Перайсьці да зьместу

Блакітны ліхтар

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

«Блакітны ліхтар» (1971—1974) — літаратурны рукапісны часопіс, выдаваўся групай студэнтаў Наваполацкага політэхнічнага інстытуту і школьнікаў. Выйшла ўсяго 15 нумароў.

Непасрэдна выдаваньне ажыцьцяўлялі: Вінцэсь Мудроў, Валеры Шлыкаў і Анатоль Рыбікаў. Сярод аўтараў былі менскія студэнты — гісторыкі Ўладзімер Арлоў і Генадзь Кулажанка.

Увосень 1974 на сьлед часопісу выйшаў КДБ. З выдаўцамі былі праведзеныя «прафіляктычныя гутаркі», што прывяло да перапыненьня выпуску альманаху. Асобнікі выданьня, якія захоўваліся ў Менску Арловым, былі выкрадзеныя і патрапілі ў КГБ.

Адзін з аўтараў альманаху васьміклясьнік Андрэй Грабаў, ці ня самы таленавіты зь «ліхтараўцаў», які празь некалькі гадоў загадкава загінуў ў войску[1].

Пасьля «Блакітнага ліхтара», Арлоў з Генадзем Кулажанкам, Ігарам Чарняўскім, Юрасём Бандаровічам, Эдвардам Зайкоўскім ды іншымі пачалі выдаваць на гістарычным факультэце БДУ машынапісны альманах «Мілавіца»[1].

На пачатку 1990-х выдаўцы паспрабавалі вярнуць сканфіскаваныя асобнікі «Ліхатар», аднак іх спроба была марнай[1].