Перайсьці да зьместу

Альтранштэцкая ўгода

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Альтранштэ́дзкая мі́рная дамо́ва — замірэньне, заключаная 24 верасьня [ст. ст. 14 верасьня] 1706 каралём швэдзкім Карлам XII і курфюрстам саксонскім Аўгустам II, адначасна каралём польскім, у вёсцы Альтранштэдт(de) (Саксонія) у часе Вялікай Паўночнай вайны. Заключэньню дамовы папярэднічала заваёва Карлам XII значнай часткі Рэчы Паспалітай.

Яшчэ ў 1704 року, заваяваўшы Варшаву, Карл XII, скарыстаўшыся раздраямі сярод шляхты, змусіў Варшаўскую канфэдэрацыю абвясьціць Аўгуста II зрынутым і абраць каралём познанскага ваяводу Станіслава Ляшчынскага. Апошні заключыў хаўрус са Швэцыяй, які забясьпечыў апошняй палітычную і эканамічную перавагу ў Рэчы Паспалітай. Аднак дзеля замацаваньня дасягнутага посьпеху Карл XII меў прымусіць Аўгуста II выракчыся польскай кароны і спыніць умяшальніцтва ў справы Рэчы Паспалітай. З гэтай мэтаю Карл XII уварваўся ў Саксонію, дзе пасьля шэрагу ваенных перамог прымусіў Аўгуста II падпісаць замірэньне.

Паводле дамовы, што складалася з 21 артыкулу, Аўгуст II выракся польскай кароны на карысьці Станіслава Ляшчынскага, адмовіўся ад хаўрусу з Расеяй, абавязаўся адклікаць саксонцаў з маскоўскай службы і выдаць Карлу XII расейскага прадстаўніка лівонца Паткуля, таксама як і ўсіх астатніх расейскіх службоўцаў, што знаходзіліся ў Саксоніі. Аўгуст II абяцаў аддаць польскія фартэцыі Кракаў, Тыкоцін і іншыя з усёй артылерыяй і амуніцыяй швэдам і пусьціць у саксонскія ўладаньні швэдзкія гарнізоны. Аўгуст II таксама абавязаўся апекавацца ў Саксоніі лютэранскім веравызнаньнем. Швэдзкі кароль са свайго боку абавязваўся абараняць Аўгуста II ад рэпрэсіяў з боку Расеі і пры заключэньні з апошняй міру — абараняць інтарэсы саксонскага курфюрста.

Дамову падпісалі ад Саксоніі Імгаф і Пфінгтэн, ад Швэцыі — Карл Піпэр. На патрабаваньне Карла XII Альтранштэдзкае замірэньне таксама падпісалі магнаты Рэчы Паспалітае Ян Станіслаў Ябланоўскі і Казімер Ян Сапега.

Заключыўшы таемна ад Пятра I мір, Аўгуст II у той самы час намагаўся таемна ад Карла XII захаваць хаўрус з Расеяй. 29 кастрычніка 1706, ужо па ратыфікацыі самім Аўгустам II, саксонскія войскі бралі ўдзел на баку маскоўцаў у бітве пад Калішам, дзе швэдзкія войскі атрымалі паразу. Паводзіны Аўгуста II прымусілі Карла XII апублікаваць таемную Альтранштэдзкую дамову, чым вымусілі Аўгуста II да выкананьня ейных умоваў пад пагрозай страты спадчынных саксонскіх уладаньняў.

Альтранштэдзкая мірная дамова, якую сучасьнікі лічылі капітуляцыяй, што «ня мела сабе падобных у гісторыі», аддала ва ўладу Карла XII усю Рэч Паспалітую і разьвязала яму рукі для наступу на Расею. Аднак пасьля таго, як Карл XII пацярпеў паразу ў Палтаўскай бітве, Аўгуст паведаміў, што яго ўвялі ў зман уласныя ўпаўнаважаныя, 8 жніўня 1709 абвясьціў дамову нядзейнаю, аднавіў хаўрус з Расеяй (Торуньская ўгода) і з дапамогаю расейцаў вярнуў польскі сталец.

  • Беспалов А. В. Северная война. Карл XII и шведская армия. Путь от Копенгагена до Переволочной. 1700—1709. — М: Рейтар, 1998.