёну.

Гэта адзін з важнейшых новых апорных разрэзаў з унікальным агаленьнем інтэрстадыяльных і міжледавіковых азёрных адкладаў дняпроўскага позналедавікоўя і муравінскага міжледавікоўя. Лінза прасочваецца ўздоўж сьценкі кар’еру на 15—20 мэтраў. Тут у амаль 15–мэтровым разрэзе агаляецца пераслойваньне рознакаляровых розназярністых пяскоў, салюфлюкцыйных пясчана-жвірова-галечна-валунных адкладаў і гумусаванага пяску з буйнымі рэшткамі расьлінаў (нават галін дрэў) пад якімі выступае чырвона-буры марэны супесак. Магутнасьць інтэрстадыяльных і міжледавіковых азёрных адкладаў складае 0,4—0,8 м.

У гумусавых пясках захавалася выкапнёвая флёра, характэрная для лоеўскага інтэрстадыялу і пачатку муравінскага межледавікоўя (14 відаў). З дрэвавых парод прысутнічаюць сасна, вярба, ядловец. Травяністая флёра больш багатая і разнастайная, па яе складу можна сказаць пра існаваньне тут у тыя часы водных і водна–балотных умоў. Сярод яе найбольш часта сустракаюцца рэшткі рдзеста плывучага, гарлачыка белага і жоўтага, хвасьніку звычайнага, бабка трыісьціевага і плюшчая простага. Асаблівую цікавасьць выклікае вялікая колькасьць рэшткаў рдзеста, а таксама прысутнасьць шышак сасны, што зьяўляецца даволі рэдкай зьявай у выкапнёвых флёрах Беларусі.

У геамарфалягічных адносінах гэта месца прыстасавана да водападзельнай часткі канцова–марэнай грады Менскага ўзвышша. Абсалютныя адзнакі паверхні грады — 200—205 м над узроўнем мора. Агаленьне адкладаў выступае на паўднёвай сьценцы кар’еру на вышыні каля 25 м ад яго днішча. Тэрыторыя грады вакол былога кар’еру занятая лесам і верхавым балотам. Сьценкі кар’еру часткова сплянаваны і засаджаны бярозай і сасной.

Крыніца пад агаленьнем

Агаленьне «Вінцантова» мае вялікае навуковае значэньне. Яно адлюстроўвае ўмовы заляганьня познадняпроўскіх і муравінскіх міжледавіковых азёрных адкладаў, а таксама паазерскіх перыгляцыяльных адкладаў на краявых ледавіковых утварэньнях цэнтральнай Беларусі, раскрывае геалягічную гісторыю разьвіцьця азёрных катлавін і град Менскага ўзвышша. Гэта агаленьне пацьвярджае тэрмакарставую перабудову рэльефу грады. Тэрмакарставая западзіна з возерам ва ўрочышчы Вінцантова і намнажэньні старажытных азёрных адкладаў утварыліся пры адыходзе ледавіка прыкладна 130—110 тысячаў гадоў таму і на пачатку муравінскага міжледавікоўя.

Агаленьне «Вінцантова» сьведчыць пра тое, што нават у часы максымальнага распаўсюджваньня паазерскага зьледзяненьня, якое адбылося прыкладна 20—15 тысячаў гадоў таму, ледавік не перакрываў гэтую тэрыторыю. Яно таксама каштоўнае для больш дэталёвага вывучэньня палеагеаграфічных умоў і гісторыі разьвіцьця тут старажытнай расьліннасьці. Увагу прыцягваюць каляровыя кантрасты агаленьня, а таксама крыніца, што выцякае з-пад яго.

  • Памяць. Вілейскі раён. // — Мн.: БелТА., 2003. — 704 с. — (Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларуі.). — 3000 экз. — ISBN 985-6302-56-0