Перайсьці да зьместу

Варацішын крыж

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Камень «Варацішын крыж»

«Варацішын крыж» — валун, які знаходзіцца ў вёсцы Камена Вялейскага раёну. Помнік прыроды рэспубліканскага значэньня

Народная пагалоска казала некалі, што гэта скамянелы араты, пакараны Богам за працу на Вялікдзень. Ва ўсялякім разе такую легенду запісаў Канстанцін Тышкевіч у 1857 годзе. Цяпер такой легенды ў вёсцы не памятаюць, але да каменя ўсё адно ставяцца з павагай. Знаходзіцца камень за драўляным плотам у прыватным двары.

Гэта вялікі валун з нахілам бакоў каля 80°, які, дзякуючы ледавіку, мае звонападобную форму і згладжаныя, амаль адпаліраваныя бакі. Узвышаецца камень над паверхняй на 3,5 мэтры, уваходзіць углыб на 2,5 мэтры, абвод яго каля падэшвы складае 16 мэтраў. Яшчэ ў мінулым стагодзьдзі валун называлі найстаражытнейшым помнікам хрысьціянскай даўніны, бо на камяні выбіты вялікі васьміканцовы крыж з надпісам «Господи помози рабу своему Борису». Лічыцца, што надпіс зроблены па загадзе Полацкага князя Барыса Усяславіча ў 1102-1106 гады майстрам па імені Вараціша, таму што па меркаваньні гісторыкаў у дадатак да вышэйпрыведзенага надпісу на камяні маюцца амаль зацёртыя часам словы «Воротишин Хрестъ». Дарэчы, адсюль і назва валуна: «Камень Варацішын крыж».

Хутчэй за ўсё, некалі каля гэтага каменя было язычніцкае капішча, на карысьць чаго сьведчаць два несымэтрычныя акруглыя паглыбленьні на яго вяршыні. Апроч таго, за 30 мэетраў на захад ад апісанай камлыгі захаваўся другі валун, які, па словах гаспадара зямлі, па памерах большы за Варацішын крыж. Але на сёньня надземная яго частка даволі сьціплая: вышыня ўсяго 1,5 мэтры, а даўжыня 3. Пра гэты камень таксама захавалася легенда: «Кажуць, што каля валуна вельмі часта раптоўна зьяўляўся залаты конь, які скакаў вакол яго і так жа ж раптоўна зьнікаў. Людзі палічылі гэта знакам, маўляў, пад каменем схавана золата. Два браты вырашылі спраўдзіць. Але пакуль адзін спаў, другі хуценька пачаў падкопваць камень, спадзеючыся, што ўсё знойдзенае золата дастанецца яму аднаму. Золата дзяцюк не знайшоў, а камень ссунуўся ў яму і ад таго часу ледзь узвышаецца над зямлёй».

  • Дучыц Л., Клімковіч І. Таямніцы каменных валуноў // Полымя. №10. 2007.

Варацішын крыжсховішча мультымэдыйных матэрыялаў