Перайсьці да зьместу

Беларускі рыцарскі клюб

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Беларускі рыцарскі клюб — першае грамадзка-культурніцкае аб’яднаньне па працы зь дзецьмі і моладзьдзю ў незалежнай Беларусі, галоўная мэта якога — папулярызацыя беларускага рыцарства і сярэднявечнай культуры.

Заснавальніцай Беларускага рыцарскага клюбу выступіла Арына Вячорка. Першы клюб пад кіраўніцтвам Арыны Вячоркі быў створаны ў жніўні 1992 году ў летніку «Грунвальд» беларускамоўнымі бацькамі для сваіх дзяцей. Тады ж была зроблена дзецьмі першая рэканструкцыя Грунвальдзкай бітвы па Длугашу на драўляных мячах, у кардонных кірасах і шаломах з пап’е машэ. У гэтым жа летніку працавалі Алесь Шавель (кіраўнік рыцарскага клюбу «Род сьнежнага барса»), Ігар Міхна (на той час кіраўнік моладзевай арганізацыі «Выбранецкія шыхты»).

14 лютага 1993 году адбылося адкрыцьцё Клюбу беларускіх рыцараў пры Менскім палацы дзяцей і моладзі. У красавіку 1993 году клюб перамясьціўся ў Рыцарскі дом, стары закінуты дом на вуліцы Арлоўскай. У траўні 1993 году ў Лошыцкім парку прайшло першае Шыхтаваньне і гульня. На пачатку чэрвеня 1993 году клюб зрабіў пяцідзённае падарожжа па замках Беларусі з арганізаваным «Рыцарскім станам» пад замкавай гарой у Наваградку.

Увосень 1993 году Рыцарскі дом быў спалены і ў лістападзе 1993 году клюб вярнуўся назад у Палац. І хаця аснову клюбу склалі 30 хлопчыкаў 10—14 гадоў, на суботнія зборы ў 206 пакой картынгу прыходзілі і студэнты, і гісторыкі, і рабочыя. Многія зь іх цяпер прызнаныя і вядомымі асобы рыцарскага руху — Кастусь Дудараў «Вітэла», Кірыл Якімовіч «Чорныя драбы», Вадзім Пархімовіч «Твердыня». На гэты ж час прыпадае зьяўленьне ў клюбе Дзьмітрыя Несьцюка (цяперашняга кіраўніка Ордэн тампліераў) і Міколы Раманоўскага (беларускамоўны перакладчык і прадстаўнік талкінісцкага руху).

У траўні 1994 году ў Лошыцкім парку правялі гульню «Дзіцячы Рыцарскі турнір».

Самай значнай падзеяй можна лічыць правядзеньне на Беларусі Першага Рыцарскага турніру 16 траўня 1995 году ў Лошыцкім парку. Турнір праводзілі па алімпійскай сыстэме. Выступалі музычныя гурты «Камэлот» і «КаліЮга».

У сярэдзіне чэрвеня было арганізаванае сьвята ў гонар адкрыцьця першай чаргі музэю 400-годзьдзя Мірскага замку. 15 ліпеня 1995 году Грунвальдзкая бітва была ўпершыню адзначаная ў Менску рыцарскім турнірам пры падтрымцы Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў. Гэты турнір адбыўся каля Менскага гарадзкога Палацу дзяцей і моладзі.

У ліпені Беларускі рыцарскі клюб быў запрошаны Польскай рыцарскай асацыяцыяй у Голуб-Добжынь на міжнародны рыцарскі фэст.

Увосень 1995 году ў Гомелі прайшоў першы Рыцарскі турнір са стальной зброяй.

У лютым 1996 году была створана Рыцарская школа пры Фрунзэнскім палацы дзяцей і моладзі.

З восені 1996 году — Беларускі рыцарскі клюб пачынае працаваць пры ЦПР Ленінскага раёну Менску, дзе і да апошніх гадоў дзейнічаў пад актуальным назовам «Рыцары Вялікага Княства»

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]