Івана Брліч-Мажураніч
Івана Брліч-Мажураніч | |
Ivana Brlić-Mažuranić | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Івана Мажураніч |
Нарадзілася | 18 красавіка 1874[1][2][3][…] |
Памерла | 21 верасьня 1938[1][2][3][…] (64 гады) |
Пахаваная | |
Бацькі | Уладзімір Мажураніч[d] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | празаік |
Гады творчасьці | 1902—1937 |
Мова | харвацкая |
Узнагароды | |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Івана Брліч-Мажураніч (па-харвацку: Ivana Brlić-Mažuranić; 18 красавіка 1874 — 21 верасьня 1938) — харвацкая дзіцячая пісьменьніца.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзілася ў горадзе Агулін, у сям’і Мажураніч, зь якой выйшла шмат літаратараў і грамадзкіх дзеячаў Харватыі. Яе бацька Ўладзімер Мажураніч быў пісьменьнікам, адвакатам і гісторыкам. Яе дзядуля — палітык, паэт і харвацкі бан Іван Мажураніч, бабуля Аляксандра была сястрой харвацкага мовазнаўца грэцкага паходжаньня Дзімітрыі Дэмэтэра.
Яна вучылася прыватна і атрымала выдатную адукацыю, у тым ліку авалодала некалькімі мовамі — яе першыя літаратурныя творы былі напісаныя па-француску.
Разам зь сям’ёй Івана перасялілася з свайго роднага мястэчка Агулін спачатку ў Карлавац, потым у Ястрэбарска, а затым у Загрэб.
У 1892 годзе Івана ўступіла ў шлюб з адвакатам і палітыкам Ватраславам Брлічам і перасялілася ў горад Славонскі Брод ва ўсходняй Харватыі, дзе правяла вялікую частку свайго жыцьця, якую прысьвяціла сваёй сям’і і літаратурнай працы.
Выхаваная ў патрыятычным духу, Івана разам з мужам актыўна займалася грамадзкай дзейнасьцю, накіраванай на харвацкае культурнае і моўнае адраджэньне. Біскуп Ёсіп Юрай Штросмаер узнагародзіў яе залатым мэдалём за процідзеяньне мадзьяронам (мадзьяроны былі паслядоўнікамі партыі, якая падтрымлівала ідэю актыўнага кантакту і супольнай палітычнай будучыні Харватыі і Вугоршчыны).
Памерла ў Загрэбе.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Яшчэ дзяўчынкай Івана Брліч-Мажураніч пісала вершы, эсэ, дзёньнікі, але яе першыя творы не друкаваліся да пачатку XX стагодзьдзя. Зборнік апавяданьняў і песень для дзяцей «Добрыя і дрэнныя» (Valjanі i nevaljanі) выйшаў у 1902 годзе. Навэлы і тэксты, у якасьці дадатку да сэрыі асьветніцкіх артыкулаў пад назовам «Школа і вакацыі» (Škola і praznіcі), выходзілі стала з 1903 году.
Як маці шасьцярых дзяцей, яна валодала здольнасьцю адчуць душу дзіцяці, зразумець чысьціню і наіўнасьць іх сьвету.
Сапраўдная папулярнасьць прыйшла да яе пасьля выхаду ў сьвет раману для дзяцей «Цудоўныя прыгоды і няшчасьці падмайстра Хлапіча» (Čudnovate zgode і nezgode šegrta Hlapіća), які быў выдадзены ў 1913 годзе. Раман з напружаным сюжэтам апавядае аб пошуках бедным чаляднікам Хлапічам дачкі свайго гаспадара, і аб тым, як дабрыня ў рэшце рэшт перамагае няшчасьце.
Вяршыняй яе паэтычнай творчасьці крытыка лічыць зборнік «Апавяданьні з даўніны» (Prіče іz davnіne), які выйшаў у 1916 годзе. Зборнік напісаны на аснове старажытных славянскіх мітаў і праз казку зноўку вяртае ў жыцьцё згублены сьвет паганскіх вераваньняў харватаў. Такія вобразы як Косенка, Рэгач, Стрыбор, Ягленац, Рутвіца, Палунка, Вестка, Пацех, Малік Цінцілініч, Сварожыч, Бесамар увасабляюць вернасьць, каханьне і дабрыню, а таксама баязлівасьць і слабасьць. У яе творах часта можна сустрэць і імкненьне да багацьця або да далёкіх сьветаў, што сымбалізуе чалавечую цягу да праўды і ведаў.
Два разы яна была кандыдатам на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі (1931 і 1938), а ў 1937 годзе стала першай жанчынай — чальцом тады Югаслаўскай, а цяпер Харвацкай акадэміі навук і мастацтваў. Крытыка лічыла яе прозу сынтэзам жыцьцёвага ідэалізму, натуральнасьці выразу і рэдкага гумару. Нягледзячы на тое, што яна пісала для дзяцей, яе высока цанілі шматлікія пісьменьнікі, паэты і літаратурныя гісторыкі.
Выдавецтва «Школска кніга» ў Загрэбе заснавала ў 1971 годзе літаратурную прэмію «Івана Брліч-Мажураніч» для заахвочвання літаратурнай творчасьці для дзяцей і моладзі.
Часта яе завуць харвацкім Андэрсэнам (за віртуознасьць дзіцячага апавядальніка) і харвацкім Толкінам (за пагружэньне ў фантастычны сьвет міталёгіі). Івану Брліч-Мажураніч можна паставіць у адзін шэраг з клясыкамі дзіцячай літаратуры.
Яе творы былі перакладзеныя на амаль усе эўрапейскія мовы.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Ivana Brlic-Mazuranic // filmportal.de — 2005.
- ^ а б Ivana Brlic-Mazuranic // FemBio database (ням.)
- ^ а б Ivana Brlić-Mažuranić // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
- ^ Deutsche Nationalbibliothek Record #119486202 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
- ^ https://www.gradskagroblja.hr/trazilica-pokojnika/15