Аліба
Аліба | |
Oliba | |
біскуп Віку | |
---|---|
1018 — 1046 | |
граф Бэргі | |
998 — 1003 | |
Выраканьне | 1003 |
Дзейнасьць | каталіцкі сьвятар, пісьменьнік |
Нарадзіўся | 971 Бэсалю |
Памёр | 30 сьнежня 1046 Сан-Мікель-дэ-Кюкса, Кумфлэн |
Пахаваны | |
Дынастыя | Барсэлёнская |
Бацька | Аліба Кабрэта |
Маці | Эрменгарда Ампур’яская |
Прыняцьце сьвятога сану | Біскуп |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Аліба (па-каталянску: Oliba, uˈɫiβə; к. 971, Бэсалю — 30 сьнежня 1046, Кумфлэн) — граф Бэргі і Рыпальеса (988—1003), біскуп Віку (1018—1046), абат кляштару Сан-Мікель-дэ-Кюкса (1008—1046). Лічыцца адным з духоўных заснавальнікаў Каталёніі і адным з найважнейшых прэлатаў свайго часу на Пірэнейскім паўвостраве.
Абраны біскупам места Вік, Аліба шмат пісаў і пакінуў па сабе шматлікія працы пра свой час. Найістотнейшымі, аднак, зьяўляюцца арабскія рукапісы, перакладзеныя ім на лацінскую мову на карысьць усёй Эўропы.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аліба паходзіў з шляхетнага каталёнскага дому (сэрданьская галіна Барсэлёнскай дынастыі). Меў трох братоў і сястру, паміж якімі бацька, граф Бэсалю, падзяліў свае землі. Аліба атрымаў Бэргу, аднак у 1002 або 1003 адмовіўся ад сьвецкіх уладаньняў і сышоў у бэнэдыктынскі кляштар Санта-Марыя-дэ-Рыполь.
З 1022 Аліба далучыўся да разьвіцьця руху «Мір Божы(fr)» (лац. Pax Dei, Treuga Dei). У 1027 року ў Тулюжы (Паўночная Каталёнія) адбыўся сход біскупаў і шляхты, на якім было заключанае пагадненьне пра ўвядзеньне адмысловых дзён году, у якія хрысьціяне ня будуць варагаваць (пачаткова нядзелі і сьвяточныя дні), а ўцекачы могуць атрымаць сховішча ў цэрквах і сьвятых месцах.
Уплыў Алібы быў настолькі вялікі, што ў 1023 року кароль Санча III Наварскі раіўся зь ім наконт дарэчнасьці шлюбу сваёй сястры Ўракі зь ейным траюродным братам Альфонса V. Хоць біскуп і пярэчыў, аднак Санча яго праігнараваў. Лісты Алібы да розных каралёў Гішпаніі тлумачаць нам, што Альфонса й ягоны наступнік Бэрмуда III лічыліся імпэратарамі, а наварскі кароль быў проста манархам, хоць і манархам Пірэнэяў.
Аліба заснаваў або рэфармаваў кляштары Мансэрат (1025), Флювія і Каніжу, і асьвяціў або апекаваўся іншымі цэрквамі, такімі як Манрэская базыліка. Менавіта ён стварыў Асамблеі міру і замірэньня, правобраз будучага каталёнскага картэсу, каб дапамагчы шляхцічам у кіраваньні каралеўствам. Ён быў блізкім дарадцам барсэлёнскага графа Бэрэнгера Рамона I і пры падтрымцы ягонай маці, графіні Эрмэсэнды Каркасонскай, рэканструяваў сабор Віку. Новы сабор быў пераасьвечаны ў гонар сьвятых Пятра і Паўла 31 жніўня 1038 року.
Аліба памёр у манастыры ў Кюксе ў 1046.
Памяць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1973 у складзе Барсэлёнскага ўнівэрсытэту быў адкрыты коледж імя абата Алібы, у 2003 пераўтвораны ва ўнівэрсытэт.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ramón Menéndez Pidal. The Cid and his Spain, 1929.
- Ramón Ruiz Amado. Diocese of Vich. Catholic Encyclopedia. New York: Robert Appleton Company.