Перайсьці да зьместу

Бітва на Соме

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Бітва пры Сомэ»)
Бітва на Соме
Брытанскі танк Mark I на Соме 25 верасьня 1916
Дата: 1 ліпеня — 19 лістапада 1916
Месца: рака Сома
Вынік: Пірава перамога Антанты
Супернікі
Сьцяг Вялікабрытаніі Вялікая Брытанія
Сьцяг Францыі Францыя
Сьцяг Аўстраліі Аўстралія
Сьцяг Канады Канада
Сьцяг Новай Зэляндыі Новая Зэляндыя
Сьцяг Аўстраліі Аўстралія
Сьцяг Нямеччыны (1871-1918, 1933-1935)Нямецкая Імпэрыя
Камандуючыя
Сьцяг Вялікабрытаніі Дуглас Гэйг
Сьцяг Францыі Фэрдынанд Фош
Сьцяг Нямеччыны (1871-1918, 1933-1935)Мак фон Галлвіч,
Сьцяг Нямеччыны (1871-1918, 1933-1935)Фрыц фон Белоў
Колькасьць
13 брытанскіх і 11 францускіх дывізій (пачаткова)
51 брытанская і 48 францускіх дывізій (напрыканцы)
10,5 дывізый (пачаткова)
50 дывізый (напрыканцы)
Страты
620 000
100 танкаў
450 000

Бітва на Соме (1 ліпеня — 19 лістапада 1916) — найбуйнейшая бітва ў Першай Сусьветнай вайны, падчас якой загінула каля мільёна чалавек.

Бітва адбывалася між брытанскімі і нямецкімі сіламі ў Паўночнай Францыі (Пікардзія) на рацэ Сома.

На канфэрэнцыі ў Шанціліі ў сьнежні 1915 камандваньне краінаў Антанты дамовілася з новага году аб каардынацыі вайсковых апэрацыяў. Наступы як на Заходнім, так і на Ўсходнім франтах мусілі распачынацца адначасова. Расейская армія і італьянская павінны былі заатакаваць 15 чэрвеня 1916. На Заходнім фронце на раце Сома брытанцы і французы ішлі ў наступ 1 ліпеня.

Плян быў зацьверджаны 10 лютага 1916. Апэрацыя на Соме павінна была праводзіцца трыма францускімі і двума ангельскімі арміямі (64 дывізіі). Але шматлікія страты французаў у бітве пад Вэрдэнам прывялі да таго, што цяжар наступу прыпаў на брытанскія войскі. Фронт прарыву скараціўся з 70 да 40 км.

Брытанскі камандуючы Дуглас Гэйг зьбіраўся атакаваць 2 нямецкую Армію (гэн. Фрыц фон Белоў) сіламі 4 Брытанскай Арміі (гэн. Гэнры Раўлінсон), што мела 16 дывізій і часткай 3 Брытанскай арміі (гэн. Эдмунд Алленбі) — 2 дывізіі. Дапаможны ўдар наносіла француская 6 Армія генэрала Файоля. Усёй апэрацыяй кіраваў гэн. Фош.

Брытанцы плянавалі распачаць працяглае артылерыйскае бамбардаваньне нямецкіх умацаваньняў, якія пасьля б як меркавалася пяхота зойме бяз усялякіх намаганьняў, «артылерыя спусташае — пяхота займае».

Падрыхтоўка да апэрацыіі вялася 5 месяцаў, была разгорнута інфраструктура, назапашаны снарады ад 1700 да 3000 на гармату ў залежнасьці ад калібру. На вучастку прарыву знаходзілася да 3500 ствалоў артылерыі, больш 300 самалётаў.

Немцы заўважылі падрыхтоўку да наступу, але лічылі, што пасьля бітвы пад Вэрдэнам, французы скрываўлены, а ангельцы ня могуць адныя весьці маштабныя дзеяньні.

На вучастку прарыву немцы мелі тры пазыцыі абароны якія дасягалі 7-8 км ў глыб. Умацаваньні вяліся два гады, меліся бэтонныя бліндажы да 10 мэтраў ў глыб, сыстэма апорных пунктаў, кожная пазыцыя мела загароджу з калючага дроту на 30-40 мэтраў.

