Перайсьці да зьместу

Восіп Ігельстрэм

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Восіп Ігельстром»)
Дзьмітры Лявіцкі. Партрэт В. А. Ігельстрома

Восіп Андрэевіч Ігельстрэм (па-расейску: Осип Андреевич Игельстрем; 17371817) — расейскі дзяржаўны дзеяч і вайскавод, барон, а затым граф і генэрал ад інфантэрыі (1796). З роду Ігельстрэмаў, сын ліфляндзкага шляхціча.

Навучаўся ў Рызе й Нямеччыне. У 1753 годзе распачаў вайсковую службу ў расейскай арміі. Падчас першае вайны з Турэччынай у 1768—1774 гадах асабліва вызначыўся пры ўзяцьці крэпасьці Акерман. Дзякуючы заступніцтву Пацёмкіна ў 1784 годзе атрымаў месца генэрал-губэрнатара сыбірскага і ўфімскага. Удзельнічаў у швэдзкай вайне і быў упаўнаважаным ад расейскага двара пры падпісаньні Вэрэльскае дамовы (1790). Ад 1790 году камандуючы фінляндзкімі войскамі.

У 1792 годзе атрымаў расейскае шляхецтва. У 1792 пераведзены намесьнікам у Пскоў, а праз год прызначаны генэрал-губэрнатарам кіеўскім, чарнігаўскім і ноўгарад-северскім. У канцы таго жа году пасланы ў Варшаву для прыняцьця галоўнага начальства над расейскімі войскамі, размешчанымі ў Рэчы Паспалітай. 28 сьнежня 1793 прызначаны надзвычайным і паўнамоцным паслом Расеі ў РП. Прадбачачы паўстаньне, ня раз прасіў графа Зубава павялічыць войска, але атрымліваў толькі папрокі ў баязьлівасьці. Ягоны загад аб скарачэньні напалову войска РП стаў непасрэднай прычынай паўстаньня Касьцюшкі. Калі ў 1794 годзе пачалося паўстаньне Ігельстром ледзь выратаваўся ад сьмерці. Ён быў вымушаны пакінуць службу і пераехаў у Рыгу. У 1797 прызначаны вайсковым губэрнатарам у Арэнбургу, падначаліў башкіраў і мешчаракоў. Звольніўся ў 1798.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]