Перайсьці да зьместу

Агнэс Макфэйл

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Агнэс Кэмпбэл Макфэйл
па-ангельску: Agnes Campbell MacPhail
Агнэс Макфэйл у 1934 годзе.
Агнэс Макфэйл у 1934 годзе.
пасол Палаты грамадаў Канады
1935 — 1940
пасол Палаты грамадаў Канады
1921 — 1935
Асабістыя зьвесткі
Нарадзілася: 24 сакавіка 1890 (134 гады)
Памерла: 13 лютага 1954
Партыя:
Адукацыя:

Áгнэс Макфэйл (англ. Agnes Macphail, 24 сакавіка 1890, графства Грэй, Антарыё, Канада ― 13 лютага 1954, Таронта, Канада) ― канадыйская палітычная дзяячка, пацыфістка і ўдзельніца руху за роўнасьць палоў. Першая жанчына выбраная ў Палату грамадаў Канады ў 1921 годзе[1].

Агнэс Макфэйл нарадзілася ў 1890 годзе ў графстве Грэй (паўднёва-ўсходняе Антарыё) у сям'і фэрмэраў Дугалда Макфэйла і Генрыеты Кэмбэл[1].

Яна выхоўвалася ў мэтадысцкай веры (Аб'яднаная царква Канады), але ў падлеткавым узросьце пад уплывам дзядзькі-місіянэра перайшла ў Рэарганізаваную Царкву Ёзуса Хрыста Сьвятых апошніх дзён. У 1910 годзе яна атрымала атэстат аб адукацыі і лёгка знайшла настаўніцкую пасаду ў вясковых школах Антарыё. Паралельна з настаўніцкай дзейнасьцю яна вядзе салідную палітычную дзейнасьць у рамках United Farmers of Ontario, у прыватнасьці ў рамках ягонага жаночага адзьдзяленьня United Farm Women of Ontario. У той час яна вяла калёнку ў палітычнай газэце Антарыё Farmer's Sun[1].

Дзякуючы папраўкам да Закона аб выбарах, яна змагла балятавацца ад Прагрэсісцкай партыі Канады і ўпершыню ў канадыйскай гісторыі быць абранай жанчынай-дэпутаткай ў парлямэнт - Палату грамадаў ад фэдэральнай акругі Паўднёва-ўсходні Грэй (Антарыё) на фэдэральных выбарах у Канадзе 1921 г. Пераабіралася на выбарах 1925, 1926 і 1930 гадоў[2].

Яна памерла ў лютым 1954 году ад інфаркту, неўзабаве пасьля таго, як яе папрасілі стаць сэнатаркай у Сэнаце Канады[2].

Агнэс Макфэйл была пахаваная ў Прайсьвіле (Антарыё), побач з роднымі. Яна ніколі не была замужам, хоць, паводле некаторых зьвестак, перад Першай сусьветнай вайной была заручаная[2].

Палітычная дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нягледзячы на асьцярогі ў партыі, зьвязаныя з вылучэньнем кандыдаткі-жанчыны, А. Макфэйл выйграла выбары і стала першай жанчынай у Палаце грамадаў Канады. Яна заставалася чаліцай парлямэнту нязьменна з рэгулярным перавыбарам да 1940 году[3].

У парлямэнце А. Макфэйл праявіла сябе як пасьлядоўная абаронца правоў фэрмэраў і змагарка за правы розных прыгнечаных групаў і меншасьцяў, у тым ліку жанчынаў, шахтэраў Новай Шкотыі, імігрантаў і зьняволеных[4].

У рамках барацьбы за правы жанчынаў Макфэйл заснавала Таварыства Элізабэт Фрай, у задачы якога ўваходзіла абарона жанчынаў перад законам. Яна таксама падтрымлівала барацьбу за прадастаўленьне выбарчых правоў жанчынам Квэбэку і пэтыцыю Знакамітай пяцёркі ў Вярхоўны суд Канады, якая скончылася атрыманьнем жанчынамі права засядаць у Сэнаце. А. Макфэйл займала актыўную антываенную пазыцыю, выступаючы супраць асыгнаваньняў на ваенныя патрэбы, ваенныя навучальні (у тым ліку Каралеўскага ваеннага каледжа Канады) і ўслаўленьня ваеннай і імпэрскай гісторыі[4].

Увагу А. Макфэйл да становішча зьняволеных у канадыйскіх турмах упершыню прыцягнуў бунт зьняволеных у Кінгстанскай турме ў 1923 годзе. Пасьля бунту Макфэйл наведала гэтую турму, асабіста азнаёміўшыся з умовамі, у якіх яны адбывалі пакараньне, і з 1925 году разгарнула кампанію па рэфармаваньні сістэмы папраўчых установаў у Канадзе[3].

Яна зьяўлялася да ўсяго ганаровай прэзыдэнткай таронцкага адзьдзяленьня Міжнароднай жаночай лігі за мір і свабоду (LIFPL)[5].

Таксама як журналістка, яна апублікавала шматлікія палітычныя артыкулы ў розных канадыйскіх газэтах, у дадатак да сваёй пастаяннай калёнкі аб сельскай гаспадарцы, якую вяла ў газэце Globe and Mail[3].

Імя Агнэс Макфэйл носіць пачатковая школа ў графстве Грэй. Ейныя бронзавыя бюсты ўстаноўленыя ў памяшканьнях парляменту Канады і Заканадаўчага сходу Антарыё. У 1985 годзе яна была прызнаная асобай нацыянальнага гістарычнага значэньня ў Канадзе. З 1992 году дзень ейнага нараджэньня, 24 сакавіка, афіцыйна аб'яўлены Днём Агнэс Макфэйл у правінцыі Антарыё[6].

У 1990 годзе, да стагодзьдзя Агнэс Макфэйл, паштовая служба Канады выпусьціла памятную паштовую марку. У 2017 годзе, у год 150-годзьдзя Канады, была выпушчаная 10-даляравая купюра з партрэтамі чатырох дзяржаўных дзеячаў, у лік якіх увайшла і А. Макфэйл. Такім чынам, яна стала першай (не лічачы каралевы) жанчынай, чый партрэт зьявіўся на канадыйскіх банкнотах, апярэдзіўшы Віёлу Дэсманд, вядому канадыйскую прадпрымальніцу і змагарку з расавай сэгрэгацыяй[1].

  1. ^ а б в г The Agnes MacPhail Website. Grey Highlands Public Library
  2. ^ а б в Agnes Campbell Macphail Canadian politician
  3. ^ а б в Stewart, Margaret; Shackelton, Doris French (1959). Ask no quarter; a biography of Agnes Macphail. Toronto: Longmans, Green.
  4. ^ а б Pennington, Doris (1989). Agnes Macphail: Reformer. Toronto: Simon & Pierre Publishing Company Ltd. p. 19. ISBN 0-88924-212-7.
  5. ^ Ligue internationale de femmes pour la paix et la liberté (фр.)
  6. ^ "First Woman MP, Miss Macphail Dies". Kitchener-Waterloo Record (Microfilm). Canadian Press. February 15, 1954. p. 5.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Агнэс Макфэйлсховішча мультымэдыйных матэрыялаў