Валерыя Навадворская
Валерыя Навадворская | |
па-расейску: Вале́рия Ильи́нична Новодво́рская | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзілася: |
17 траўня 1950 Баранавічы, БССР |
Памерла: |
12 ліпеня 2014 (64 гады) Масква, Расея |
Партыя: | Дэмакратычны зьвяз |
Адукацыя: | |
Узнагароды: | |
Вале́рыя Ільлі́нічна Навадво́рская (17 траўня 1950, Баранавічы, БССР — 12 ліпеня 2014, Масква, Расея[1]) — расейская палітычная дзяячка, дысыдэнт, журналіст, заснавальнік і старшыня ультра-лібэральнай партыі «Дэмакратычны зьвяз» (Старшыня ЦКС ДЗ). Калумніст часопісу The New Times.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Раньнія гады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзілася ў горадзе Баранавічы (БССР)[2].
Прадзед Валерыі Навадворскай быў прафэсійным рэвалюцыянэрам, арганізаваў першую сацыял-дэмакратычную друкарню ў Смаленску.[3] Дзед нарадзіўся ў сыбірскім астрозе, ваяваў у Першым Конным войску Сямёна Будзённага.[3]
У дзяцінстве Навадворская моцна хварэла на астму, шмат лячылася ў санаторыях.
У 1968 годзе скончыла сярэднюю школу. Затым вучылася ў інстытуце замежных моваў імя Марыса Тарэза (францускае аддзяленьне) па спэцыяльнасьці «перакладчык і пэдагог».[2] Годам пазьней арганізавала падпольную студэнцкую суполку, у якой абмяркоўвалася неабходнасьць зьвяржэньня камуністычнага рэжыму шляхам узброенага паўстаньня.[2][4]
Дысыдэнцкая дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У сьнежні 1969 году арыштаваная КДБ па абвінавачваньні ў антысавецкай агітацыі і прапагандзе (арт. 70 УК РСФСР) за распаўсюджваньне ўлётак з крытыкай уводу савецкіх войск у Чэхаславаччыну (асуджаная не была). З чэрвеня 1970 па люты 1972 году знаходзілася на прымусовым лячэньні ў спэцлякарнях з дыягназам «шызафрэнія, паранаідальнае разьвіцьцё асобы».[2]
У 1972 годзе ўдзельнічала ў тыражаваньні і распаўсюджваньні самавыдавецкіх матэрыялаў[2]. З 1973 па 1975 год працавала пэдагогам у дзіцячым санаторыі.[2] З 1975 па 1990 год працуе перакладчыцай мэдыцынскай літаратуры 2-га Маскоўскага мэдыцынскага інстытуту.[2] З 1977 па 1978 год спрабавала стварыць падпольную палітычную партыю для барацьбы з КПСС.[2] У 1977 годзе скончыла вячэрні факультэт замежных моваў Маскоўскага абласнога пэдагагічнага інстытуту ім. Крупскай.[2] 28 кастрычніка 1978 году стала адной з заснавальнікаў «Вольнага міжпрафэсійнага аб’яднаньня працаўнікоў» (ВМАП).[2] Падвяргалася неаднаразовым і сыстэматычным перасьледам уладаў: зьмяшчалася ў псыхіятрычныя лякарні, сыстэматычна выклікалася на допыты па справах сяброў ВМАП, у яе на кватэры праводзіліся ператрусы.[2]
У 1978, 1985, 1986 гадах Навадворскую судзілі за дысыдэнцкую дзейнасьць.[2] З 1984 па 1986 год Навадворская збліжаная зь сябрамі пацыфісцкай суполкі «Давер». З 1987 па травень 1991 году была арганізатарам несанкцыянаваных уладамі антысавецкіх мітынгаў і дэманстрацыяў у Маскве, за што затрымлівалася міліцыяй і падвяргалася адміністрацыйным арыштам у агульнай колькасьці 17 разоў. У 1988 годзе зьяўляецца адной з удзельніц стварэньня партыі «Дэмакратычны зьвяз».[2] У верасьні 1990 году абвінавачвалася ў публічнай абразе гонару і вартасьці прэзыдэнта СССР і ў абразе дзяржаўнага сьцяга.
Удзел у палітыцы 1990-х
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У траўні 1991, студзені і жніўні 1995 году супраць Навадворскай узбуджаліся крымінальныя справы, спыненыя за адсутнасьцю складу злачынства. Летам 1992 году прэзыдэнт Грузіі Зьвіяд Гамсахурдзія выдаў Навадворскай грузінскае грамадзянства (адначасова прызначыўшы яе сваім дарадчыкам па правах чалавека). У канцы 1992 году Навадворская і частка сяброў ДЗ стварылі арганізацыю «Дэмакратычны зьвяз Расеі» (ДЗР). У верасьні 1993 году, пасьля ўказу прэзыдэнта Барыса Ельцына аб роспуску Вярхоўнага Савету РФ была адной зь першых, хто падтрымаў гэты ўказ. Арганізоўвала мітынгі ў падтрымку прэзыдэнта. У кастрычніку 1993 году — удзельнічала ва ўстаноўчым зьезьдзе блёку «Выбар Расеі». Зьбіралася балятавацца ў горадзе Іванава, але не пасьпела сабраць неабходную колькасьць подпісаў. 19 сакавіка 1994 году Краснапрэсьненская пракуратура пачала праверку дзейнасьці Валерыі Навадворскай па артыкулах 71 і 74 УК РФ (прапаганда грамадзянскай вайны і распальваньне міжнацыянальнай розьні).
