Анвіль Улацлавак
Анвіль | |||
Ранейшыя назвы | Правайд, Набілес | ||
---|---|---|---|
Мянушка(і) | Ратвэйлеры | ||
Заснаваны | 1990 | ||
Мінуўшчына |
| ||
Месцазнаходжаньне | Улацлавак, Польшча | ||
Арэна | Заля чэмпіёнаў Зьмяшчальнасьць: 4200 | ||
Уласьнік | Улацлавак (67%) ТМБ Улацлавак (33%) | ||
Прэзыдэнт | Лукаш Пшчулкоўскі | ||
Галоўны трэнэр | Пшэмыслаў Фрасункевіч | ||
Чэмпіянат | Польская баскетбольная ліга | ||
Форма | |||
Клюбныя колеры | |||
| |||
Спасылкі | |||
Афіцыйная бачына | |||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Баскетбо́льны клюб «Улацла́вак» (па-польску: Klub Koszykówki Włocławek), спонсарская назва Анвіль Улацлавак (польск. Anwil Włocławek) — польскі прафэсійны баскетбольны клюб з Улацлаўку. Удзельнічае ў чэмпіянаце Польшчы і Кубку Эўропы. Хатнія матчы ладзіць у «Залі чэмпіёнаў».
«Улацлавак» — трохразовы чэмпіён Польшчы (2003, 2018 і 2019), чатырохразовы ўладальнік Кубка Польшчы і трохразовы — Супэркубка Польшчы.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1990 року група спонсараў вырашыла ўзяць апеку над клюбам III лігі «Ўлацлавія». Дзякуючы падтрымцы ў камандзе зьявіліся першыя легіянэры — беларусы Яўген Пустагвар і Сяргей Сланеўскі. Па выніках сэзону клюб выйшаў у II лігу. У сэзоне 1991 року ў «Правайд Улацлавак» перайшоў яшчэ адзін беларускі баскетбаліст Ігар Грышчук. Па выніках чэмпіянату куяўскі клюб заняў другое месца, саступіўшы «Погані» з Шчэціну толькі па розьніцы мячоў. У плэй-оф за выхад у вышэйшы дывізіён «Правайд» перамог «Гурнік» з Валбжыху зь лікам 3:1.
З сэзону 1992—1993 клюб з Улацлаўку зьмяніў спонсара і пачаў выступаць пад назвай «Набілес». Спачатку перад клюбам стаяла задача затрымацца ў I лізе, аднак па ходу чэмпіянату зьявілася надзея на выхад у плэй-оф (восемку найлепшых). «Набілес» трапіў туды з 7-й пазыцыі рэгулярнага чэмпіянату і дайшоў да фіналу, дзе саступіў уроцлаўскаму «Сьлёнску» 0:3. Але Ігар Грышчук стаў найлепшым бамбардырам (1044 пункты), трэцяе месца заняў Раман Альшэўскі (1027 пкт.).
У сэзоне 1993—1994 рокаў клюб заняў у рэгулярным чэмпіянаце 2-е месца, а ў фінале другі раз спаткаўся з уроцлаўскім клюбам і саступіў у сэрыі 1:3.
Сэзон 1994—1995 стаў дэбютным для клюба на міжнароднай арэне. У Кубку Эўропы палякі прайшлі адборачны тур і трапілі ў групавую стадыю, дзе скончылі на 4-м месцы. У нацыянальным чэмпіянаце занялі 3-е месца і ўжо ў чвэрцьфінале перамаглі чэмпіёна — уроцлаўскі «Сьлёнск» — зь лікам 3:0. Аднак у паўфінале саступілі «Мазаўшанцы» з Прушкава 3:2 і здабылі 3-е месца ў матчы супраць «Сьнежкі» з Сьвебадзіцаў.
У 1995 року ў клюбе ўпершыню зьявіўся легіянэр з ЗША Айк Корбін. Улацлаўцы паставілі задачу заваяваць чэмпіёнскі тытул і ў плэй-оф выйшлі зь першага месца, аднак у першым коле перамаглі торунскую «Эляну» толькі ў пяці матчах, а ў наступным туры саступілі, пасьля прайграўшы і матч за 3-е месца. На эўрапейскай арэне зноў выйшлі ў групавую стадыю, дзе занялі перадапошняе месца.
Наступны сэзон склаўся яшчэ горш за мінулы: плэй-оф скончылі ўжо ў чвэрцьфінале і ня здолелі ў трэці раз здабыць Кубак Польшчы. А на эўрапейскай арэне справы пайшлі лепей: з трэцяга месца ў групе «Набілес/Азоты» выйшаў у 1/16 Кубка Эўропы, дзе саступіў у двубоі з «Порту».
Ратаваць каманду ў сэзоне 1997—1998 узяўся трэнэр зборнай Польшчы Эўгеніюш Кіеўскі, а таксама амэрыканскія баскетбалісты. У сярэдзіне сэзону ва Ўлацлавак прыехаў цэнтравы Дэйвід ван Дайк, які аказаўся сапраўднай пэрлінай. «Набілес/Азоты» прабіўся ў плэй-оф толькі пасьля дадатковага розыгрышу, але адразу ж скончыў барацьбу ў чвэрцьфінале.
У наступным сэзоне клюб дайшоў да фіналу чэмпіянату, дзе ў чарговы раз сустрэўся з уроцлаўскім «Сьленскам». Гэтым разам саступіў у сяміматчавай сэрыі. Як аказалася, гэта быў найлепшы шанец Ігара Грышчука адолець «Сьлёнск» у фінале.
Пасярод сэзону 1999—2000 рокаў Эўгеніюш Кіеўскі падаў у адстаўку, наўзамен амэрыканскім баскетбалістам прыйшлі латыш Раймандс Міглініекс, летувіс Дайнюс Адамайтыс і харват Іван Гргат. «Анвіль» чарговым разам дайшоў да фіналу, дзе зноўку саступілі «Сьлёнску» з Уроцлава.
Наступны сэзон улацлаўцы пачалі з ранейшым намерам вярнуць чэмпіёнства і дайшлі да фіналу, дзе таксама прайгралі таму ж «Сьлёнску».
Новы трэнэр Стэван Тот, валодаючы вялікім бюджэтам, запрасіў на сэзон 2001—2002 рокаў такіх зорак, як беларус Аляксандар Куль і амэрыканец Эд О’Бэнан, а таксама басьнійца Горана Саванавіча ды яшчэ аднаго амэрыканца Джэфа Нардгарда. 6-гадовы кантракт падпісаў таксама латыш Армандс Шкеле, якога лічылі другім Ігарам Грышчуком. У гэтым сэзоне клюб пераехаў на новую арэну — Залю чэмпіёнаў. «Анвіль» лёгка прайшоў у плэй-оф і толькі ў паўфінале саступілі ў сэрыі 2:3, аднак і ў матчы за бронзавыя мэдалі пацярпелі няўдачу. Гэты сэзон стаў для Грышчука апошнім на пляцоўцы, ён застаўся ў трэнэрскім складзе клюбу.
У наступным сэзоне трэнэрам клюбу нечакана стаў славенскі трэнэр «Сьлёнску Ўроцлаў» Андрэй Урлеп, які за 4 праведзеныя ў Польшчы сэзоны 4 разы заваёўваў чэмпіёнствы. Зьявілася надзея, што «магія Урлепа» прыйдзе і ва Ўлацлавак. Рэгулярны сэзон «Анвіль» скончыў на 2-м месцы; у чвэрць- і паўфінале падначаленыя Урлепа не саступілі ніводнага матча, аднак у фінале спаткаліся з зорным складам «Прокаму Трэфлю» з Сопата. У шостым матчы «Анвіль» нарэшце заваяваў залатыя мэдалі чэмпіянату.
Перад сэзонам 2003—2004 рокаў у клюбе зьявіліся маладыя пэрспэктыўныя гульцы, аднак бяз досьведу гульні на высокім узроўні. У рэгулярным сэзоне ўлацлаўскі клюб заняў 3-е месца і ў паўфінале сутыкнуўся з «Прокамам Трэфлем». Па чарзе «Анвіль» саступіў матч за выхад у фінал і за 3-е месца, застаўшыся ў гэтым годзе без мэдалёў.
У наступным сэзоне клюб выйшаў у плэй-оф з другога месца, а ў матчы за залатыя мэдалі зноўку сустрэліся з «Прокамам Трэфлем», саступіўшы таму ў сэрыі 2:4.
У сэзоне 2017-18 «Анвіль» скончыў рэгулярны сэзон на першым месцы з балянсам перамог-паразаў 24-8. У паўфінале плэй-оф адолеў дзейнага чэмпіёне «Зялёна Гура», а ў 6-й гульні фіналу супраць «Сталі» з Острава Велькапольскага заваяваў свой другі чэмпіёнскі тытул[1].
У сэзоне 2018-19 «Анвіль» дэбютаваў у Лізе чэмпіёнаў, але ня выйшаў з групы A. У хатнім чэмпіянаце паўтарыў мінулагодні посьпех, у фінале адолеўшы ў 7 матчах «Польскі Цукар» з Торуні[2].
У 2022 року з нагоды 30-годзьдзя дэбюту ў найвышэйшым польскім клясе клюб зладзіў для фанатаў інтэрнэт-галасаваньне за выбар дзесяці найлепшых гульцоў усіх часоў. Першае месца заняў Ігар Грышчук[3].
Лягатып
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На лягатыпе клюбу выяўлены сабака заводу ратвэйлер. Кожны раз пасьля перамогі ў чэмпіянаце туды дадаецца зорка.
Дасягненьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нацыянальныя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Чэмпіёны (3): 2003, 2018, 2019
- 2-е месца (8): 1993, 1994, 1999, 2000, 2001, 2005, 2006, 2010
- 3-е месца (4): 1995, 2009, 2020, 2022
- Паўфінал (6): 1996, 2002, 2004, 2007, 2013, 2016
- Уладальнікі (4): 1995, 1996, 2007, 2020
- Фіналісты (3): 2004, 2011, 2017
Супэркубак Польшчы па баскетболе
- Уладальнікі (3): 2007, 2017, 2019
- Фіналісты (2): 2018, 2020
Міжнародныя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Чэмпіёны (1): 2022-23
Кубак Эўропы / ЭўраКубак / Кубак Сапорты:
- Паўфінал (1): 2002
- Чвэрцьфінал (3): 1995, 1996, 2001
- Чвэрцьфінал (1): 2000
Эўрапейская паўночная баскетбольная ліга:
- Пераможцы (1): 2022
Ранейшыя назвы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Правайд Улацлавак (1990—1992)
- Набілес Улацлавак (1992—1996)
- Набілес/Азоты Ўлацлавак (1996—1997)
- Азоты/Набілес Улацлавак (1997)
- Анвіль/Набілес Улацлавак (1997—1998)
- Набілес/Анвіль Улацлавак (1998—1999)
- Анвіль Улацлавак (з 1999)
Арэны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Заля OSiR (1991—2001)
- Заля чэмпіёнаў (з 2001)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Anwil Włocławek mistrzem Polski koszykarzy 2017/2018 (пол.). Eurosport.interia.pl (4 чэрвеня 2018). Праверана 5 чэрвеня 2018 г.
- ^ Anwil Włocławek mistrzem Energa Basket Ligi! (пол.). Polska Liga Koszykówki (14 чэрвеня 2019). Праверана 21 чэрвеня 2019 г.
- ^ Falkowski, Sebastian (20 верасьня 2022) Drużyna 30-Lecia wybrana! (пол.). „Анвіль“ Улацлавак. Праверана 28 красавіка 2023 г.