Александрыйскі верш
Александры́йскі верш — верш з аб’яднаных папарна рыфмай вершаваных радкоў, напісаных шасьцістопным ямбам з цэзурай пасьля трэцяй стапы. Пры паўтарэньні ў творы некалькіх двухрадкоўяў александрыйскага верша абавязковым зьяўляецца чаргаваньне мужчынскіх і жаночых рыфмаў. Узьнік гэты верш у францускай паэзіі XI ст. Назву яго зьвязваюць з «Раманам пра Аляксандра Македонскага» (XII ст.), які напісаны такім вершам. У рускую паэзію александрыйскі верш увёў В. Традзьякоўскі (XVIII ст.). Асаблівае пашырэньне набыў у творчасьці А. Пушкіна (больш за дзьве тысячы вершаваных радкоў). У другой палове XIX ст. сустракаецца радзей, а ў XX ст. — зусім рэдка. Сярод бела- рускіх паэтаў да александрыйскага верша часта зьвяртаўся М. Багдановіч, ужываючы яго ў творах, стылізаваных пад старыну («Перапісчык», «Летапісец»), а таксама ў лірычных роздумах («У вёсцы»). Усьлед за ім і пад ягоным уплывам александрыйскі верш выкарыстоўваў А. Салавей («На чыстым аркушы», «Адзіноцтва», «Максім Багдановіч» і інш. — усяго 21 верш). У сучаснай беларускай лірыцы александрыйскі верш амаль забыты. Вось узор александрыйскага верша ў М. Багдановіча («Летапісец»):
- Душой стаміўшыся ў жыцьцёвых цяжкіх бурах,
- Свой век канчае ён у манастырскіх мурах.
- Тут ціша, тут спакой, — ні шуму, ні клапот.
- Ён пільна летапіс чацьвёрты піша год
- І сьпісвае усё ад слова і да слова
- З даўнейшых граматак пра долю Магілёва.
- І добрыя яго і кепскія дзяла
- Апавядае тут. Так рупная пчала
- Умее ў соты мёд сабраць і з горкіх кветак.
- І бачанаму ім — ён годны веры сьведак.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн. — Менск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2000 ас. — ISBN 985-08-0598-6
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Менск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1000 ас. — ISBN 985-11-0197-4