Перайсьці да зьместу

Апрышкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Апры́шкі (па-ўкраінску: Опришки) — удзельнікі сялянскага паўстанчага руху ў Галічыне, на Закарпацьці, Букавіне супраць шляхты Рэчы Паспалітай, малдоўскіх баяраў, вугорскіх фэадалаў, пазьней — таксама супраць аўстрыйскай адміністрацыі. Дзейнічалі ў XVI — 1-й палове XIX стагодзьдзя.

Паходжаньне слова «апрышак» ня высьветленае; яно можа паходзіць ад словаў опріч («апрача, акрамя» як характарыстыка незалежнага ад пана чалавека) або оприск («скала, абломак»), оприскливий («нястрыманы, адчувальны»). Этымалягічна, але не паводле сэнсу, зьвязаны з расейскім «апрычнікі» (асабістая гвардыя Івана Жахлівага)[1].

Упершыню апрышкі згадваюцца ў дакумэнтах 1498[2] у сувязі з узмацненьнем прыгоннага гнёту. Дзейнасьць апрышкаў спачатку разгарнулася на Прыкарпацьці, пазьней ахапіла Закарпацьце ды Букавіну. Апорным цэнтрам апрышкаў былі Карпаты.

Пакрыўджаныя сяляне і бедныя мяшчане аб’ядноўваліся ў невялікія аддзелы, нападалі на земляўласьнікаў, арандатараў, ліхвяроў, карчмароў, рабавалі і зьнішчалі шляхецкія маёнткі і да т. п. Партызанская тактыка раптоўных удараў, суворая кансьпірацыя, падтрымка з боку большасьці сялянаў давалі апрышкам магчымасьць пасьпяхова дзейнічаць на працягу доўгага часу.

У XVI—XVII стагодзьдзях зброяю апрышкаў былі, лукі, арбалеты, дзіды, валашкі, нажы, рагаціны. Пазьней, у 18-19 стагодзьдзях, ёю сталі таксама стрэльбы ды пістолі.

У сярэдзіне XVI ст. загоны апрышкаў дзейнічалі на Пакуцьці (Каламыйскі павет), Сяніцкай і Перамышлеўскай землях. У 2-й палове XVI ст. рух апрышкаў ахапіў Заходняе Прыкарпацьце, галіцка-вугорскае пагранічча, а таксама ваколіцы Язлоўца, Жыдачава, раён Камянца-Падольскага.

Значныя выступы апрышкаў адбыліся пасьля зьяўленьня ў Чырвонай Русі казацкіх аддзелаў з войска Багдана Хмяльніцкага. Апрышкі ў траўні 1648 захапілі каралеўскі замак у Наватанцы, а ў ліпені — у Санку.

У 1653 року ў Малдове разам з войскам Цімоха Хмяльніцкага дзеялі 2 тысячы апрышкаў пад даводзтвам Харачка.

Рух апрышкаў не прыпыніўся пасьля пераходу Галічыны (1772) ды Букавіны (1774) пад уладу Габсбурґаў. Толькі зьмена сацыяльна-палітычных умоваў пасьля 1848 року (у прыватнасьці, скасаваньне паншчыны) спрыяла ягонаму паступоваму загасаньню. Пэўную ролю адыгралі й жорсткія захады па ягоным здушэньні.

  1. ^ Фасмер М. Этимологический словарь русского языка: В 4 т. / Пер. с нем. и доп. О. Н. Трубачева. Т. 3 (Муза-Сят). М., 1964—1973; 2-е изд. М., 1986—1987; 3-е изд., стереотип. СПб., 1996).
  2. ^ Тарас Собко. Дещо про опришків, або «Партизанка — FOREVER!»

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]