Утопэнец
Утопэнец (па-чэску: utopenec — даслоўна тапелец) — чэская нацыянальная страва, якая стасуецца галоўным чынам у якасьці закускі да піва або сьпіртных напояў. Страва зьяўляецца марынаванай у воцаце каўбасой.
Для вырабу ўтопэнцаў найлепш карыстацца шпікачкамі — адмысловым відам каўбасак, у якіх выразна заўважныя кавалкі сала (па-чэску: špekáček ад слова špek — сала). Шпікачкі — звычайна ў вялікіх слоіках (5 літраў) заліваюцца марынатам з воцату ды вады з цукрам, сольлю, перцам і ангельскім зельлем. Звычайна каўбаскі праразаюцца пасярэдзіне, а да іх запіхваецца кавалак марынаванага агурка. Шпікачкі звычайна ўкладаюцца на пласт нарэзанай цыбулі, далей такім чынам перакладаюцца пласты цыбулі ды шпікачак, ажно да запаўненьня слоіку. Часам акрамя цыбулі дадаецца салодкі баўгарскі перац, або вострыя чырвоныя перцы (чушка). Такім чынам каўбаскі мусяць прастаяць ля 3 дзён. Паколькі ўтопэнец выкладваецца на талерку беспасярэдне са слоіку, у чэскіх піўных барах ці корчмах (па-чэску: hospoda) слоік зь імі часта стаіць на стойцы. Утопэнец падаецца ў халодным выглядзе, разам з цыбуляй ды перцам, зь якімі быў марынаваны. Гарнірам да ўтопэнца зьяўляецца хлеб.
Утопэнец вырабляецца галоўным чынам самастойна (хатнім спосабам) у харчовых установах ды дамах. Аднак у гандлі ў Чэхіі знаходзіцца колькі гатункаў гатовых утопэнцаў у паўлітровых слоіках, часам таксама меншых плястыкавых апакаваньнях.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Утопэнец — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў