Ігар Рынкевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Рынкевіч.
Ігар Рынкевіч
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 3 красавіка 1968 (51 год)
Горадня, БССР
Партыя: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада)
Дзеці: дачка
Адукацыя: гісторык, юрыст

І́гар Міха́йлавіч Рынке́віч (нарадзіўся 3 красавіка 1968, Горадня) — вядомы беларускі юрыст, адвакат, палітык.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вучоба[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся 3 красавіка 1968 году ў Горадні ў сям’і працоўных-машынабудаўнікоў.

У 1985 годзе скончыў сярэднюю школу №3 з залатым мэдалём.

У 1985 годзе паступіў на гістфак Гарадзенскага дзяржунівэрсытэту. Пасьля першага курсу на працягу двух гадоў праходзіў тэрміновую воінскую службу ў радах Узброеных Сілаў СССР з прысваеньнем званьня сяржанта. З 1988 году працягнуў навучаньне на гістфаке ўнівэрсытэту.

У 1989 г. абраны дэлегатам ад унівэрсытэту на студканфэрэнцыю Беларусі і Ўсесаюзны студэнцкі форум. Удзельнічаў у працы Маскоўскага студэнцкага клюбу, які падтрымаў Міжрэгіянальную групу дэпутатаў ВС СССР.

У плыні III—IV курсаў паводле індывідуальнага пляну навучаньня быў прымацаваны да катэдры сацыялёгіі палітыкі сацыялягічнага факультэту Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, дзе наведваў заняткі на шэрагу факультэтаў і рыхтаваў да абароны дыплёмную працу па тэме: «Роля ценявых карпаратыўных аб’яднаньняў у сыстэме савецкай бюракратыі ў 1953—1991 гг.» У сувязі з распадам СССР і насталай няўзгодненасьцю ў сыстэме адукацыі абарона дыплёмнай працы ў МДУ не была праведзеная.

У 1992 годзе скончыў ГрДУ па спэцыяльнасьці «гісторыя» з прысваеньнем кваліфікацыі «гісторык, выкладчык гісторыі і сацыяльна-палітычных дысцыплінаў» з дыплёмам з адзнакай (сярэдні бал — 5,0).

Працягнуў навучаньне завочна ў ГрДУ і ў чэрвені 1998 году скончыў поўны курс па спэцыяльнасьці «правазнаўства» з прысваеньнем кваліфікацыі «юрыст» з дыплёмам з адзнакай (сярэдні бал — 5,0).

Абараніў дыплёмную працу па тэме: «Праблемы прававога рэгуляваньня дзейнасьці сродкаў масавай інфармацыі ў Рэспубліцы Беларусь». Дадзеная праца была адзначаная на конкурсе студэнцкіх дыплёмных прац. Некаторыя становішчы працы былі апрабаваныя падчас законапраектнай дзейнасьці Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь XIII скліканьня.

Зьяўляўся сушукальнікам навуковай ступені кандыдата юрыдычных навук. Абарона падрыхтаванай дысэртацыі пры цяперашнім кіраўніцтве ў БДУ і ў краіне пакуль не праводзілася.

Кар’ера[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 19921994 гадах працаваў настаўнікам гісторыі, грамадазнаўства ў сярэдніх школах Горадні.

Зь верасьня 1998 году — выкладчык катэдры тэорыі і гісторыі права, затым старэйшы выкладчык катэдры крымінальна-прававых дысцыплінаў прыватнага вну Інстытут кіраваньня і прадпрымальніцтва. Зьяўляўся сушукальнікам навуковай ступені кандыдата юрыдычных навук. Публікаваў навуковыя артыкулы па крымінальна-прававой тэматыцы. У жніўні 2006 году ў пік судовай абароны па крымінальнай справе А. Казуліна кіраўніцтва вну не падоўжыла працоўны кантракт.

Са жніўня 1998 году спачатку — стажор, затым — адвакат Менскай абласной калегіі. Працаваў адвакатам у Менскай абласной юрыдычнай кансультацыі №2 у г. Менску да красавіка 2007 году, але з-за актыўнай і прынцыповай абароны кандыдата ў прэзыдэнты А. Казуліна быў змушаны звольніцца з адвакатуры.

Цяпер працуе юрыстам на прадпрыемстве (юрысконсульт у ТАА «СПАРТАСЭРВІС»).

Грамадзка-палітычная дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Са студэнцкіх гадоў актыўна займаўся грамадзка-палітычнай, праваабарончай дзейнасьцю.

Сустаршыня Клюбу выбарнікаў г. Горадня «Грамадзянская ініцыятыва» (19911994). Каардынатар збору подпісаў у г. Гародня за правядзеньне рэфэрэндуму па датэрміновых выбарах у Вярхоўны Савет (1993).

Адзін з ініцыятараў стварэньня, аўтар статуту Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), чалец Кіраваньня, выканаўчы дырэктар (19951997), нам. дырэктара Цэнтру прававой абароны СМІ пры БАЖ (19971998).

Сябар Беларускага Хэльсынкскага камітэту (БХК), прэс-сакратар БХК (1996).

Супрацоўнічаў з праваабарончай арганізацыяй «Прававая абарона насельніцтва» (20012004). Адзін з ініцыятараў грамадзянскай кампаніі «Беларусь — у Раду Эўропы», стварэньні ў Беларусі Грамадзкай камісіі па рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсіяў (2007).

Сябар партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада (1991), старшыня Цэнтральнай рэвізійнай камісіі партыі (1992—1995), сябар Цэнтральнай Рады і выканкама партыі (1995—1999), прэс-сакратар, галоўны спэцыяліст па арганізацыі выбараў (1995—1997).

Удзельнічаў у стварэньні Сацыял-дэмакратычнага зьвяза і аб’яднаньня БСДГ з ПНС у партыю БСДП «Народная Грамада» (1995). З студзеня 2005 — сябар Цэнтральнай Рады партыі. З сакавіка 2007 гады — нам. старшыні БСДП (Грамада).

У траўні 2007 году на Кангрэсе аб’яднаных дэмакратычных сілаў (АДС) Беларусі абраны сябрам Палітрады АДС і Прэзыдыюма Палітрады АДС.

Быў адвакатам экс-кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна. У 2007 з-за ціску ўлад быў змушаны звольніцца з адвакатуры.

Мае шэраг публікацыяў па прававым рэгуляваньні дзейнасьці СМІ, крымінальна-прававой і праваабарончай тэматыцы, а таксама палітыка-публіцыстычных артыкулаў.

У лютым 2008 году абраны прэтэндэнтам у дэпутаты парлямэнта па адзіным сьпісе ад АДС па Кальварыйскай выбарчай акрузе № 104 г. Менск. У жніўні 2008 году на падставе сабраных подпісаў грамадзян выбарчай акругі быў зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты парлямэнта. Яго даверанымі асобамі былі А. Казулін і А. Мілінкевіч, іншыя грамадзкія дзеячы.

Асабістае жыцьцё[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З канца 1994 году пражывае ў Менску.

Жанаты (жонка — эканаміст-бухгальтар), выхоўвае дачку.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]