Перайсьці да зьместу

Даян

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Дая́н (דַּיָן) — судзьдзя.

Слова «даян» сустракаецца ўсяго двойчы ў іўрыцкім тэксьце Бібліі (I Сам. 24:16; Пс. 68:6) у дачыненні да Бога як да Вярхоўнага судзьдзі і аднойчы ў арамейскай частцы кнігі Эзры (7:25), дзе суседнічае як сінонім са словам шафэт, якім звычайна на біблейскім іўрыце і пазначаецца судзьдзя (таксама правіцель; гл. Судзьдзяў Ізраілевых кніга). Арамейскі пераклад Бібліі (Таргум) і Талмуд карыстаюцца выключна тэрмінам «даян». Сёньня даянам завуць чальца рэлігійнага суду (у адрозьненьне ад старшыні, якога называюць ав бэт-дын або рош бэт-дын).

У герархіі супольных пасад у габрэяў Эўропы даян займаў меней важнае месца, чым рабін. Толькі ў Вялікабрытаніі даян як чалец рэлігійнага суду пры галоўным рабіне краіны карыстаецца большай пашанай, чым рабін радавой суполкі. У горскіх габрэяў даян — больш высокае званьне, чым рабі (рабін).

У дзяржаве Ізраіль даян — гэта чалец рабінскага суду, а шафэт — судзьдзя ўсіх астатніх дзяржаўных або грамадзкіх судоў (гл. таксама Бэт-дын).