Перайсьці да зьместу

Тапалёва (Берасьце)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Тапалёва — гістарычная мясцовасьць Берасьця, разьмешчаная ў цэнтральнай частцы новапабудаванага гораду на месцы колішняй вёскі ў Берасьцейскім павеце Берасьцейскага ваяводзтва часоў Вялікага Княства Літоўскага, былое прадмесьце сярэднявечнага Берасьця.

Берасьце, вуліца Тапалёвая ў пач. XX ст.

Вёска Тапалёва вядома як прадмесьце Берасьця як мінімум з XVIII ст. Згадка пра гэтую вёску ёсьць у кнізе С. Л. Паеўскага «О церквах Брестской капитулы в начале 2-й половины XVIII в. (1887) пры апісаньні ўніяцкай царквы Сьвятой Тройцы ў Берасьці на вул. Войтавай: «Приходъ свято-Троицкой церкви составляли: Войтовая улица, Завринче, за великимъ мостомъ до мостка малаго жидовскаго, деревни – Ложки, Тришинъ (епископскій фольварокъ), Шпановичи и Тополевъ».[1]

Тапалёва — першая вёска, якая ўвайшла ў склад новага Берасьця, што будаваўся з 1830-х гг. за Кобрыньскім прадмесьцем, за 1,5 км на ўсход ад старога гораду. Вёска Тапалёва трапіла на тэрыторыю, адведзеную пад Кобрыньскі фарштат крэпасьці Берасьце Літоўскае.

Адна з вуліцаў у цэнтры новага Берасьця на месцы вёскі Тапалёва атрымала назву вуліца Тапалёвая. З аднаго боку гэтая вуліца выходзіла на Думскую плошчу, а з другога — на вул. Шашэйная. У міжваенны час вуліца Тапалёвая атрымала новую назву — у гонар габрэйскага пісьменьніка Іцхака Пераца. Пасьля 1939 году і да сёньня вуліца на месцы старажытнага паселішча Тапалёва носіць назву 17 верасьня. У пэрыяд нямецкай акупацыі 1941—1944 яна зноў была перайменаваная ў Тапалёвую[2].

На вуліцы 17 верасьня, у гістарычным цэнтры новага Берасьця, захаваўся ансамбль жылых адна- і двухпавярховых дамоў канца XIX — пачатку XX стагодзьдзяў

Берасьце, скрыжаваньне вуліц Шашэйнай і Тапалёвай (1914).
  1. ^ С. Л. Паевскій. «О церквах Брестской капитулы в начале 2-й половины XVIII в. — Вильна, Виленская Губернская Типографія, 1887. — С. 43.
  2. ^ Iwan Czajczyc. Topolowo // Echa Polesia, 15 сакавіка 2016

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]