Мапа бітвы на Соме

З-за цяжкага становішча саюзьнікаў апэрацыя пачалася раней. 24 чэрвеня распачаўся артабстрэл нямецкіх пазыцыяў і працягвалася 7 дзён. Было ўжыта 1,5 млн снарадаў. Аднак тая артпадрыхтоўка не прынесла жаданага выніку. Фартэцыі немцаў былі мацнейшыя і лепей замаскаваныя, чым лічылі брытанцы. Хаця першая лінія абароны была значна пашкоджана, і 50% нямецкіх батарэй былі разьбіты, немцы за час артабстрэлу пасьпелі сьцягнуць дадаткова тры дывізіі і 30 батарэй цяжкой артылерыі.

1 ліпеня па нямецкай 1-й лініі было выпушчаны колькі мінаў, а пасьля артылерыі перанесла абстрэл у глыб нямецкай абароны. Нямецкія жаўнеры ў гэты час пакінулі бліндажы і занялі баявое становішча. Брытанская пяхота была спынена кулямётным агнём. У першы дзень брытанцы страцілі каля 60 тысячаў жаўнераў (21 тысяча забітымі і бязь зьвестак і больш 35 тысячаў параненымі) — збольшага добраахвотнікаў, што ішлі ў войска на хвалі энтузіязму. Асабліва пацярпелі афіцэры, колер формы якіх вылучаўся ад шараговых жаўнераў. Больш пасьпяховымі былі вынікі атакі ў французаў, якія здолелі заняць дзьве пазыцыі нямецкіх ўмацаваньняў. Быў захоплены Барлё, але такі імклівы наступ ня прадугледжваўся графікам агульнай апэрацыі і войска было адведзена назад. 5 ліпеня атакі аднавіліся, але немцы здолелі аднавіць умацаваньні і прывесьці новыя часткі. На працягу ліпеня-кастрычніка 1916 французы зацята спрабавалі ўзяць Барлё, але больш ня здолелі гэта зрабіць.

Наступныя месяцы прынесьлі шэраг цяжкіх бітваў, якія невялікія тэрытарыяльныя здабыткі. Немцы вымушаны былі правесьці перагрупаваньне сваіх сілаў і зьняць частку дывізій з пад Вэрдэна.

У гэты час расейская армія распачала 13 чэрвеня няўдалую Скробава-Гарадзішчанскую апэрацыю пад Баранавічамі. Брусілаўскі прарыў на аўстра-вугорскім фронце прымусіў Нямеччыну прыйсьці на дапамогу саюзьніку і даслаць частку войска на Ўсходні фронт. У жніўні нямецкі рэзэрв на Заходнім фронце складала адна дывізія.

Сытуацыя пачала выпраўляцца ў верасьні. 3 верасьня распачаўся новы наступ. Пасьля артпадрыхтоўкі, у якой удзельнічала 1900 цяжкіх гармат, дзьве брытанскія і дзьве францускія арміі пайшлі ў атаку. Войска Антанты здолела заглыбіцца на 3-4 км.

Брытанскі танк Mark V, 1916

15 верасьня ўпершыню ў вайне быў ужыты танк (з брытанскага боку). Хаця ў атацы здолела прыняць удзел толькі 18 танкаў з 50, і наступалі яны асобна на фронце 10 км, іх псыхічны ўплыў на нямецкую пяхоту быў вялічэзны. У выніку ангельцы здолелі прасунуцца на 5 км з 5 гадзін бою, у той час як раней прасоўваньне на некалькі сот мэтраў цягнула за сабою шматлікія страты.

У той самы час перамога пачала хіліцца на бок брытанцаў. Немцы былі зьнясіленыя моцнай брытанскай артпадрыхтоўкай і выкарыстаньнем танкаў. Але наступныя атакі танкаў ня прынесьлі такога самага выніку — нямецкія жаўнеры хутка навучыліся змагацца з танкамі.

25—27 верасьня ангельска-францускае войска заняло вышыні над рэкамі Сома і Анкр.

Пагаршэньне надвор’я прымусіла генэрала Гэйга стрымаць наступ.

Забітыя нямецкія жаўнеры, верасень, 1916

Бітва скончылася 18 лістапада 1916. Пасьля чатырох месцаў баёў войскі Антанты прасунуліся на 12 км на адрэзку 40 км. Страты з абодвух бакоў былі вялізарныя: брытанцы — 419 654, французы — 204 253 разам 623 907 чалавек, зь іх забітымі й бязь зьвестак — 146 431 чалавек. Немцы — больш за 465 тысячаў, зь іх забітымі й бязь зьвестак — 164 055 чалавек.

Мэта апэрацыі — скрываўленьне нямецкай арміі і паляпшэньне ўмоваў для саюзьнікаў была часткова выканана, але коштам вялікіх страт.