Перайсьці да зьместу

Іван Сусанін

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Іва́н Во́сіпавіч Суса́нін (? — 1613) — расейскі нацыянальны герой, селянін зь сяла Дамніно Кастрамскага павету (нар. у сяле Дзеравенькі). Паводле легенды, быў найманы атрадам «палякаў» узімку 1612—1613 гг. у якасьці правадыра ў сяло Дамніно, дзе хаваўся цар Міхаіл Фёдаравіч. Сусанін завёў палякаў у лясы (або балоты), дзе быў імі закатаваны за адмову паказаць правільны шлях.

Як сьцьвярджае легенда, Сусанін завёў у лясы (або балоты) польскія і літоўскія палкі. Па меркаваньні гісторыка А. Дзянікіна, ў гэтым раёне (раёне Кастрамы) ніякіх польскіх войскаў не магло быць. Былі далей, за дзясяткі кілямэтраў, некалькі так званых літоўскіх палкоў, якія ў легендзе аб Сусаніне фігуруюць як «палякі і літоўцы», але часьцей проста «палякі», бо палякамі ў тыя часы любілі называць усіх тых, хто тады ваяваў з Масковіяй. На самай справе калі каго і мог загубіць Сусанін, то толькі ліцьвінаў. А ў дадзеным выпадку ў 1613 годзе найблізкімі да раёну Кастрамы былі два палкі ліцьвінаў — апалчэньні зь Віцебску і Полацку.

Савецкі энцыкляпэдычны слоўнік 1985 году піша: «Сусанін Іван Восіпавіч (? — 1613) — герой вызваленчай барацьбы расейскага народу пачатку XVII ст., селянін Кастрамскага павету. Узімку 1613 завёў атрад польскіх інтэрвэнтаў у непраходнае лясное балота, завошта быў закатаваны». Словазлучэньне «завёў у непраходнае лясное балота» гучыць, па меншай меры, дзіўна, бо справа было ўзімку. Балоты ўзімку ў Кастрамскім павеце зьмёрзлыя паўмятровым пластом лёду. Патануць у іх узімку ніяк нельга. І заблудзіцца таксама немагчыма, бо атрад на сьнегу павінен за сабой пакінуць такую каляіну, што зваротны шлях можна адшукаць без адмысловых высілкаў. Таксама дзіўна словазлучэньне — «завошта быў закатаваны». Паводле легенды, Сусанін адвёў палкі невядома куды, і, паводле міта, больш ніхто ня бачыў ні палкі, ні самога Сусаніна — як і іх рэштак.

У 1960—1980-х гадах стваральнікі энцыкляпэдыі ў СССР разьбіліся на два лягеру — на «лясуноў» і «балотнікаў». Першыя сьцьвярджалі, што Сусанін завёў інтэрвэнтаў у лясы, дзе яны і загінулі. Менавіта так пісаў Савецкі энцыкляпэдычны слоўнік 1964 году: «завёў у непраходную лясную глухмень». Аднак іншыя энцыкляпэдысты сьцьвярджалі, што ніякі такі «непраходнай лясной глухмені» ў раёне Кастрамы няма. Тамака вёскі разьмешчаныя максымум у 10 вёрстах адна ад адной, а таму воінскае падпадзяленьне, да таго ж мелае з сабой запасы правіянта, ніяк ня можа ў такой лесапаласе бясьсьледна зьнікнуць. Гэтыя апанэнты перамаглі, і ўжо ў СЭС 1985 году выданьня даецца іншая вэрсія: «завёў у балоты». Але і яна непраўдзівая, бо энцыкляпэдысты 1964 году сьцьвярджалі: балоты ў Кастраме амаль наскрозь узімку замярзаюць, а таму бессэнсоўна ўзімку кагосьці заводзіць у балоты.

