Нэўроз

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Нэўроз (псыханэўроз, нэўратычны разлад; стар.-грэц. νεῦρον — жыла) — абарачальны нэрвова-душэўны разлад, які ўсьведамляецца хворым і абумоўлены душэўнай шкодай ад ўнутрыасабовай супярэчнасьці і сутыкненьня зь іншым чалавекам. Віды: 1) агульныя («вялікія») — гістэрыя, неадчэпны стан(en) і нэўрастэнія; 2) прыватныя — дэпрэсія, іпахондрыя і фобія; 3) сыстэмныя (у дзяцінстве) — заіканьне, начное нетрыманьне брулёў, цік(en). Праявы: павышаная стамляльнасьць, парушэньне сну і пачуцьцёва-паводзінныя парушэньні; бываюць глухата, параліч і сьлепата[1]. Панятак «нэўроз» увёў у мэдыцыну ў 1776 годзе шатляндзкі лекар Ўільям Калэн(en) (17101790) .

Папярэджаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадухіленьню хваробы спрыяе ўстойлівы расклад працы, адпачынку і харчаваньня. Карысна адмовіцца ад ўжыцьця ўзбуджальных страваў і рэчываў, якія спрыяюць разьвіцьцю залежнасьці (алькаголь, нікатын, кава і шакаляд). Штодзённая разьмінка, што ўлучае бег, прысяданьні, плаваньне і хадзьбу (40 хвілінаў), таксама папярэджвае разьвіцьцё захворваньня. Адмысловае значэньне маюць практыкаваньні глыбокага дыханьня[2]. Сон мае складаць 8 гадзінаў на суткі. Перад сном варта праветрываць пакой, адмовіцца ад спажываньня ежы і праслухоўваньня гучнай музыкі. Штодзённае харчаваньне мае ўлучаць бананы, тлустыя гатункі рыбы і памідоры[3].

Чыньнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Узьнікненьню хваробы спрыяюць канфлікты (зьнешнія ці ўнутраныя), траўмавальныя для псыхікі абставіны і пачуцьцёва-разумовая перанапруга.

Сымптомы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Хвароба выяўляецца праз дрэнны пачуцьцёвы стан, нерашучасьць, праблемы ў дачыненьнях, неадэкватную самаацэнку, супярэчлівасьць каштоўнасьцяў і жаданьняў, зьменлівасьць настрою, раздражняльнасьць, адчай, плаксівасьць, ранімасьць, трывожнасьць, засяроджанасьць на душэўнай траўме, зьніжаную памяць і ўвагу, адчувальнасьць да гучнага шуму, яркага сьвятла і перападаў тэмпэратуры, парушэньне сну і ранішнюю дрымотнасьць.

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Беларусі на нэўрозы прыпадае блізу 80% усіх псыхічных разладаў[4].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Георгі Шанько. Нэўрозы // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2000. — Т. 11. — С. 303. — 560 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0188-5
  2. ^ Ад нэўрозу — рэжым дня // Краіна здароўя. — 23 ліпеня 2014. — № 12 (323). — С. 5.
  3. ^ Вольга Кулінковіч. На нэрвах іграе нэўроз // Зьвязда : газэта. — 10 лістапада 2011. — № 214 (27078). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  4. ^ Надзея Нікалаева. Кожны пяты пацыент паліклінік мае праблемы з псыхічным здароўем // Зьвязда : газэта. — 7 кастрычніка 2009. — № 189 (26547). — С. 5. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]