Барысаўскае паўстаньне
Барысаўскае паўстаньне | |||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||||
Супернікі | |||||||||
Паўстанцы | РСФСР | ||||||||
Бары́саўскае паўста́ньне — антыбальшавіцкае паўстаньне, выкліканае празьмернай жорсткасьцю савецкіх уладаў.
Перадумовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У сувязі з актывізацыяй дзеяньняў на польскім фронце Менск прыслаў у Барысаўскі ваенкамат загад аб прызыве ў Чырвоную армію мужчынаў ад 20 да 30 гадоў. Для харчаваньня мабілізаваных на перасыльным пункце было толькі дзесяць пудоў аўса. Кашары стаялі напаўразбураныя, з цалкам няспраўнымі кухнямі пры іх. Пуцёўкі з указаньнем месца прызначэньня мабілізаваных не дасылаліся зь Менску. Але павятовыя ўлады вырашылі правесьці прызыў неадкладна.
Людзі прыбывалі на прызыў кожны дзень сотнямі. Аднак замест ложкаў і пасьцельнай бялізны на падлозе ляжала леташняя гнілая салома. Акрамя холаду, яшчэ больш мучыў салдатаў голад.
Харчкамісар Баршай арганізаваў дзьве экспэдыцыі. Адна зь іх рушыла на мястэчка, рэквізуючы для навабранцаў пасьцелі, сяньнікі, коўдры, падушкі, сталы, крэслы й іншае. Другая экспэдыцыя накіравалася ў вёскі павету, адкуль нядаўна прыбылі мабілізаваныя, адбіраючы рэшткі хлеба і пакідаючы жыхароў на галодную сьмерць. Калі чуткі пра гэтыя акцыі ўладаў дайшлі да перасыльнага пункту, незадаволеныя прызыўнікі пакінулі баракі і накіраваліся да будынка харчкаму.
Хада паўстаньня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Тысячы змабілізаваных салдатаў рушылі ў цэнтар мястэчка. Там яны захапілі будынак харчкаму, дзе харчкамісара Баршая не было, імаверна, ён разам зь іншымі адказнымі камуністамі ўцёк ад абураных салдатаў. Толькі адзін ваенны камісар Бэнгер паспрабаваў накіраваць падпарадкаваны яму каравульны батальён супраць паўстанцаў, аднак батальён перайшоў на бок мяцежнікаў.
Разагнаўшы такім чынам усе савецкія ўстановы, мабілізоўнікі і чырвонаармейцы мясцовага вартавога батальёну разышліся па сваіх вёсках і дамах, адмовіўшыся абараняць савецкую ўладу.
Ахвяраў падчас выступу не было.
Наступствы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пазьней было арыштавана некалькі сотняў жыхароў Барысава, якіх западозрылі ва ўдзеле ў паўстаньні або ў спачуваньні яму. Тымчасам палякі падыходзілі да Менску, і ў распараджэньні барысаўскіх уладаў не было карных атрадаў, каб накіраваць іх на аблавы дэзэртыраў у вёсках павету. Таму тутэйшы камдэз аб’явіў амністыю ўсім дэзэртырам, абяцаючы не караць тых, хто вернецца на службу добраахвотна. Але зьявіліся толькі адзінкі, сем’і якіх знаходзіліся ў абсягу, даступным для чэкістаў. Бальшавікі таксама расстрэльвалі ў хваёвым лесе Батарэі дзясяткі мяцежнікаў.
Бальшыня ж паўстанцаў пераключылася на партызанскую барацьбу з бальшавізмам. Асноўная маса паўстанцаў пазьбегла арышту і прадоўжыла доўгую партызанскую барацьбу з бальшавікамі.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Юрка Віцьбіч Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі. — Нью-Ёрк: БІНіМ, 1996. — ISBN 96-83836
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Антысавецкае паўстаньне ў Барысаве (бел.) // Сайт Рады БНР. — 16.3.2017.