У чэрвені 1994 году Навадворская ўдзельнічала ва ўстаноўчым зьезьдзе партыі «Дэмакратычны Выбар Расеі». 27 студзеня 1995 году — Генэральнай пракуратурай РФ была ўзбуджаная крымінальная справа (N229120) з-за артыкулаў Навадворскай, апублікаваных у газэце «Новый взгялд». 8 жніўня 1995 году пракуратурай Цэнтральнай акругі Масквы справа была спыненая за адсутнасьцю ў яе дзеяньнях складу злачынства.
14 жніўня 1995 году — Маскоўская гарадзкая пракуратура ўзбудзіла чарговую крымінальную справу супраць Навадворскай. Падставай паслужыла ўлётка напісаная Навадворскай да пікету ДЗР 8 красавіка. Справа было перададзеная ў Астанкінскую пракуратуру, якая не знайшла ва ўлётцы складу злачынства. У сьнежні 1995 году — на выбарах у Дзярждуму Расеі другога скліканьня Навадворская ўвайшла ў выбарчы сьпіс Партыі эканамічнай свабоды. Акрамя гэтага, Навадворская зарэгістравалася ў аднамандатнай акрузе № 192 г. Масквы. Выбары прайграла. 11 сакавіка 1996 году Маскоўская гарадзкая пракуратура адмяніла рашэньне пракуратуры Цэнтральнай акругі Масквы ад 8 жніўня 1995 г. аб спыненьні справы (N229120) у дачыненьні да Навадворскай. Справа была накіраваная для паўторнага расьсьледаваньня ў пракуратуру Паўночна-Ўсходняй акругі Масквы.
10 красавіка 1996 году — Валерыі Навадворскай было прад’яўленае абвінавачваньне па артыкуле 74, часткі 1-й (наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на распальваньне нацыянальнай розьні). Перад выбарамі прэзыдэнта РФ падтрымлівала кандыдатуру Рыгора Яўлінскага. Пасьля першага туру выбараў, разам з Дэмакратычным зьвязам Расеі, прапанавала лідэру «Яблыка» «неадкладна і без усякіх умоваў аддаць галасы сваіх прыхільнікаў Барысу Ельцыну». 22 кастрычніка 1996 году — Маскоўскі гарадзкі суд адправіў на перагляд справу N229120 у дачыненьні Валерыі Навадворскай. Зьяўлялася памагатыым дэпутата Канстантына Баравога ў Дзяржаўнай Думе Расеі другога скліканьня (1995—1999).
Займалася журналісцкай і асьветніцкай дзейнасьцю. Аўтар кніг «Над прорвай у хлусьні», «Мой Карфаген абавязаны быць разбураны» (курс лекцыяў, прачытаны некалькі разоў у РГГУ у Юрыя Афанасьева), «Па тым баку адчаю».
З 1990 году была практыкуючай хрысьціянкай украінскай праваслаўнай парафіі Святой-Тройцы ў г. Маскве[5].
Вольна валодала ангельскай і францускай мовамі. Чытала на беларускай[6], нямецкай, італьянскай мовах.
Памерла ў Маскве 12 ліпеня 2014 году. Пахаваная ў Маскве на Данскіх могілках[7].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Ірына Саламонава (12.07.2014) Умерла Валерия Новодворская (рас.). slon.ru. Праверана 12 ліпеня 2014 г.
- ^ а б в г д е ё ж з і к л м Валерыя Навадворская на сайце viperson.ru (рас.)
- ^ а б С пеной у рта (рас.) // Незалежная газэта, 28 чэрвеня 2001
- ^ Валерыя Навадворская — біяграфія на сайце 24news.ru
- ^ Валерія Новодворська: сайт «Харківсько-Полтавська єпархія - УКРАЇНСЬКА АВТОКЕФАЛЬНА ПРАВОСЛАВНА ЦЕРКВА» (12.07.2014) (укр.)
- ^ Ідэальны апазіцыянер. Валерыя Навадворская аб выбарах, апазіцыі, памяркоўнасці і мове (рас.)
- ^ У Маскве пахавалі Валерыю Навадворскую
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Валерыя Навадворская — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
Аб Валерыі Навадворскай
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Афіцыйная біяграфія Валерыі Навадворскай (рас.)
- Падрабязная біяграфія (рас.)
- Біяграфія Навадворскай на сайце www.sem40.ru (рас.)
- Крытыка Навадворскай і праваабарончага руху (рас.)
- Старонка папулярнага расейскага блога dirty.ru, прысьвечаная Валерыі Навадворскай (рас.)
- На месца Навадворскай, мабыць, ужо ня прыйдзе ніхто