Згуба Сусаніна, карціна XIX стагодзьдзя

Паходжаньне міту аб Сусаніне прасачылі шматлікія расейскія гісторыкі і дасьледнікі, у тым ліку А. Бушкоў у вядомай кнізе «Расея, якой не было». Упершыню «клясычная вэрсія» зьяўляецца ў падручніку Канстантынава (1820 г.): польскія інтэрвэнты выступаюць у паход, каб загубіць юнага цара Міхаіла Фёдаравіча Раманава, але Сусанін, ахвяруючы сабой, заводзіць іх у ледзяны гушчар. Потым гэтая гісторыя атрымлівае творчае разьвіцьцё ў падручніку Кайданова (1834 г.), у працах Устралова і Глінкі і ў «Слоўніку векапомных людзей Расеі», складзеным Бантыш-Каменскім. А яма, дзе нібы да гэтага атуліў Сусанін цара, упершыню ў сьвеце зьявілася ў кнізе князя Казлоўскага «Погляд на гісторыю Кастрамы» толькі ў 1840 г.: «Сусанін павёз Міхаіла ў сваю вёску Вёсачкі і тамака схаваў у яме восеці», завошта потым «цар загадаў перавезьці цела Сусаніна ў Іпацьцеўскі манастыр і пахаваць тамака з гонарам». Тут варта адзначыць відавочныя супярэчнасьці: міт аб Сусаніне аб’ядноўвае дзьве ўзаемавыключальныя вэрсіі: па адной, больш раньняй, Сусанін завёў палякаў у балоты, а таму яго цела невядома дзе знаходзіцца; па другой вэрсіі, Сусанін нікога нікуды не вадзіў, яго забілі прама ў яго жа вёсцы, а цела нібы знаходзіцца ў Іпацьцеўскім манастыры.

Варта адзначыць, што ні ў адным летапісе няма ні словы аб нейкім нават блізка падобным замаху на Міхаіла — ні ў афіцыйных паперах, ні ў прыватных успамінах, ні ў дакумэнтах Царквы. Наадварот, маса дакумэнтаў той эпохі кажуць, што нічога падобнага не адбывалася. Аб замаху польска-літоўскіх салдатаў на жыцьцё Міхаіла, роўна як і аб «подзьвігу Сусаніна», прамаўчаў і Хведар Жэлябускі, адпраўлены ў 1614 годзе паслом у Рэч Паспалітую для падпісаньня мірнай дамовы. Хоць ён самым скрупулёзным чынам пералічыў тамака «ўсякія крыўды, абразы і спусташэньні, прынесеныя Масковіі», аж да самых малаважных інцыдэнтаў. Нарэшце, і сам Іпацьцеўскі манастыр ня ведае аб тым, што ў ім пахаваны Сусанін. Ні радку няма аб гэтым у яго летапісах, якія выдатна захаваліся. Расейскі дасьледнік А. Бушкоў піша: «Гэтак дружнае маўчаньне тлумачыцца проста - нічога гэтага не было. Ні подзьвігу Сусаніна, ні праславутага «замаху на цара», ні пахаваньня героя ў Іпацьцеўскім манастыры». Гісторыкамі неабвержна ўсталявана, што ў 1613 годзе ў прылеглых да Кастрамы раёнах ніякіх «польскіх інтэрвэнтаў» наогул не было. А адзіныя найблізкія палкі Рэчы Паспалітай — гэта харугвы апалчэньня Полацку і Віцебску, якія знаходзіліся куды бліжэй да Масквы, чым да дадзенага раёну, і якія былі зусім не загубленыя кімсьці, а ліцьвіны шчасна вярнуліся ў Літву. Гісторыя літоўскай (беларускай) інтэрвэнцыі ў Расею ня ведае такога факту, каб тамака бясьсьледна ў лясах або балотах зьніклі нейкія літоўскія палкі. Мала таго, калі адбываліся гэтыя мітычныя падзеі, цар знаходзіўся не ў нейкіх вёсках, а ў крэпасьці Іпацьцеўскага манастыру, ахоўнага і яго сьценамі, і вялікім атрадам дваранскай коньніцы. Для захопу цара спатрэбілася бы вялікае войска, якога не было ні зблізку Кастрамы, ні наогул у прыродзе, бо палякі і ліцьвіны сядзелі па зімовых кватэрах, а войны ўзімку не вяліся. Затое блукалі ўсюды ў гэты смутны час розныя разбойнікі.

