Перайсьці да зьместу

Ізьбішча (археалягічны помнік)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Ізьбішча — археалягічны помнік, складаецца з курганнага могільніку і селішча.

Курганны могільнік X — пачатку XII ст. — на поўдзень ад вёскі Ізьбішча (Лагойскі раён, Менская вобласьць), на беразе ракі Дзьвінаса. Цягнецца паласой (400х80 м) паралельна селішчу, налічваў звыш 120 насыпаў. Вызначана некалькі відаў пахавальнага абраду: крэмацыя, інгумацыя (дамінуючы) з шырокім выкарыстаньнем падкурганных ямаў, кэнатафы. Характарызуецца шырокім выкарыстаньнем агню і вялікай колькасьці камянёў, наяўнасьцю вялікай колькасьці бытавой керамікі ў пахаваньнях, а таксама жалезных сякер ў мужчынскіх пахаваньнях і шкляных пацерак — у жаночых, арыентацыяй значнай колькасьці памерлых галавой на поўнач.

Селішча 2-й чвэрці 1-га тысячагодзьдзя — за 2 км на паўднёвы захад ад вёскі, ва ўрочышчы Калысаўка, 30-50 м ад могільніка, на правым беразе ракі Дзьвінаса. Памеры 300х150 м. Выяўлены рэшткі печаў, выкладзеных з каменю, ачагі, гаспадарчыя ямы, кераміка банцараўскай культуры і культуры доўгіх курганоў паўночнай Беларусі. Найбольшая колькасьць матэрыялаў датуецца X—XI ст. Належала полацкім крывічам.

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Белэн, 1999. — 608 с.: іл. ISBN 985-11-0279-2