Амар Хаям
Амар Хаям | |
عمر خیام | |
Імя пры нараджэньні | па-арабску: غیاث الدین ابو الفتح عمر بن ابراهیم خیام نیشاپوری[1] |
---|---|
Дата нараджэньня | 18 траўня 1048 |
Месца нараджэньня | Нішапур, Вялікі Харасан |
Дата сьмерці | 4 сьнежня 1131 (83 гады) |
Месца сьмерці | Харасан |
Школа/традыцыя | пэрсыдзкая матэматыка, філязофія |
Кірунак | пэрская літаратура[d], іранская філязофія[d] і Залаты век ісламу[d] |
Значныя ідэі | Rubáiyát of Omar Khayyám[d] і Solar Hijri calendar[d] |
Аказалі ўплыў | Аль-Біруні, Авіцэна |
Наступнікі | Атар Нішапурскі |
Вучні | Музафар аль-Асьфізары[d], Аль-Хазыні[d] і Nizami Aruzi[d] |
Гіятх ад-Дын Абу-ль-Фатх Амар аль-Хаям Нішапуры (па-пэрсыдзку: غیاث الدین ابوالفتح عمر ابراهیم خیام نیشابورﻯ; 18 траўня 1048 году, Нішапур, Вялікі Харасан — 4 сьнежня 1131, Харасан) — пэрсыдзкі й таджыцкі паэт, тэоляг і навуковец. Жыў і працаваў у Самаркандзе, Ісфагане, Бухары і іншых месцах. Хаям зьяўляецца найвялікшым астраномам свайго часу, то бок за 500 гадоў да рэформы папы Грыгорыюса XIII ён ажыцьцявіў рэформу календара ў выніку шматгадовых назіраньняў за зорным небам. Пасьлядоўнік філязофіі Арыстотэля й Авіцэны.
Сусьветную вядомасьць як паэту прынесьлі яму рубаі (чатырохрадкоўі), у якіх адлюстраваны сьвет чалавечых перажываньняў, думы пра жыцьцё, чалавека й ягоныя веды, глыбокі філязофскі роздум, пропаведзь дабра й чалавечнасьці. Многія рубаі сталі афарызмамі. Амар ёсьць аўтарам трактатаў на арабскай і пэрсыдзкай мовах: матэматычных («Трактат пра доказы задачаў альгебры й алмукабалы»), фізычных («Вагі мудрасьцей»), філязофскіх («Адказ на тры пытаньні», «Трактат пра існаваньне»), гістарычных («Наўруз-намэ»). Зьбярогся ўрывак «Мелікшахаўскіх астранамічных табліц» Амара Хаяма, напісаных па-арабску.
Жыцьцё
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся Хаям у горадзе Нішапур у Харасане, на тэрыторыі сучаснага Ірану (правінцыя Харасан Рэзаві). Амар быў сынам палатачніка, таксама ў яго была малодшая сястра Аіша. У 8 гадоў грунтоўна займаўся матэматыкай, астраноміяй, філязофіяй. У 12 гадоў Амар стаў вучнем нішапурскага мэдрэсэ. Ён бліскуча скончыў курс па мусульманскім праве й мэдыцыне, атрымаўшы кваліфікацыю хакіма, то бок лекара. Але мэдычная практыка мала цікавіла Амара. Ён вывучаў творы вядомага матэматыка й астранома Сабіта ібн Куры, працы грэцкіх матэматыкаў.
Дзяцінства Хаяма прыпала на гаротны час сэльджуцкай заваёвы Цэнтральнай Азіі, падчас якога загінула мноства людзей, у тым ліку значная частка навукоўцаў.
Ва ўзросьце шаснаццаці гадоў Хаям перажыў першую ў сваім жыцьці страту: падчас пошасьці памёр ягоны бацька, а потым і маці. Амар прадаў бацькоўскі дом і майстэрню й адправіўся ў Самарканд. У тыя часы гэта быў прызнаны на Ўсходзе навуковы й культурны цэнтар. У Самаркандзе Хаям стаўся спачатку вучнем аднаго з мэдрэсэ, але пасьля некалькіх прамоваў на дыспутах ён так уразіў усіх сваёю навуковасьцю, што яго адразу ж зрабілі настаўнікам.
Як і іншыя буйныя навукоўцы таго часу, Амар не затрымліваўся доўга ў нейкім адным горадзе. Усяго праз чатыры гады ён пакінуў Самарканд і пераехаў у Бухару, дзе пачаў працаваць у кнігасховішчах. За дзесяць гадоў, якія навуковец пражыў у Бухары, ён напісаў чатыры фундамэнтальныя трактаты па матэматыцы.
У 1074 годзе яго запрасілі ў Ісфаган, цэнтар дзяржавы Санджараў, да двару сэльджуцкага султана Мэлік-шага I. Паводле ініцыятывы й пры заступніцтве галоўнага шагаўскага візыра Нізам аль-Мулька Амар стаўся духоўным настаўнікам султана. Праз два гады Малік-шаг прызначыў яго кіраўніком палацавай абсэрваторыі, адной з найбуйнейшых у сьвеце[2]. Працуючы на гэтай пасадзе, Амар Хаям ня толькі працягваў заняткі матэматыкай, але й стаў вядомым астраномам. Разам з групай навукоўцаў ён распрацаваў сонечны каляндар, дакладнейшы, які быў дакладней за грэгарыянскі. Склаў «Малікшахаўскія астранамічныя табліцы», якія ўключалі невялікі зорны каталёг[3]. У Ісфахане навуковец таксама напісаў «Камэнтары да цяжкасьцяў ва ўводзінах кнігі Эўкліда» ў 1077 годзе. Аднак у 1092 годзе, за сьмерцю свайго заступніка султана Мелік-шага й візыра Нізам аль-Мулька, ісфаханскі пэрыяд ягонага жыцьця скончыўся. Абінавачаны ў блюзьнерстве й вольнадумстве, паэт вымушаны быў пакінуць сэльджуцкую сталіцу.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ zbMATH Open Database (анг.)
- ^ Глезер 1982. С. 121.
- ^ Звездный каталог ал-Бируни с приложением каталогов Хайама и ат-Туси Архіўная копія ад 2012-11-28 г.. // историко-астрономические исследования. Вып. VIII. 1962. С. 83-192.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Глезер Г. И. История математики в школе. VII – VIII классы. — М.: Просвещение, 1982. — 240 с.
Беларускія пераклады твораў Хаяма
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Рубаі / Пер. з фарсі-кабулі Р. Барадулін. — Мн.: Мастац. літ., 1989. — 94 с.
- Выбраныя рубаі / Пер. з фарсі-кабулі Р. Барадулін. — Мн.: Зміцер Колас, 2016. — 92 с. («Паэты планеты»).
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Амар Хаям — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Рубаіят Амара Хаяма (анг.)
- Амар Хаям. Stanford Encyclopedia of Philosophy (анг.)
- Працы Хаяма ў арыгінале