Перайсьці да зьместу

Ўільям Гульд

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ўільям Гульд
І. Стараў(be) (зьлева) і Ў. Гульд (справа) у горадзе Дуброўне Магілёўскай губэрні
Дата нараджэньня 1735[1]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 1812
Месца сьмерці
Занятак садоўніцтва, ляндшафтная архітэктура
Працы Зімні сад, аранжарэі і сад Таўрычаскага палаца ў Санкт-Пецярбурзе, Паркі ў Астраўках на Няве, Асінавым Гаі, Крэменчугу, Хэрсоне, Сімфэропалі, Бахчысараі, Карасубазары, Рэшацілаўцы, Богаяўленску, Екацерынаславе і інш.
Таўрычаскі палац ў Санкт-Пецярбурзе.
«Будынак садоўніка» (будынак Ў. Гульда)

Ўільям Гульд альбо Гулд (па-ангельску: William Gould; 1732, Ормскірк, графства Ланкашыр, Ангельшчына — 1812, Ормскірк, графства Ланкашыр, Ангельшчына) — ляндшафтны архітэктар, майстар-практык і мастак-праектавальнік, садовы майстар апошняй чвэрці XVIII стагодзьдзя.

У розных выданьнях фігуруюць дзьве даты нараджэньня: 1732 і 1735. Такія ж разыходжаньні адносна даты сьмерці майстра: 1812 і 1816. У брытанскай «Энцыкляпэдыі садоўніцтва» 1822 г. Ўільям Гульд пададзены як «пацёмкінскі садоўнік» (Potemkin’s Gardener)[2].

Ўільям Гульд прыехаў у Расею ў 1776 годзе і хутка паступіў на службу да Рыгора Пацёмкіна. У наступныя гады выконваў яго замовы.

Летам 1789 году Гульд аб’ехаў маёнткі Пацёмкіна ў Магілёўскай губэрні і спраектаваў парк у Дуброўне[3]. Восеньню таго ж году ён працаваў у Екацярынаславе (сучаснае Дняпро) ва Ўкраіне. Як сьцьвярджаў гісторык А. А. Скалькоўскі, Пацёмкін вывез у Екацярынаслаў са свайго маёнтку ў Дуброўне, на барках па Дняпры, аранжарэю з 29 садоўнікамі[4].

Пасьля сьмерці Пацёмкіна ў 1791 і Екацярыны II у 1796 г. заставаўся на службе садоўнікам створанага ім Таўрычаскага саду ў Санкт-Пецярбурзе. У 1799 г. Ўільям Гульд выехаў на бацькаўшчыну, але ў 1801 року вярнуўся і прасіў імпэратара Аляксандра I зноў прызначыць яго садоўнікам Таўрычаскага саду[5].

У 1804 г. Гульд зьвярнуўся да Аляксандра I з новай просьбай — надаць яму ва ўласнасьць «вольнае месца насупраць Таўрычаскага палаца» на вуліцы, што ідзе да Смольнага манастыра[6]. Там збудавалі «Будынак садовага майстра», які зьбярогся да нашага часу і застаецца выдатнай памяткай дзейнасьці Ўільяма Гульда ў Санкт-Пецярбурзе.

У 1806 г. ён канчаткова вярнуўся ў Ангельшчыну, дзе й памёр у 1812 (1816) г. на радзіме ў м. Ормскірк.

  1. ^ беларуская Вікіпэдыя (белар.) — 2004.
  2. ^ An Encyclopeadia of Gardening; comprising the theory and practice of horticulture, floriculture, arboriculture, and landscape-gardening… / By J.C. Loudon. — London: Printed for Longman, Hurst, Rees, Orme, and Brown, Paternoster-Row, 1822, p. 58
  3. ^ Белехов Н., Петров А. Иван Старов: Материалы к изучению творчества /Н. Белехов, А. Петров. — М.: Изд-во Академии архитектуры СССР, 1950. — 178 с.
  4. ^ Скальковский А. А. Опыт статистическаго описания Новороссийскаго края / А. А. Скальковский. — Одесса: В тип. Францова и Нитче, 1853. — Ч. II: Хозяйственная статистика Новороссийскаго края. — 552 + ІІІ с., 2 л. табл. Ст. 106
  5. ^ Российский государственный архив древних актов (РГАДА). — Ф. 1239 «Кабинет». Оп. 3, ч. 111. Д. 57749. «Об определении англичанина Виллиама Гулда садовником в Таврический сад. 1801 г.»
  6. ^ Российский государственный архив древних актов (РГАДА). — Ф. 1239 «Кабинет». Оп. 3, ч. 111. — Д. 58327. «По прошению Гульда, садовника Таврического сада, о пожаловании ему в собственность праздного казенного места, лежащего против Таврического дворца. При деле план местности. 1804 г.»