Перайсьці да зьместу

Антыёхія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Антыёхія ў часы Бізантыі.
Антыёхія на мапе Турэччыны.

Антыёхія-на-Аронце (па-старажытнагрэцку: Ἀντιόχεια ἡ ἐπὶ Ὀρόντου) — старажытны эліністычны горад ў Старажытнай Сырыі (сучасная Антак’я на тэрыторыі сучаснай Турэччыны). Адзін з 16 вядомых старажытных гарадоў з такім назовам, але самы слынны.

Антыёхія ў старажытнасьці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Антыёхія была адной з сталіцаў дзяржавы Сэлеўкідаў. Заснаваная Сэлеўкам I Нікатарам на левым беразе ракі Аронт (у наш час называецца Асі) у 300 годзе да н. э., у часы войнаў дыядохаў, пасьля бітвы пры Іпсе. Горад быў падзелены на 4 кварталы, кожны зь якіх быў абкружаны асобнай сьцяной, а разам яны былі абнесеныя высокім і умацаваным мурам. Месьцячыся на скрыжаваньні караванных шляхоў, Антыёхія кантралявала гандаль паміж Усходам і Захадам. У гады росквіту ў горадзе жыло больш за 500 тысяч чалавек.

Пазьней Антыёхія на невялікі час увайшла ў склад Армэніі, потым (з 64 году да н. э.) стала рэзыдэнцыяй намесьніка рымскай правінцыі Сырыя. Антыёхія была чацьвертым паводле велічыні горадам Рымскай імпэрыі пасьля Рыму, Эфэсу і Александрыі, а таксама другім паводле велічыні горадам ва Ўсходняй Рымскай імпэрыі і Бізантыйскай імпэрыі. У палацы Сэлеўка жылі Гнэй Пампэй і Комад, які арганізаваў тут Алімпійскія гульні.

Тыхэ (Фартуна) гораду Антыёхіі. Рымская копія з грэцкага арыгінала I стагодзьдзе Галерэя кандэлябраў, Ватыкан. Багіня ўвянчаная крапаснымі сьценамі гораду, а ля ейных ног плыве юнак, які сымбалізуе раку Аронт.

Паводле Новага Запавету, пасьлядоўнікі Хрыста ўпершыню пачалі называцца хрысьціянамі менавіта ў Антыёхіі (Дзеян. 11:26). Пазьней Антыёхія пачала звацца калыскай хрысьціянскага багаслоўя, зь ёй павязана Антыяхійская школа багаслоўя. Тут нарадзіўся і пачынаў служэньне прапаведнік Ян Залатавуст. У Антыёхіі быў цэнтар адной з чатырох найстаражытных аўтакефальных цэркваў — Антыяхійскай царквы (пасьля заняпаду гораду цэнтар патрыярхату быў перанесены ў Дамаск). Эвангеліст Лука, паводле паданьняў, якія захаваліся ў некаторых старажытных царкоўных пісьменьнікаў, нарадзіўся ў Антыёхіі.

Антыёхія пад уладай Бізантыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У IV—VII стагодзьдзях Антыёхія ўваходзіла ў склад Бізантыйскай імпэрыі. Цягам другой паловы IV стагодзьдзя Антыёхія набыла ролю найбуйнейшага культурнага і інтэлектуальнага цэнтру рымска-бізантыйскага Ўсходу. Тут квітнела рытарычная школа Лібаніюса, адным з выхаванцаў якой стаў сьвяты Ян Залатавуст. З Антыёхіяй быў павязаны паходжаньнем найбуйнейшы позьнярымскі гісторык Аміян Марцэлін. Наведаўшы Антыёхію перад Пэрсыдзкім паходам імпэратар Юліян пераканаўся ў марнасьці высілкаў па адраджэньні традыцыйнага паганства. Тут жа жыў у VI стагодзьдзі аўтар «Хранаграфіі» ад стварэньня сьвету да Юстыніяна Ян Маляля.

