Перайсьці да зьместу

Аляксандар Ульянаў (дыплямат)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Ульянаў (неадназначнасьць).

Алякса́ндар Улья́наў (1901, Менск26 лістапада 1937, Масква) — дыплямат.

Нарадзіўся ў 1901 годзе ў Менску ў сям’і ўрача.

У 1917—22 гадах — чалец партыі эсэраў. У 1919 годзе арыштаваны польскімі ўладамі, аднак неўзабаве вызвалены. У 1922 годзе ўступіў ва УКП(б). У 1922—23 гадах — намесьнік упаўнаважанага Наркамату зьнешняга гандлю БССР. З 1924 году — дырэктар Паўднёвага аддзяленьня трэсту «Лесбел» у Крыме, упраўляючы яго Рыскім аддзяленьнем.

У 1925—27 гадах — на дыпляматычнай працы ў Польшчы: аташэ, дарадца паўнамоцнага прадстаўніцтва СССР, в.а. пасла СССР. Займаўся «разлажэньнем» белеларускай палітычнай эміграцыі, арганізоўваў вяртаньне ў БССР дзеячаў беларускага нацыянальнага адраджэньня. Па даручэньні ЦК КП(б)Б удзельнічаў у падрыхтоўцы Другой Усебеларускай канфэрэнцыі (Бэрлін, 1925), на якой прынята рашэньне пра спыненьне існаваньня Ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі і прызнаньне Менску адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня Беларусі. Садзейнічаў стварэньню Беларускай сялянска-работніцкай грамады. У 1928—31 гадах — упаўнаважаны Наркамату замежных спраў пры СНК БССР у Менску, потым працаваў у Наркамаце зьнешняга гандлю СССР у Маскве, гандлёвым прадстаўніком у Чэхаславаччыне. Супрацоўнічаў з ДПУ, зьяўляўся «спэцыялістам» па беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі.

Арыштаваны 24 траўня 1937 году. Асуджаны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага Суда СССР 26 лістапада 1937 году за «здраду радзіме» і як «чалец контрарэвалюцыйнай арганізацыі» да найвышэйшай меры пакараньня. Расстраляны на Данскіх могілках праз некалькі гадзін пасьля прыгавору. Рэабілітаваны Вайсковай калегіяй Вярхоўнага Суда СССР 30 чэрвеня 1956 году[1].