Існуе толькі адна крыніца, зь якой чэрпалі зьвесткі ўсе наступныя гісторыкі і пісьменьнікі — гэта дараваная грамата цара Міхаіла ад 1619 (7128) году, выдадзеная па просьбе маці цара «селяніну Кастрамскага павета Багдашке Сабініну, мардвіну».

«Як мы Вялікі Гасудар Цар і Вялікі Князь Міхайла Фёдаравіч усея Русі ў мінулым ва 121 годзе былі на Кастраме, і ў тыя часы прыходзілі ў Кастрамскі павет Польскія і Літоўскія людзі, а цесьця яго Багдашкова Івана Сусаніна ў тыя часы Літоўскія людзі адбіралі і яго катавалі вялікімі нямернымі катаваньнямі. А катавалі ў яго, дзе ў тыя часы мы Вялікі Гасудар Цар і Вялікі Князь Міхайла Фёдаравіч усея Русі былі, і ён Іван ведаў пра нас Вялікага Гасудара, дзе мы ў тыя часы былі, трываючы ад тых Польскіх і Літоўскіх людзей нямернымі катаваньні, пра нас Вялікага Гасудара тым Польскім і Літоўскім людзям, дзе мы ў тыя часы былі, не сказаў, і Польскія і Літоўскія людзі замучылі яго да сьмерці»

У грамаце, выдадзенай фіну Сабініну, гаворыцца, што «цесьця Багдашкова, Івана Сусаніна, нібы катавалі польскія і літоўскія людзі аб тым, дзе знаходзіцца юны цар, а той вынес усе катаваньні і не сказаў». У грамаце не гаворыцца ні словаў, што Сусанін кагосьці кудысьці завадзіў і загубіў. Як не гаворыцца і аб тым, што Сусанін у нейкую яму цара схаваў. Сусанін цара наогул ня бачыў, як і цар нават не здагадваўся аб подзьвігу фіна. Аднак гэтая грамата ўсё роўна ўжо дзіўная, бо ўсе і так ведалі, што цар знаходзіцца ў Іпацьцеўскім манастыры. Цікава, што цар і сам ня ведаў, што на яго асобу нібы замахваліся. Гісторыкі лічаць, што проста маці цара была чалавекам чульлівым і адрэагавала на відавочна выдуманую чалабітную мардоўскага селяніна, дзе той пісаў аб тым, што яго цесьць нібы папакутаваў за цара. Што, дарэчы, у той час было цэлай здабычай у насельніцтва — усякімі выдумкамі аб неіснуючых заслугах перад дзяржавай дамагчыся сабе выгод і сысьці ад падаткаў. Чаму палякі і ліцьвіны катавалі аднаго гэтага фінскага селяніна незразумела. Бо і так усім было вядома, што цар у Кастраме, за сьценамі магутнай крэпасьці. Нядзіўна, што пратаірэй вёскі Дамніно Аляксей так і напісаў у запісах: «…Народныя падданьні, якія паслужылі крыніцамі для складаньня аповяду аб Сусаніне». Як лічаць гісторыкі, самая праўдападобная вэрсія такая: узімку 1613 году на вёсачку Дамніно напалі разбойнікі. Летапісы аб такіх сталых налётах пішуць: «…казакі крадуць, падарожнікаў усякіх людзей па дарогах і сялян па вёсках і сёлам б'юць, рабуюць, катуюць, паляць агнём, ламаюць, да сьмерці пабіваюць». Адной з ахвяр рабаўнікоў мабыць як раз і стаў фін-мардвін Іван Сусанін, які жыў на сялібе за мардоўскай вёскай. Аб тым, што катавалі Сусаніна, вядома толькі ад адзінай крыніцы — Багдана Сабініна, які ажаніўся на яго дачцы. А.Бушкоў піша: «Хутчэй за ўсё, празь некалькі гадоў пасьля сьмерці забітага разбойнікамі цесьця хітры Багдан Сабінін сьцяміў, як абгарнуць гэтак цяжкую згубу да сваёй выгады, і зьвярнуўся да вядомай сваім добрым сэрцам маці цара Марфы Іванаўны. Бабулька, не ўдаючыся ў дэталі, расчулілася і ўпрасіла сына вызваліць ад падаткаў сваякоў Сусаніна. Падобных прыкладаў яе дабрыні ў гісторыі нямала».

А вось меркаваньні гісторыкаў XIX стагодзьдзя. Салаўёў лічыў, што Сусаніна замучылі «не палякі і не літоўцы, а казакі або наогул свае расейскія разбойнікі». Ён жа пасьля карпатлівага вывучэньня архіваў давёў, што ніякіх рэгулярных войскаў інтэрвэнтаў у той пэрыяд паблізу ад Кастрамы не было. Н.І. Кастамараў пісаў: «У гісторыі Сусаніна пэўна толькі тое, што гэты селянін быў адной з незьлічоных ахвяр, загінулых ад разбойнікаў, якія блукалі па Расеі ў Смутны час; ці сапраўды ён загінуў за тое, што не жадаў сказаць, дзе знаходзіцца новаабраны цар Міхаіл Фёдаравіч, - застаецца пад сумневам…» З 1862 году, калі была напісаная шырокая праца Кастамарава, прысьвечаная ўяўнасьці «подзьвігу Сусаніна», гэтыя сумневы перайшлі ва ўпэўненасьць — ніякіх новых дакумэнтаў, якія пацьвердзілі бы легенду, не выяўлена. А расейскі гісторык С.І. Багданаў, вучань скептычнай школы Льва Гумілёва, пісаў у кнізе «Расея старая і новая» (Масква, 1991): «Гісторыя з мардвінам Сусаніным тыповая для ўсяго мітычнага шэрагу нацыянальных расейскіх герояў, дзе на самай справе няма расейцаў - а калі хтосьці і расеец, то зусім не ваяваў з ворагамі, а быў саюзнікам ворагаў. Ільля Мурамец - фін, фактычна эстонец з блізкароднаснага эстонцам народа мурама. Аляксандар Неўскі - першы на Русі саюзнік татараў Арды, завошта яго ненавідзелі ўсе рускія князі, лічачы здраднікам Русі. Дзьмітры Данской - саюзнік Тахтамыша, які змагаўся ня супраць Арды, а супраць паўсталага супраць Арды тэмніка Мамая. Кутузаў - нашчадак татарскіх мурзаў, радавіты татарын з Арды. Куды ні капні, усе сьвятыя героі - або не расейцы, або саюзнікі ворага. У гэтым парадаксальнасьць міта: легендарныя героі Расеі былі зусім ня тымі, за каго іх выдаюць сёньня. Яны, хутчэй, былі процілеглыя таму абліччу, якім іх надзяляюць…»

Іван Сусанін намаляваны на помніку М. В. Мікешына «Тысячагодзьдзе Расеі» ў Ноўгарадзе (1862). Узьведзены помнік у яго гонар у Кастраме (1851; аўтар В. І. Дземут-Маліноўскі; разбураны ў 1918; 1967, аўтар М. А. Лавінскі).

Івану Сусаніну і яго подзьвігу прысьвечаныя творы музычнага, выяўленчага і славеснага мастацтва: опэра М. І. Глінкі «Іван Сусанін» («Жыцьцё за цара»), опэра К. А. Кавоса («Іван Сусанін»), дума К. Ф. Рылеева «Іван Сусанін», драма М. А. Палявога «Кастрамскія лясы», карціна М. І. Скоці «Подзьвіг Івана Сусаніна».

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]