У горадзе бурліла муніцыпальнае жыцьцё, канкуравалі мясцовыя «партыі цырка», працягвалі ладзіцца конскія спаборніцтвы і іншыя гледзішчы. Тут былі ўзьведзеныя велічныя хрысьціянскія храмы, у т. л. «Вялікая царква», асьвячоная ў 341 годзе, а таксама храм сьвятой Тэклы, мартырыюм мучаніка Бабілы і іншыя. У прыгарадным раёне Дафны былі пабудаваныя шматлікія вілы заможных мяшчанаў, упрыгожаныя цудоўнымі мазаікамі. Пераважала грэкамоўнае насельніцтва, якое мела ўласную муніцыпальную арганізацыю, але ў горадзе пражывалі таксама і сырыйцы. У раньнебізантыйскі час тут часта здараліся разбуральныя прыродныя стыхійныя бедзтвы. Горад, які пацярпеў ад моцнага землетруса, у VI стагодзьдзі быў на кароткі час заваяваны і разбураны іранскім шахам Хасровам I Анушырванам. Юстыніян I аднавіў Антыёхію. Напачатку VII стагодзьдзя падчас бізантыйска-іранскіх войнаў пэрсы таксама захоплівалі горад. У 637 годзе Антыёхія была на працяглы час захопленая арабамі-мусульманамі.

У 969 годзе Антыёхія была вернутая ў склад Бізантыі. Неўзабаве Антыёхія стала цэнтрам тэмы на чале з дукам, які ачоліў войскі імпэрыі на ўсходняй мяжы. Пасьля разгромнай паразы бізантыйскай арміі пры Манцыкерце ў 1071 годзе імпэратар Раман IV Дыяген вымушаны быў у абмен на свабоду аддаць Антыёхію туркам-сэльджукам. Аднак у горадзе заставаўся бізантыйскі гарнізон і намесьнік. У 1076 годзе горад перайшоў пад уладу Філярэта Брахаміюса. 12 сьнежня 1084 году горад быў захоплены Румскім султанам Сулейманам ібн Кутлумышам (цытадэль гораду здалася празь месяц). Затым Антыёхія перайшла пад уладу Мэлік-шага, які прызначыў туды свайго намесьніка.

Антыяхійскае княства

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Гарадзкія муры ў часы крыжакоў.

Пасьля доўгай аблогі крыжакі ўзялі Антыёхію ў 1098 годзе, але не перадалі горад Бізантыі, а заснавалі тут сваю дзяржаву — Антыяхійскае княства, якое існавала да 1268 году. Пасьля ягонага зьнішчэньня горад страціў сваё значэньне.

Сучаснае становішча

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У наш час Антыёхія ўяўляе сабою горад Антак’я, цэнтар турэцкага вілаету Хатай (з 1516 году).

  • Смбат Спарапет. Летопись / Пер. с древнеармянского; предисл. и примеч. А. Г. Галстяна. Ереван: Айастан, 1974.
  • Степаненко В. П. Государство Филарета Варажнуни Архівавана 12 кастрычніка 2012. // Античная древность и средние века. Свердловск, 1975. Вып. 12. С. 86—103.
  • Степаненко В. П. К датировке печати Тавтука, проедра и катепана Самосаты // Античная древность и средние века. 1995. Вып. 27. С. 58—64
  • Яхья Антиохийский Летопись (извлечения)
  • Bouchier Ed. S. A short history of Antioch: 300 B. C.-A. D. 1268. 1921.
  • Downey G. Ancient Antioch. Norman, 1963.
  • Liebeschuetz J. H. W. G. Antioch: City and Imperial Administration in the Later Roman Empire. Oxf., 1972.
  • Wallace-Hadrill D. S. Christian Antioch: a study of early Christian thought in the East. 1982.
  • Cribiore R. The School of Libanius in Late Antique Antioch. Princeton: Princeton University Press, 2007.
  • Курбатов Г. Л. Основные проблемы внутреннего развития византийского города: (Антиохия в IV в.). Л., 1971.
  • Antioch-on-the-Orontes: The Excavations. L.; Princeton, 1934—1972. Vol. 1-5.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]