Перайсьці да зьместу

Ваны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Ваны — у скандынаўскай міталёгіі невялікая група багоў урадлівасьці. Жылі яны ў Ванагэйме, далёка ад Асгарду, мясьціны багоў-асаў. Ваны валодалі дарам прадбачаньня, вяшчунства, а таксама валодалі мастацтвам вядзьмарства. Акрамя гэтага, ім прыпісваліся кровазьмяшальныя сувязі паміж роднымі братамі і сёстрамі. Да ванаў адносілі Ньёрда і яго нашчадкаў — Фрэйра і Фрэйю.

У старажытных легендах распавядалася аб вайне, якая паклала канец залатому стагодзьдзю. Падставай да першай вайны паслужыў учынак злой вядзьмаркі Хейды, прыйшэлай у селішча асаў, якія забілі вядзьмарку дзідамі і спрабавалі тройчы спаліць яе на вогнішчы, але зладзюжка зноў уваскрасала з попелу. Пачатак вайне быў пакладзены правадыром асаў Одынам, які шпурнуў сваю дзіду ў кірунку ванаў. Багі ўрадлівасьці пайшлі ў наступ на нябеснае паселішча асаў, але асы апынуліся мацней, і дужаньне скончылася абменам закладнікамі. Вайну асаў і ванаў можна інтэрпрэтаваць як дужаньне за сьвяты мёд, які ўвасабляў у сабе нейкі касьмічны прынцып усьведамленьня жыцьця. Па адданьні, ваны лічыліся захавальнікамі сьвятога мёду. Ваны паслалі ў Асгард бога мора Ньёрда і яго дзяцей, двайнят Фрэйра і Фрэйю, а разам зь імі Квасіра, мудрага чалавечка, створанага зь сьліны багоў, якія ў знак прымірэньня паміж асамі і ванамі плявалі ў гарлач.

Асы таксама адправілі ў Ванагэйм закладнікаў: Хеніра, брата бога Одына, які дараваў першым людзям пачуцьці, і мудрага Міміра. Спачатку Хенір і Мімір былі ветліва прынятыя ванамі, але неўзабаве тыя дашлі да высновы, што на абмене з асамі яны прайгралі. Нерашучы Хенір ня мог і слова сказаць, калі побач не было Міміра. Ваны вырашылі, што Мімір зьяўляецца ня толькі голасам Хеніра, але і яго розумам. Угневаныя, яны адсеклі Міміру галаву і адправілі яе асам. Одын забальзамаваў галаву няшчаснага, затым прачытаў над ёй загавор, які вяртае дарунак прамовы. Пасьля Одын даручыў галаве Міміра пільнаваць чарадзейную крыніцу пад каранямі сусьветнага дрэва Іггдрасіль. Жадаючы атрымаць частку ведаў Міміра, Одын аддаў яму адно вока за дазвол папіць з крыніцы мудрасьці. Перад апошняй бітвай багоў і пачвар, Рагнарок, Одын павінен пайсьці да крыніцы і тамака папытаць рады ў галавы Міміра.