Ідзі Амін
Дада Умэ Ідзі Амін | |
па-ангельску: Idi Amin | |
прэзыдэнт Уганды | |
---|---|
1971 — 1979 | |
Папярэднік: | Мілтан Аботэ |
Наступнік: | Юсуфу Люле |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
1920-я Кабока ці Кампала |
Памёр: |
16 жніўня 2003 Джыда |
Партыя: | |
Сужэнец: | Сара К'ёлаба[d] |
Дада Умэ Ідзі Амін (па-ангельску: Idi Amin Dada) (17 траўня 1928[1] — 16 жніўня 2003) — прэзыдэнт Уганды у 1971—1979, заснавальнік аднаго з самых брутальных аўтарытарных рэжымаў у Афрыцы; генэрал, потым фэльдмаршал угандыйскага войска.
У 1946 годзе Амін уступіў у брытанскі каляніяльны полк Каралеўскіх афрыканскіх стралкоў і даслужыўся да годнасьці генэрал-маёра ды галоўнакамандуючага войскам Уганды (проста іншых колькі-небудзь адукаваных людзей на той час у краі не было). Ён прыйшоў да ўлады, узначаліўшы хунту, што скінула Мільтана Аботу ў 1971. Яго кіраваньне адзначалася парушэньнямі правоў чалавека, палітычнымі рэпрэсіямі, этнічнымі перасьледамі, забойствамі без суду і сьледзтва ды гвалтоўным высяленьнем індыйцаў з Уганды. Дакладная колькасьць людзей, забітых у выніку дзейнасьці яго рэжыму, невядомая — яна вагаецца ад 80 да 500 тысячаў.
У 1975 годзе стаў ачольнікам Арганізацыі афрыканскага адзінства, і цягам 1977—1979 гадоў Уганда прызначалася ў Камісію па правах чалавека ААН. Яго рэжым упаў у 1979 годзе пасьля ўгандыйска-танзанійскай вайны, разьвязанай праз спробу Ўганды анэксаваць частку Танзаніі ў 1978 годзе. Амін, выдаючы сябе за мусульманіна, уцёк у Саудаўскую Арабію і жыў там да самай сьмерці ў 2003. Пра Аміна ды яго рэжым зьнята колькі фільмаў, такіх як «Узьлёт ды падзеньне Ідзі Аміна» (1980) ды «Апошні кароль Шатляндыі» (2006).
Кіраваньне Аміна адзначалася праявамі экстрэмісцкага нацыяналізму і трайбалізму. Паводле падлікаў, зробленых пасьля зьвяржэньня Аміна, ахвярамі яго рэпрэсіяў сталіся ад 300 да 500 тысячаў (з 19 мільёнаў) грамадзянаў Уганды.[2]
Поўны тытул Аміна на пасадзе прэзыдэнта гучаў наступным чынам: «Яго Дасканаласьць Пажыцьцёвы Прэзыдэнт, Фэльдмаршал Аль-Гаджы Доктар Ідзі Амін, VC, DSO, MC, Уладар усіх зьвяроў на зямлі і рыбаў у моры, Заваёўнік Брытанскай Імпэрыі ў Афрыцы ўвогуле і Ўганды ў прыватнасьці»
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ідзі Амін — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў