Страх
Страх — адмоўнае пачуцьцё, якое ўзьнікае ў выніку пагрозы жыцьцю арганізма, асобе і яе каштоўнасьцям, ідэалам, мэтам і прынцыпам.
Утвораныя пры страху рэакцыі ёсьць стойкімі і захоўваюцца пры разуменьні іх бессэнсоўнасьці. Выхаваньне ўстойлівасьці да страху накіроўваюць на выпрацоўку ўменьня самавалоданьня. Разглядаецца ў якасьці галоўнай крыніцы нэўрозу ў нэафройдызьме[1].
Папярэджаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзеля прадухіленьня страху карысна адмовіцца ад самапрыгнёту за мінуўшчыну і самазагону ў трывогу за тое, што яшчэ не адбылося і можа ня здарыцца. Таксама варта ўмець атрымліваць асалоду ад сустрэчаў зь сябрамі і сузіраньняў прыроды. Сярод іншага, карысна аддаваць перавагу стаўленьню сям'і, сваякоў і сяброў перад грашовай выгадай. Пры гэтым, належыць пазьбягаць стасункаў зь людзьмі, ад размоваў зь якім становіцца горш, бо тыя абуджаюць няўпэўненасьць і штораз скардзяцца на няўдачы. Для падтрыманьня настрою варта чытаць жарты і глядзець камэдыі, а таксама прыбягаць да нацягнутай усьмешкі менавіта пры надыходзе адчаю, каб прагнаць змрочныя думкі. Урэшце, дапамагае адмова ад непасільных абавязкаў і самапрыманьне без патрабаваньня поўнай дасканаласьці[2].
Чыньнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Узьнікненьню страха спрыяюць жаданьне рабіць усё бездакорна правільна і адпавядаць усім агульнапрынятым правілам, а таксама дакучлівае параўнаньне ўласных дасягненьняў з дасягненьнямі іншых людзей. Таксама да страху вядуць патрабаваньні, што супярэчаць магчымасьцям і патрэбам чалавека, празьмерная чуласьць і ўнутраная ўспрымальнасьць. Сярод іншага, чыньнікамі страху служаць непасьлядоўнасьць ва ўказаньнях па выкананьні працы і ў выхаваньні, супярэчлівыя патрабаваньні на працы і ў навучаньні. Урэшце, застрашвае самаўладны спосаб выхаваньня ў сям'і[2].
Мэханізм
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пакутлівую і беспрадметную трывогу падмяняюць на страх, каб пазбавіцца ад неакрэсьленасьці, бо той зьвязаны з дакладнай акалічнасьцю, прадметам і падзеяй. Страх-заменьнік узрушвае, але ўскладняе сьвет ілюзіяў, пакуль застаецца прычына трывогі, якая ўзьдзейнічае прыгнятальна. Працяглы страх-заменьнік з часам пераўтвараецца ў: абрадавыя дзеяньні, аднабаковыя і замкнёныя захапленьні-самамэты, сыход у фантазіі. Пры адсутнасьці захадаў пераадоленьня можа перарасьці ў фобію[2].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Страх // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 15: Следавікі — Трыо. — С. 203. — 552 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0251-2
- ^ а б в Сьвятлана Барысенка. Далоў страхі // Зьвязда : газэта. — 26 лютага 2014. — № 36 (27646). — С. 9. — ISSN 1990-763x.