Перайсьці да зьместу

Алесь Рылько

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Алесь Рылько
Асабістыя зьвесткі
Псэўданімы Аляксей Добры, А. Дрыль, Ал. Дрыль, Алесь Дрыль, Л. Дрыль, Алесь Кандыба, Кандыдат навук бытавога абслугоўваньня, В. Крыжэня, Прымус Чапяльніцкі, Алесь Рыль, Л. Халіцкі, А. Яленец, Ал. Яленец, Л. Яленец, Ал. Ялень
Нарадзіўся 27 сакавіка 1923(1923-03-27)
Памёр 16 красавіка 1967(1967-04-16) (44 гады)
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці драматург, публіцыст, пісьменьнік
Мова беларуская мова

Але́сь Рыльќо (Аляксе́й Іва́навіч Рылько; 27 сакавіка 1923, в. Рыдамля, Сеньненскі павет, Магілёўская губэрня — 16 красавіка 1967) — беларускі празаік, драматург, публіцыст.

Нарадзіўся 27 сакавіка 1923 году ў в. Рыдамля Сеньненскага павету Магілёўскай губэрні ў сялянскай сям’і. У 1939 годзе скончыў 9 клясаў школы ў Радамлі, пэдагагічныя курсы ў Оршы. Працаваў загадчыкам Лявонаўскай пачатковай школы на Аршаншчыне, адначасова завочна вучыўся ў настаўніцкім інстытуце (1939—1941).

У першы год нямецка-савецкай вайны (ліпень 1941 — жнівень 1942) жыў у бацькоў, працаваў на сельскай гаспадарцы. У 1942—1944 гадох — разведчык у партызанскім атрадзе «Перамога» брыгады К. Заслонава, потым — мінёр спэцгрупы «Непераможныя». Быў паранены.

Пасьля вызваленьня Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў працаваў адказным сакратаром Баранавіцкага абласнога спортыўнага таварыства «Дынама», настаўнічаў на Пастаўшчыне (1944—1946). У 1946 годзе паступіў на аддзяленьне журналістыкі філялягічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, якое скончыў у 1951 годзе. Працаваў у газэтах «Савецкі селянін» (1947—1948), «Літаратура і мастацтва», часопісах «Вожык», «Полымя», літаратурным кансультантам праўленьня Саюзу пісьменьнікаў БССР (1952—1967). Сябра Саюзу пісьменьнікаў БССР з 1952 году[1].

Загінуў 16 красавіка 1967 году ў выніку няшчаснага выпадку.

Дэбютаваў у друку ў 1946 годзе. Першае апавяданьне «Сама зразумела» зьмешчана ў часопісы «Вожык». Аўтар кніг апавяданьняў «Мае сустрэчы» (1952), «Цьвіце чаромха» (апавяданьні, п’есы, 1957), «Стуканок у аблавушцы» (гумарыстычныя апавяданьні, 1959), «Ты прыгожая, Арынка» (апавяданьні, нарысы, 1960), «Напрадвесьні» (выбранае, 1984), аповесьці для дзяцей «Мядовыя краскі» (1959, 1983), аднаактовай п’есы «Гром з яснага неба» (1953), «Колькі вяровачку не віць…» (аднаактовая камедыя і сцэнкі, 1958). У 1969 годзе выйшла кніга «Выбранае». Сьмерць перапыніла працу над раманам «Срэбныя росы». Творы А. Рылько перакладзены на баўгарскую, польскую, расейскую (Ю. Багушэвічам) і чэскую мовы.

Галоўнае ў творчасьці А. Рылько — лірычны роздум пра жыцьцё і працу, любоў да сьціплых людзей і працаўнікоў, іх барацьба з захопнікамі, выяўленьне рамантыкі будняў беларускай вёскі, паказ пошукаў чалавекам свайго месца ў жыцьці. Для творчасьці характэрныя ярка выяўленыя гумарыстычна-сатырычныя элементы, каларытная, па-народнаму дасьціпная мова, увага да трапнай дэталі, дынамічны, экспрэсіўны стыль.

  1. ^ Рылько Алесь // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / пад. рэд. А. В. Мальдзіса. — Мн., 1993. — Т. 5. — С. 186—188.
  • Шчодрасць: (да 60-годдзя з дня нараджэння Алеся Рылько) // Віцебскі рабочы. — 1983. — 29 сак.