Перайсьці да зьместу

Біблія Тындэйла

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Пачатак Дабравесьця паводле Яна зь перакладу Новага Запавету Ўільяма Тындэйла 1525 року.

Бі́блія Тындэ́йла (па-ангельску: Tyndale Bible) — пераклад Бібліі на ангельскую мову, зьдзейсьнены Ўільямам Тындэйлам. Лічыцца першым ангелськім перакладам з арыгінальных гэбрайскіх і грэцкіх тэкстаў. Пераклад названы імем Тындэйла, хоць ён не пасьпеў выдаць Біблію цалкам. Да свайго сьмяротнага пакараньня Ўільям Тындэйл скончыў пераклад Новага Запавету і прыкладна паловы Старога[1].

У 1522 року Тындэйл нелегальна прыдбаў копію нямецкага перакладу Новага Запавету Марціна Лютэра, з чаго ўсё й пачалося. Захапіўшыся Лютэравай працай, Ўільям неадкладна вырашыў паўтарыць гэта па-ангельску[2]. Ён паведаміў пра свой намер лёнданскаму біскупу Катбэрту Танстэлу, аднак той не падтрымаў гэтае пачынаньне. Пасьля адмовы Танстэла Тындэйл пераехаў на кантынэнт і асеў у Гамбургу, дзе ў 1524 скончыў пераклад Новага Запавету[3]. Першае ягонае выданьне пабачыла сьвет у 1526 року[4]. У 1534 і 1536 выйшлі перагледжаныя перакладнікам выданьні, а пасьля ягонай сьмерці яны перагледжваліся і перавыдаваліся яшчэ некалькі разоў.

Рэакцыя каталіцкай царквы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пераклады Ўільяма Тындэйла былі асуджаныя як царквой, так і манархічнай уладай Ангельшчыны, дзе супраціў рэфармацкаму руху цягнуўся даўжэй. Перакладнік быў вымушаны пакінуць краіну і пасяліцца на прарэформавай зямлі[5]. Пераклад 1526 року быў забаронены ў Ангельшчыне, любая копія мела быць спаленая[6].

Значэньне створанага Тындэйлам перакладу цяжка пераацаніць. Ягоная Біблія запачаткавала мноства іншых пазьнейшых перакладаў. На ягонай аснове створаная Біблія Мацьвея, якая стала першым афіцыйна ўхваленым перакладам Бібліі на ангельскую мову[7]. Біблія Тындэйла таксама згуляла ключавую ролю ў распаўсюдзе ідэяў Рэфармацыі ў Ангельшчыне.

  1. ^ Sir Frederic Kenyon,The story of the Bible London:Butler & Tanner Ltd., 1947,47-49.
  2. ^ Partridge, 38.
  3. ^ Alfred W. Pollard, ed., Records of the English Bible (Kent: Wm. Dawson & Sons Ltd., 1974), 87-89.
  4. ^ Craig R. Thompson, The Bible in English 1525—1611 (New York: Cornell University Press, 1963),6.
  5. ^ Pollard,87-91.
  6. ^ Thompson, 7.
  7. ^ Kenyon, 48-50.
  • Coggan, Donald. The English Bible. Essex: Longmans, Greeb & Co. Ltd., 1968.
  • Partridge, A.C. English Biblical Translations. London: Andrè Deutsch Limited, 1973.
  • Pollard,Alfred W., ed. Records of the English Bible. Wm. Dawson & Sons Ltd., 1974.
  • Thompson, Craig R. The Bible in English. New York: Cornell University Press, 1963.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]