Актыўная ацэнка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Акты́ўная ацэ́нка ў вузкім сэнсе — гэта ацэнка пазнавальнай дзейнасьці вучняў і яе вынікаў паводле загадзя вызначаных крытэраў без выстаўленьня адзнакі. Тут актыўная ацэнка выступае альтэрнатывай ацэнцы падсумоўчай, якая пераважна выкарыстоўваецца для вонкавай справаздачнасьці[1].

Актыўная ацэнка ў шырокім сэнсе — тэхналёгія навучаньня, заснаваная на якаснай зваротнай сувязі, дзякуючы якой вучні могуць пастаянна бачыць і разумець свае посьпехі, усьведамляць няўдачы і ўхіляць прабелы ў ведах і ўменьнях, авалодваць працэдурамі самаацэнкі, г. зн. кіраваць асабістым вучэньнем. Пры гэтым бацькі таксама зьяўляюцца суб’ектамі ацэначнай дзейнасьці[2].

Актыўная ацэнка як тэхналёгія навучаньня мае сыстэмны характар і ўключае мэтавы, зьместавы, працэсуальны і кантрольна-ацэначны кампанэнты. Кожны з гэтых кампанэнтаў мае свае спэцыфічныя характарыстыкі, што ў цэлым дазваляе гаварыць пра ўнікальнасьць тэхналёгіі актыўнай ацэнкі.

Паходжаньне тэрміну і разьвіцьцё тэхналёгіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У ангельскамоўнай літаратуры выкарыстоўваецца тэрмін Formative assessment (даслоўна «фармавальнае ацэньваньне»). Ангельскі тэрмін у 1967 годзе ўвёў ва ўжытак Майкл Скрывэн, які паказаў, што такая ацэнка істотна адрозьніваецца ад іншых варыянтаў ацэнкі з гледзішча інфармацыі, якую атрымліваюць суб’екты адукацыйнага працэсу[3]. Бэнджамін Блум пераняў тэрмін у 1968 годзе і разгледзеў фармавальнае ацэньваньне ў якасьці інструмэнта для паляпшэньня эфэктыўнасьці навучаньня студэнтаў[4]. Пол Блэк і Дылан Ўільям(en) на падставе аналізу шматлікіх публікацыяў паказалі, што фармавальнае ацэньваньне — найлепшая стратэгія для забесьпячэньня матывацыі і адказнасьці вучняў, а таксама іхных вучэбных дасягненьняў[5]. З 2009 году з ініцыятывы Таварыства беларускай школы гэтая тэхналёгія пачала ўкараняцца ў школах Беларусі. На першым сэмінары, які ў Менску праводзіла пэдагог з Польшчы Данута Стэрна, удзельнікі прынялі рашэньне па-беларуску назваць тэхналёгію «актыўная ацэнка» з увагі на патэнцыял актывізацыі пазнавальнай дзейнасьці навучэнцаў.

Навуковыя падставы тэхналёгіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэхналёгія актыўнай ацэнкі грунтуецца на псыхалягічнай тэорыі дзейнасьці, а таксама на шэрагу мэтадалягічных падыходаў:

  • дзейнасным;
  • сыстэмным;
  • кампэтэнтнасным;
  • асабова-арыентаваным[6].

Мэты тэхналёгіі актыўнай ацэнкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • забесьпячэньне зваротнай сувязі паміж суб’ектамі адукацыйнага працэсу для разуменьня вучнямі таго, як яны вучацца;
  • атрыманьне дыягнастычнай інфармацыі і на гэтай аснове выяўленьне і ліквідацыя індывідуальных і групавых недахопаў у навучальнай дзейнасьці і яе выніках;
  • разуменьне вучнямі сваіх пэрспэктываў у навучаньні;
  • перамяшчэньне фокусу з атрыманьня адзнак на працэс атрыманьня ведаў;
  • забесьпячэньне цэнтральнай ролі вучняў у адукацыйным працэсе;
  • разьвіцьцё ў вучняў навыкаў самаацэнкі, выхаваньне пачуцьця ўласнай годнасьці.

Асноўныя кампанэнты тэхналёгіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ключавой ідэяй тэхналёгіі актыўнай ацэнкі зьяўляецца зваротная сувязь паміж усімі суб’ектамі адукацыйнага працэсу: настаўнікам, вучнямі, бацькамі. Сродкамі зваротнай сувязі й актыўнай ацэнкі зьяўляюцца:

  • дыягнастычнае вызначэньне настаўнікам мэты вучэбнага занятку і самавызначэньне кожнага вучня на свой асабісты вынік пазнавальнай дзейнасьці на ўроку,
  • крытэры ацэнкі, якія ўяўляюць сабой дамову паміж настаўнікам і вучнямі, служаць арыентырам для іх дзейнасьці, зьяўляюцца сродкам для самаацэнкі, узаемнай ацэнкі і ацэнкі з боку настаўніка;
  • разьмежаваньне актыўнай ацэнкі без выстаўленьня балаў і падсумоўчай ацэнкі ў балах;
  • асаблівая тэхніка пастаноўкі пытаньняў настаўнікам;
  • вусныя і пісьмовыя камэнтары настаўніка да выкананых вучнямі працаў;
  • рэфлексія як мэханізм для пэрманэнтнага аналізу і карэкцыі дзейнасьці і яе вынікаў;
  • далучэньне бацькоў да кантрольна-ацэначнай дзейнасьці.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Shepard, Lorrie A. (2005). [1]. ETS Invitational Conference The Future of Assessment: Shaping Teaching and Learning, New York, October 10-11, 2005. Retrieved 25 August 2011.
  2. ^ Запрудский, Н. И. Контрольно-оценочная деятельность учителя и учащихся: пособие для учителя /Н. И. Запрудский. — Минск: Сэр-Вит, 2012. — 160 с.
  3. ^ Scriven, Michael (1967). «The methodology of evaluation». In Stake, R. E.Curriculum evaluation. Chicago: Rand McNally. American Educational Research Association (monograph series on evaluation, no. 1.
  4. ^ Bloom, Benjamin S. (1968). Learning for mastery. Los Angeles, USA: University of California press.
  5. ^ Paul Black and Dylan Wiliam, «Assessment and Classroom Learning», Assessment inEducation, March 1998, pp. 7-74.
  6. ^ Мікалай Запрудзкі. Псыхалягічныя і пэдагагічныя падставы актыўнай ацэнкі // Актыўная ацэнка ў дзеяньні. — Менск: Таварыства беларускай школы, 2014. — С. 23-38. — 238 с. — 299 ас.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]