Рэбэ
Выгляд
(Перанакіравана з «Адмор»)
Рэ́бэ, рав, ра́бі, рэб (ідыш רִבִּי; на іўрыце рабі), адмор (іўр. אַדְמוֹ״ר) — тытул, звычайна ўжывальны да рабіна, мэламэда ў хедары або хасыдзкага цадзіка.
Слова рабі няма ў Габрэйскай Бібліі. Найболей раньняя згадка такога важнага для юдаізму тэрміну, як «рабі», сустракаецца ў Новым Запавеце, напрыклад Эвангельлі ад Мацьвея, дзе народ крычыць Ісусу «Рабі! Рабі!» (Мацьв. 23:7).
У юдэйскіх талмудысцкіх крыніцах тэрміны рав, рабін, рэбэ, рабі сустракаюцца толькі праз 250—300 гадоў.
Слова мае некалькі значэньняў:
- Паважлівы зварот. «Рэб ід» («спадар габрэй» на ідышы) — зварот у трэцяй асобе — найболей ветлівы зварот у тых, хто гаворыць на ідышы.
- Тытул настаўніка — мэламэда ў іўдзейскай пачатковай школе хедары
- У хасыдызме тытул лідэра хасыдзкай плыні, «двара» або «дынастыі». Кожная хасыдзкая галіна заве свайго лідэра рэбэ: Любавцкі рэбэ, Карлінскі рэбэ, Віжніцкі рэбэ, Гурскі рэбэ і г. д. Самым першым хасыдзкім рэбэ быў фундатар хасыдызму Бааль Шэм Тоў. Адным з самых вядомых рэбэ быў любавіцкі рэбэ Мэнахэм Мэндэль Шнэерсан (1902—1994). Часам хасыдзкага рэбэ завуць таксама адмор або цадзік.
- Рабі — тытул духоўнага старшыні юдэйскай кангрэгацыі ў артадаксальных суполках, а таксама ў кансэрватыўным, рэфармісцкім і рэкаструктывісцкім юдаізьме, а таксама ў месыянскіх габрэяў. У неартадаксальных плынях юдаізму рабі можа быць, як мужчына, так і жанчына, хоць і ў артадаксальным юдаізьме Галаха не забараняе жанчынам вывучаць закон, і ў хасыдызьме былі рэдкія выпадкі прызначэньня жанчын рабінамі.
- Раў (ідыш роў) — юдэйскае навуковае званьне.
- Адмор — скарот іўрыцкіх слоў «адонэну морэну вэ-рабэну» — «наш спадар, настаўнік і рабін» нароўні з рэбэ і цадзік — выкарыстоўваецца як тытул лідэра хасыдзкай плыні «двара».